Як запусціць свой
анлайн курс?

Практычнае кіраўніцтва. Частка 1


У незалежнасці ад індустрыі, у якой вы працуеце і вашага папярэдняга досведу, кожны чалавек здольны запусціць свой паспяховы анлайн курс.

У кожнага з нас ёсць веды і досвед, якія могуць быць запатрабаваны і карысны, а сучасныя тэхналогіі даюць унікальную магчымасць дзяліцца сваёй экспертызай з дзясяткамі, сотнямі і нават тысячамі людзей па ўсім свеце, не выходзячы з дому.

Нават у эпоху бурнага развіцця анлайн адукацыі, калі здаецца, што ўсё ўжо было створана, вы заўжды можаце прапанаваць новы погляд і новы падыход да вывучэння вядомай тэматыкі.

Беларускамоўная і рускамоўная анлайн прасторы ўсё яшчэ могуць быць дапоўнены новымі анлайн адукацыйнымі прадуктамі, якія дадуць вам магчымасць дзяліцца досведам, а вашым кліентам - вывучаць новае.

Як зарабіць на адукацыі не выходзячы з дому?

Ствараем і запускаем уласны адукацыйны бізнес анлайн
У адным з папярэдніх матэрыялаў вы маглі даведацца, як пераўтварыць сваю экспертызу ці хобі ў адукацыйны бізнес анлайн.

Зараз, калі вы атрымалі агульнае ўяўленне аб тым, як стварыць свой анлайн курс, настаў час рашучых дзеянняў!

Перад вамі практычнае кіраўніцтва
"Як запусціць свой анлайн курс?".

У гэтым кіраўніцтве вы знойдзеце ўсю базавую інфармацыю, каб ужо зараз пачаць распрацоўку і запуск уласнага анлайн курса з мінімальнымі затратамі рэсурсаў.

Тут вы зможаце пазнаёміцца са структурнымі элементамі анлайн курсаў, платформамі для правядзення сінхронных і асінхронных заняткаў, парадамі па стварэнню кантэнту і прасоўванню курса.

Таксама вы знойдзеце спасылкі на рэсурсы з больш падрабязнай інфармацыяй па сэрвісах і пытаннях, якія будуць разглядацца.

У гэтай частцы кіраўніцтва мы спынемся на этапе падрыхтоўкі. Далей, вы зможаце даведацца, як распрацаваць структуру і абраць фармат свайго курса.
Крыніца: сэрвіс Canva
Перад тым, як пачаць распрацоўку і запуск вашага курса, неабходна адказаць на пытанне:

Якімі ведамі вы хочаце падзяліцца з будучымі кліентамі?
Якіх вынікаў яны мусяць дасягнуць па заканчэнні курса?

Абапіраючыся на гэтыя пытанні, вы зможаце якасна стварыць канцэпцыю і структуру, а таксама вызначыць лепшы фармат для вашага курса.

З чаго звычайна складаецца анлайн курс?

Звычайна анлайн курс складаецца з модуляў, якія адлюстроўваць адну самастойную тэму. Модулі складаюцца з некалькіх (звычайна 3-7) урокаў.

Пажадана, каб курс таксама змяшчаў:
  • Установачную сустрэчу
    На якой вы распавядзеце пра правілы курса, звернеце ўвагу на тэхнічныя моманты.
  • Прамежкавы кантроль засваення ведаў
    Па меры праходжання модуляў кліенты могуць выконваць заданні / праекты, каб і яны і вы адсочвалі прагрэс і дынаміку навучання.
  • Фінальны ўрок
    Магчымасць вам і кліентам падвесці вынікі, падзяліцца сваімі ўражаннямі ад курса і атрымаць сертыфікаты (калі вы іх прадугледжваеце).

Для распрацоўкі праграмы курса можна скарыстацца алгарытмам:

1
Абазначце галоўныя модулі адукацыйнай праграмы на падставе мэтаў навучання.
2
Сфармулюйце мэту кожнага модулю - чаму мусіць навучыцца кліент па яго заканчэнні.
3
Падзяліце модулі на неабходную колькасць урокаў. Адзін урок мусіць цалкам раскрываць нейкую тэму.
4
Абазначце мэту кожнага ўрока.
5
Вызначыце, у якім фармаце вы будзеце даносіць матэрыял кожнага ўрока для найбольш якаснага засваення.
6
Вырашыце, як вы будзеце правяраць дасягненне мэт навучання.
7
Па жаданні, сплануйце фармат фінальнай атэстацыі.

Працягласць курса

На падставе праграмы будзе магчыма вызначыць працягласць курса. Тут няма залатога правіла. Ёсць мноства прыкладаў паспяховых інтэнсіваў на 1-3 дні і доўгіх курсаў працягласцю да года. Усё залежыць ад тэматыкі і глыбіні яе вывучэння.
Лічыцца, што самыя прыбытковыя курсы маюць
10-25 гадзін навучання ў праграме.
Генеральны дырэктар Coursera таксама заўважае, што больш кароткія курсы даходзіць да канца большая колькасць людзей.

Не здзіўляйцеся і не губляйце матывацыю, калі не ўсе кліенты пройдуць ваш курс да канца.

Звачайна бясплатныя анлайн курсы завяршае 10% кліентаў. Для платных курсаў гэтая лічба - 60%.
Таксама адсотак завяршэння курса расце разам з уцягнутасцю аўтара ў працэс навучання.

