Як зарабіць на адукацыі не выходзячы з дому?

Ствараем і запускаем уласны адукацыйны бізнес анлайн

Адукацыя ўжо даўно выйшла за межы традыцыйных і звыклых нам школ і ўніверсітэтаў. Сёння кожны чалавек мае магчымасць навучыцца чаму заўгодна ў лепшых прафесіяналаў з усяго свету, не ўстаючы з канапы. Дастаткова толькі адчыніць ноўтбук ці смартфон.
Крыніца: сэрвіс Canva
Актыўнае развіццё сучасных тэхналогій, трэнд на адукацыю на працягу ўсяго жыцця і пандэмія прывялі да бурнага росту рынку анлайн адукацыі. Чакаецца, што індустрыя анлайн навучання працягне актыўна развівацца ў бліжэйшыя гады і вырасце да 404 мільярдаў $ да 2025.
Па меркаванні экспертаў выдання Forbes, яшчэ ніколі свет не бачыў больш спрыяльнага часу, каб увайсці на рынак анлайн адукацыі.
У незалежнасці ад індустрыі, у якой вы працуеце і вашага папярэдняга досведу, кожны чалавек здольны запусціць свой паспяховы анлайн курс. У кожнага з нас ёсць веды і досвед, якія могуць быць запатрабаваны і карысны, а сучасныя тэхналогіі даюць унікальную магчымасць дзяліцца сваёй экспертызай з дзясяткамі, сотнямі і нават тысячамі людзей па ўсім свеце, не выходзячы з дому.

Не абавязкова мець прафесійны досвед у бізнесе, IT, ці дызайне, каб запусціць свой паспяховы анлайн курс. Электрыка, будаўніцтва, жывёлагадоўля, мастацтва і рамёслы – любая экспертыза можа знайсці свайго вучня / кліента. І таму ёсць яскравыя прыклады.
Прыклады беларусаў, якія запусцілі свае курсы і адукацыйныя праграмы анлайн
Стварэнне і запуск анлайн курсу - гэта выдатная магчымасць ператварыць хобі ў даходны бізнес, ствараць суполку аднадумцаў, якія будуць падтрымліваць і дапамагаць адзін аднаму развівацца ў незалежнасці ад месца жыхарства.

Валоданне замежнымі мовамі пажаданая, але не абавязковая ўмова, каб стварыць глабальны прадукт. Па ўсім свеце жывуць сотні мільёнаў чалавек з постсавецкіх краін, якія валодаюць беларускай ці рускай мовай і могуць быць зацікаўлены ў дадатковых адукацыйных магчымасцях. Анлайн адукацыя дазваляе вам знайсці сваіх вучняў / кліентаў нават за сотні тысяч кіламетраў ад вас.

Варта заўважыць, што галіна анлайн адукацыі не патрабуе вялікіх першапачатковых укладанняў і нават навыкаў праграмавання.

У матэрыяле па спасылцы ніжэй мы ўжо дзяліліся 20 карыснымі інструментамі, якія дазваляюць запусціць свой анлайн адукацыйны прадукт без адзінага радку коду.
Як запусціць свой лічбавы адукацыйны прадукт без праграмавання?
Такім чынам анлайн адукацыя – гэта рынак з нізкім парогам уваходу, які актыўна развіваецца, дае магчымасць кожнаму знайсці сваю нішу і забяспечыць сябе стабільным заробкам з перспектывай выхаду на пасіўны даход.

З чаго пачаць стварэнне і запуск уласнага анлайн курсу і як быць упэўненым у яго паспяховасці?

Мы сабралі для вас канкрэтныя крокі і парады экспертаў, якія дапамогуць пачаць свой шлях да паспяховага адукацыйнага бізнесу анлайн.
1. Вызначыце сваю нішу і аўдыторыю

Перш за ўсё, неабходна вызначыцца, чаму вы хочаце навучыць сваіх вучняў / кліентаў. Акрамя цікаўнасці і захопленасці тэматыкай адукатар мусіць валодаць неабходнай экспертызай для выкладання курсу.

Важным фактарам з’яўляецца і запатрабаванасць вашай экспертызы на рынку. Па інфармацыі выдання VisualCapitalist за 2017 год 42% пачынаючых прадпрымальнікаў правальваюцца з-за адсутнасці рынку для іх прадукту.

Каб лепш зразумець, што патрэбна вучню / кліенту варта звярнуць увагу на асноўныя прычыны, чаму людзі набываюць анлайн курсы.
Прадказальна, найбольш папулярнымі з’яўляюцца курсы, якія дазваляюць атрымаць новыя кар’ерныя перспектывы. Да такіх тэматык звычайна адносіцца IT-сектар, бізнес навыкі і прадпрымальніцтва, здароўе і фітнес, адукацыя, напісанне тэкстаў, вывучэнне замежных моў, развіццё асабістых (мяккіх) навыкаў і гэтак далей.

Пазбягайце выбару шырокай тэматыкі курса. Лепш пачынаць з больш вузкіх і нішавых тэм, што дапаможа пазбегнуць высокай канкурэнцыі і засяродзіць увагу на стварэнні якаснага адукацыйнага кантэнту па вузкай тэме.

