Як запусціць свой
анлайн курс?

Практычнае кіраўніцтва. Частка 6

Сёння мы працягваем размову пра сэрвісы і інструменты, якія дапамогуць напоўніць ваш курс якасным кантэнтам і падрыхтавацца да запуску.

Праца ў Canva

Сэрвіс Canva дазваляе бясплатна анлайн ствараць якасны візуал пад любыя патрэбы. Каб пачаць працу, неабходна стварыць акаўнт у праграме і выбраць неабходны фармат візуалу (пост у Instagram, прэзентацыя, дакумент і гэтак далей).
Таксама сэрвіс дазваляе ствараць агучаныя прэзентацыі.

Рэгістрацыя на сэрвісе адбываецца анлайн. Ёсць мабільная праграма для зручнай працы з мабільнага тэлефона.
Зарэгістравацца можна праз акаўнт Google, акаўнт у сацыяльных сетках ці праз адрас электроннай пошты.

Тарыфы ў Canva

Сэрвісам можна карыстацца бясплатна або набываць падпіску (больш шаблонаў і бясплатных відарысаў, змена памераў дызайну і г.д.). Бясплатных функцый больш, чым дастаткова для камфортнай працы і стварэння якаснага візуалу.
Падрабязней з адрозненнямі тарыфаў можна пазнаёміцца па спасылцы.

Сэрвіс прадстаўляе прасунутую падпіску бясплатна настаўнікам школ і некамерцыйным арганізацыям. Каб атрымаць падпіску неабходна перайсці ў тарыфы і выбраць варыянт для выкладчыкаў.
Сэрвіс прапануе вам даслаць пацвярджэнне вашай пасады настаўніка. Гэта можа быць фотаздымак даведкі з места працы.

Праз 1-3 дні ваша замова будзе апрацавана і вы зможаце карыстацца сэрвісам без абмежаванняў.

Для пачатку працы вы можаце выбраць адзін з мноства шаблонаў у фармаце прэзентацый, публікацый у сацыяльных сетках, плакатаў ці паштовак.
Шаблоны можна змяняць пад вашы запыты (змяніць колеры, тэкст, шрыфт, відарысы, дадаць QR-коды, графікі, вашыя фотаздымкі з сацыяльных сетак).
Агучаныя прэзентацыі ў Canva

Каб стварыць агучаную прэзентацыю выбіраем фармат "Прэзентацыя", выбіраем неабходны шаблон. Калі слайды гатовы, шукаем на правай панэлі пункт "Відэа" і выбіраем варыянт запісаць сябе.
Сэрвіс накіруе вас у студыю відэазапісу, дзе вы зможаце агучыць прэзентацыю, а пасля захаваць яе ў зручным фармаце.
Стварэнне QR-кодаў

Карыснай функцыяй сэрвісу з'яўляецца стварэнне QR-кодаў. У выглядзе такога коду вы можаце дадаваць спасылкі на тэсты і апытанні для кліентаў пад час правядзення ўрокаў. Кліенты могуць сканаваць код з дапамогай камеры тэлефона і пераходзіць па спасылкам.
Код можна дадаць на анонс курса для зручнай рэгістрацыі.

Код можна стварыць абраўшы "QR-коды" на бакавой панэлі і дадаўшы спасылку.

Каб зрабіць асінхроннае відэа больш інтэрактыўным і сачыць за поспехамі кліентаў, можна скарыстацца сэрвісамі, якія дазваляюць убудаваць пытанні адразу ў відэа. Аўтар курса зможа пасля праглядзець адказы кліентаў.

Адным з такіх сэрвісаў з'яўляецца бясплатная праграма Edpuzzle, якая дазваляе дадаваць пытанні да гатовых відэа з бібліятэкі або YouTube ці на вашы ўласныя відэа.
Яшчэ адзін спосаб зрабіць анлайн навучанне больш інтэрактыўным, а таксама сабраць аператыўную зваротную сувязь - выкарыстанне сэрвісу Mentimeter.
Яшчэ адзін спосаб зрабіць анлайн навучанне больш інтэрактыўным, а таксама сабраць аператыўную зваротную сувязь - выкарыстанне сэрвісу Mentimeter.

Для рэгістрацыі на сэрвісе можна выкарыстаць адрас электроннай пошты, Google акаўнт ці акаўнты ў сацыяльных сетках.

Для праходжання апытання рэгістравацца на сэрвісе не трэба!
Пасля рэгістрацыі неабходна будзе выбраць, з якімі мэтамі вы карыстаецеся сэрвісам. Ваш выбар уплывае на кошты тарыфаў, калі вы набываеце падпіску, але гэту інфармацыю можна змяніць пазней.
Тарыфы Mentimeter

Бясплатны сэрвіс дазваляе ствараць абмежаваную колькасць апытанняў стандартнага дызайну. Магчымасць ствараць большую колькасць апытанняў і брэндзіраваць апытанні даюць платныя падпіскі.
Для настаўнікаў і студэнтаў ёсць зніжка 30%.
Пад час стварэння апытанняў вы можаце выбраць адзін з варыянтаў пытанняў, сярод якіх пытанне з варыянтам адказаў, воблака слоў, мапа і інш.
Каб даць кліентам магчымасць прайсці апытанне, вы можаце даслаць ім спасылку ці спецыяльны код, які неабходна ўвесці на сайце.
Бачыць вынікі апытанняў у рэжыме рэальнага часу на сваіх слайдах ці сайце можна ўбудаваўшы іх з дапамогай коду ці спасылкі.

Калі ваш сэрвіс для стварэння слайдаў не падтрымлівае такую функцыю, бачыць вынікі можна па спасылцы адразу ў браўзеры.

Каб дадаць апытанне ў прэзентацыю на Canva, абіраем "Устаўка" на бакавой панэлі дызайну і ўводзім спасылку з Mentimeter.

Стварэнне сайту

Кантэнт вашага курса будзе размешчаны на сэрвісе, які вы абралі для правядзення свайго курса. Анонсы курсаў, інфармацыю пра аўтараў і выкладчыкаў, водгукі і актуальныя кошты будзе зручна размясціць на сайце.

Сайт не абавязкова патрэбны кожнаму курсу, асабліва на старце, але гэта зручны інструмент, які дазваляе размясціць усю актуальную інфармацыю пра ваш курс у адным месцы і выглядаць больш прафесійна.

Стварыць сайт можна бясплатна / за невялікую плату і хутка на канструктары сайтаў, такім як Tilda, з якім вы ўжо паспелі пазнаёміцца.

Сацыяльныя сеткі

97% карыстальнікаў інтэрнэту "сядзяць" у сацыяльных сетках.

Прысутнасць у сацыяльных сетках можа значна павялічыць вядомасць і продажы вашага курса.

Якаснае вядзенне сацыяльных сетак займае час, таму пачынайце не больш чым з 2 сетак адначасова, паступова дадаючы іншыя па меры неабходнасці.

Стварайце асобны прафесійны акаўнт для свайго курса @назвакурса. Рабіце акцэнт на сетках, дзе "сядзіць" ваша мэтавая аўдыторыя. Інфармацыю аб асноўнай аўдыторыі сацыяльнай сеткі можна знайсці ў інтэрнэце.

Шукайце працяг у наступных публікацыях.


Made on
Tilda