Агляд курса

Акрамя праграмы, састаўце агляд курса. Гэты агляд вы зможаце дадаць у апісанне курса на любой анлайн платформе, сайце ці ў сацыяльных сетках, а таксама карыстацца ім падчас курса.

Агляд курса мусіць раскрываць наступныя моманты:

Лагістыка
  • Дні і час урокаў
  • Вашы кантактныя дадзеныя
  • Тэхнічныя патрабаванні да курса (абсталяванне)
  • Дзе шукаць неабходныя матэрыялы і рэсурсы
Змест
  • Спіс модуляў і ўрокаў з мэтамі і асноўнымі задачамі
  • Чаму кліенты навучацца па заканчэнні кожнага модуля і курса цалкам?
Правілы курса
  • Ці можна здаць заданне пасля тэрміну?
  • Якія ўмовы атэстацыі / атрымання сертыфікату?
  • У якіх выпадках можна вярнуць грошы?
  • Што рабіць у выпадку хваробы?
Каляндар курса
  • Спіс урокаў па канкрэтных датах
  • Тэрміны, здачы практычных заняткаў
  • Даты, калі адчыняюцца і зачыняюцца модулі
  • Даты атэстацыі (калі ёсць)
  • Як доўга будуць даступны матэрыялы курса?
Патрабаванні
  • Які папярэдні досвед і веды неабходны для паспяховага праходжання курса? (Пачынаючыя не мусяць трапіць на курс для прафесіяналаў і наадварот)
  • Ці ёсць абмежаванні па ўзросце кліентаў?
  • Якое абсталяванне патрэбна? (Ці абавязкова мець камп'ютар? Ці патрэбны музычны інструмент / спартыўнае абсталяванне / прылады для творчасці? Калі так, ці можна запрасіць у вас кансультацыю па выбары абсталявання?)

Фінальная атэстацыя і сертыфікаты

Пры неабходнасці, загадзя сплануйце фармат фінальнай атэстацыі. Гэта можа быць тэст, фінальны праект ці залік.

Можна завяршыць курс без фінальнай атэстацыі і выдаць сертыфікаты (калі яны прадугледжаны) на падставе наведвання ўрокаў і выканання іншых заданняў курса. Вынікі курса падвядзіце на фінальным уроку.
Крыніца: сэрвіс Canva
Добра, калі па выніках курса кліенты будуць мець магчымасць атрымаць сертыфікат. Сертыфікат можа выдавацца ад вашага імя ці ад імя вашай кампаніі.

Сертыфікат павысіць матывацыю кліентаў, так яны змогуць выкарыстаць яго ў якасці пацверджання сваіх ведаў.

Стварыць сертыфікаты можна з дапамогай сэрвісу Canva, да якога мы звернемся пазней.

Важна загадзя распрацаваць і данесці кліентам умовы атрымання сертыфікату.

Падтрыманне сувязі з кліентамі

Важна да пачатку курса абмеркаваць з кліентамі арганізацыйныя пытанні:

  • Як лепш задаваць пытанні?
  • Што рабіць, калі неабходна на нейкі час адключыцца ад урока?
  • Як адбываецца абмеркаванне? Хто гаворыць і калі?
  • Што рабіць, калі кліента "выкінула" з канферэнцыі?
Падтрымліваць рэгулярную сувязь з кліентамі можна праз чат на адукацыйнай платформе, мэсанджэры ці электронную пошту.
Для планавання сувязі можна скарыстацца наступнай схемай:
  • Уступны ліст. 1-2 тыдні да курса
    Выкажыце сваё захапленне перад пачаткам курса, раскажыце як атрымаць доступ да матэрыялаў курса.
  • Ліст, які запускае курс. 1-2 дні да курса
    Раскажыце кліентам, куды ісці і што рабіць. Дашліце спасылку на праграму курса ці / і яго агляд. Запішыце азнаямленчае відэа.
  • Рэгулярны ліст. Кожны тыдзень
    Падвядзіце вынікі мінулых заняткаў, распавядзіце аб планах на бліжэйшы тыдзень.

    Адкажыце на пытанні, якія паспелі ўзнікнуць.

Вызначэнне фармату курса

Вызначанне фармату курса на ранніх этапах важна для правільнага выбару платформы, інструментаў і стратэгіі прасоўвання курса.

Анлайн курсы могуць праходзіць у сінхроннай (навучанне ў цякучы момант) і асінхроннай (навучанне, калі будзе магчымасць) форме.

Падчас сінхроннага навучання выкладчык тлумачыць тэму і дэманструе адукацыйныя матэрыялы ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай стрымінгавых платформ.

Сінхроннае навучанне дапамагае ўтрымліваць зацікаўленасць навучэнцаў і дае магчымасць для больш актыўнага ўзаемадзеяння з кліентамі.

Падчас асінхроннага навучання адукацыйныя матэрыялы публікуюцца на сайце ці спецыялізаваных платформах. Кліенты маюць магчымасць азнаёміцца з інфармацыяй і выканаць заданні ў любы вольны час.

На падставе досведу экспертаў можна прыйсці да высновы, што найбольш эфектыўным падыходам з’яўляецца камбінацыя сінхроннага і асінхроннага навучання, якая дазваляе выкарыстоўваць моцныя бакі абодвух фарматаў.

Як прыклад, вы можаце запісваць відэа-лекцыі і праводзіць практычныя заняткі ў жывым (сінхронным) фармаце.


Шукайце працяг у наступных публікацыях.


Made on
Tilda