У незалежнасці ад тэматыкі вашага курса, не грунтуйце свае высновы аб запатрабаванасці выключна на ўласных уяўленнях. Складзіце ліст людзей, якім можа быць цікавы ваш курс, вызначыце выклікі і запыты, з якімі сутыкаецца ваша мэтавая аўдыторыя. Правядзіце невялікія інтэрв'ю з 10-15 людзьмі з вашага ліста, выкарыстоўвайце апытанні.
Крыніца: сэрвіс Canva
Не забывайцеся на аналіз канкурэнтаў. Якія тэматыкі курсаў прапаноўваць кампаніі, якія ўжо ёсць на рынку? Якіх агульных прынцыпаў яны прытрымліваюцца? Што вы можаце зрабіць лепш?

Разгледзьце магчымасць запуску перадпродажаў вашага курса. Для гэтага можна праводзіць вэбінары (невялікая лекцыя / майстар-клас на Zoom, Google Meet ці іншай платформе) ці прадаваць курс са зніжкай для бэта-групы (тэставая група). У бэта-групу можна запрасіць сяброў і знаёмых, якія зацікаўлены ў вашым курсе і могуць даць вам магчымасць "затэсціць" яго і атрымаць першыя водгукі.

Такі падыход дапаможа завалодаць даверам аўдыторыі, рэалістычна ацаніць запатрабаванасць вашага прадукту на рынку і сабраць якасную зваротную сувязь.
2. Стварыце кантэнт і структуру курса

Вы вызначыліся з прадуктам, які цікавы вам і патрэбны вучню / кліенту. Зараз неабходна стварыць напаўненне вашага курса.
Абярыце фармат правядзення вашага курса. Анлайн-курсы могуць праходзіць у сінхроннай (навучанне ў цякучы момант) і асінхроннай (навучанне, калі будзе магчымасць) форме.
Падчас сінхроннага навучання выкладчык тлумачыць тэму і дэманструе адукацыйныя матэрыялы ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай такіх стрымінгавых платформ як Zoom, Microsoft Teams, Google Meet і іншыя. Сінхроннае навучанне дапамагае ўтрымліваць зацікаўленасць навучэнцаў і дае магчымасць для больш актыўнага ўзаемадзеяння з вучнямі / кліентамі.

Падчас асінхроннага навучання адукацыйныя матэрыялы публікуюцца на сайце ці спецыялізаваных платформах, такіх як Canvas, Teachable, Kajabi і іншыя. Вучні / кліенты маюць магчымасць азнаёміцца з інфармацыяй і выканаць заданні ў любы вольны час. Асінхроннае навучанне дазваляе кожнаму чалавеку засвойваць матэрыял з улікам уласнага раскладу і хуткасці навучання і з’яўляецца асабліва зручнай формай у сферы прафесійнай адукацыі і адукацыі для дарослых.

Які від навучання працуе лепш? На падставе досведу экспертаў можна прыйсці да высновы, што найбольш эфектыўным падыходам з’яўляецца камбінацыя сінхроннага і асінхроннага навучання, якая дазваляе выкарыстоўваць моцныя бакі абодвух фарматаў.

Крыніца: сэрвіс Canva
Далей вызначыце, з якой колькасці модуляў і ўрокаў будзе складацца ваш курс. Размяркуйце тэарэтычны матэрыял, тэсты і практычныя заданні. Стварыце зразумелую вучню / кліенту “мапу” курса, якая дазволіць вучням / кліентам адразу зразумець яго структуру і мэты.

У агляд курса варта ўключыць наступныя блокі:

  • Лагістыка
    Даты і час урокаў, вашы кантактныя гадзіны, тэхнічныя патрабаванні для навучання, дзе шукаць неабходныя матэрыялы і рэсурсы, кантакты выкладчыка і тэхнічнай падтрымкі
  • Змест
    Спіс мэт курса, агляд таго, чым вучні / кліенты будуць займацца падчас курса і якіх вынікаў дасягнуць, тэмы заняткаў і асноўныя заданні


  • Правілы
    Правілы пры позняй здачы задання, пропуску заняткаў і іншых момантах, якія могуць узняць пытанні, умовы атрымання сертыфікату ці іншага пацверджання завяршэння курса
  • Кошт
    Кошт курса, магчымыя зніжкі, апісанні пакетаў
Загадзя сплануйце, як будзе ажыццяўляцца камунікацыя з вучнямі / кліентамі, праверка заданняў і прадстаўленне зваротнай сувязі. Смела шукайце натхненне на курсах, якія вы ўжо праходзілі, у кнігах, відэа-блогах і артыкулах.
Шмат адукацыйных інструментаў, якія выдатна працуюць і ў афлайн, і ў анлайн навучанні; як у фармальнай, так і ў нефармальнай адукацыі, можна шукаць і ў нашых папярэдніх артыкулах.
ЭФЕКТ ТЭСЦІРАВАННЯ
Чаму нам варта палюбіць кантрольныя работы і як зрабіць праверку ведаў эфектыўнай?
ЯК ЭФЕКТЫЎНА ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ СЛАЙДЫ НА ЎРОКАХ?
Візуальныя сродкі праз прызму навукі пра мозг
ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ У ШКОЛЕ

Як зваротная сувязь уплывае на матывацыю і вынікі вучняў?

Як даваць якасную зваротную сувязь?

Вызначыцеся з коштам вашага курса. Звычайна ў такіх разліках можна адштурхоўвацца ад 2 прынцыпаў: на падставе вашых выдаткаў на стварэнне, запуск і правядзенне курса ці на падставе сярэдняга кошту па рынку.
Варта з самага пачатку ўлічваць абодва паказчыкі, а таксама звяртаць увагу на фінансавыя магчымасці вашай мэтавай аўдыторыі.
3. Выберыце платформу і сплануйце запуск

Ад структуры і характару кантэнту курса будзе залежыць выбар платформы. Зусім не абавязкова пачынаць выкладанне аналайн-курса на спецыялізаваных парталах.

На першых запусках можа цалкам хапіць электроннай пошты, мэсанджэраў, простага лэндзінгу ці бясплатных стрымінгавых сэрвісаў, такіх як Go Zoom, Google Meet, Discord.
Крыніца: сэрвіс Canva
Па меры развіцця курса ў вас заўсёды застаецца магчымасць перайсці на больш функцыянальныя і прыстасаваныя для анлайн навучання бясплатныя, або платныя сэрвісы і платформы, сярод якіх Microsoft Teams, Canvas, Teachable, Kajabi, iSpring Learn і многія іншыя.

Для своечасовага запуску курса неабходным момантам з’яўляецца пастаноўка задач і дэдлайнаў. Адсочваць падрыхтоўку да запуску зручна з дапамогай дыяграм Ганта. Рабіць гэта ў электронным выглядзе можна з дапамогай такіх сэрвісаў, як Trello і Notion.
4. Прадайце курс кліентам

Эфектыўная маркетынгавая стратэгія – абавязковая ўмова поспеху любога анлайн курса. З самага пачатку цікаўцеся ў вучняў / кліентаў, адкуль яны пра вас даведаліся, фіксуйце іх кантактную інфармацыю. База дадзеных кліентаў – галоўны рэсурс любога адукацыйнага бізнесу і ваша асноўная задача – не згубіць ніводнага кліента.
Крыніца: сэрвіс Canva
Карыстайцеся рознымі каналамі прасоўвання: сайтамі-агрэгатарамі курсаў, рэкламай, будуйце моцную прысутнасць у сацыяльных сетках, праводзьце марафоны і вэбінары, удзельнічайце ў канферэнцыях і іншых мерапрыемствах.

Не забывайцеся на ўласныя сувязі. Запрашайце на курс сяброў, знаёмых, сваякоў, суседзяў. Актыўна дзяліцеся інфармацыяй пра свой курс са знаёмымі і ў персанальных сацыяльных сетках.
5.   Падвядзіце вынікі і збярыце зваротную сувязь

Загадзя сплануйце працэс падвядзення вынікаў курса і збору зваротнай сувязі. Падвядзенне вынікаў дапаможа вам ацаніць паспяховасць распрацаванай праграмы і ўдасканаліць яе ў наступны раз. Метрыкі праходжання курса дапамогуць адсочваць поспехі і вам, і вучням /кліентам.
Крыніца: сэрвіс Canva
Зваротная сувязь ад вучняў / кліентаў – гэта не толькі выдатная крыніца ідэй для развіцця, але і цудоўны маркетынгавы інструмент. Менавіта водгукі і рэкамендацыі фарміруюць найбольшы давер да вашага прадукта ў патэнцыйнага карыстальніка.

Прасіце навучэнцаў пакідаць водгукі пра курс на сайце і расказваць пра яго ў сацыяльных сетках. Так вы будзеце крок за крокам фарміраваць давер да вашага прадукту і прыцягваць пастаянных кліентаў.

Анлайн навучанне мае шэраг пераваг у параўнанні з традыцыйным фарматам як для адукатара, так і для навучэнца.

Вучань / кліент атрымоўвае магчымасць убудаваць навучанне ў загружаны працоўны графік, атрымаць якасную адукацыю хутка і за меншыя грошы, вучыцца ў прафесіяналаў з усяго свету і не абмяжоўвацца адукацыйнымі цэнтрамі ў сваім горадзе.

Адукатару анлайн навучанне дазваляе значна знізіць выдаткі на запуск свайго адукацыйнага прадукту, выкарыстоўваць лепшыя тэхналагічныя інструменты ў працэсе навучання і дзяліцца сваімі ведамі і досведам з навучэнцамі ў любых кропках свету.

Гэтыя і не толькі станоўчыя рысы анлайн навучання дазваляюць нам быць упэўненымі, што запыт на такі фармат адукацыі будзе толькі расці.

Сучасны доступ да тэхналогій дазваляе пачаць свой анлайн адукацыйны бізнес не валодаючы вялікай колькасцю рэсурсаў.

Усё, што вам патрэбна, гэта ваша экспертыза, ноўтбук і крыху ўпартасці.

Made on
Tilda