10 EdTech трэндаў 2022-2023

Што будзе ўплываць на развіццё адукацыі ў бліжэйшы час?

У папярэднім матэрыяле мы звярнулі ўвагу на галоўныя падзеі, якія адбыліся ў індустрыі EdTech за апошні год, а таксама абмеркавалі перспектывы развіцця рынку адукацыйных тэхналогій у бліжэйшы час.
Што адбывалася ў EdTech у 2022?
Якія вынікі 2022 году і чаго чакаць ад 2023?
Сёння мы падрыхтавалі для вас 10 трэндаў, якія ў бліжэйшы час могуць дазволіць апынуцца на хвалі поспеху ў галіне EdTech, прыўнесці нешта новае ў свой адукацыйны прадукт ці на свае ўрокі.

Мы пабачым, якія трэнды будуць ствараць адукацыйны ландшафт у 2023 годзе і на якія накірункі ў галіне адукацыйных тэхналогій варта звярнуць увагу кожнаму, хто працуе ў індустрыі EdTech ці плануе да яе далучыцца.

  1. Даказальная адукацыя

Даказальная адукацыя – тэрмін, атрымаўшы сваю назву па аналогіі з даказальнай медыцынай. Сутнасць такога падыходу ў арганізацыі працэсу навучання на падставе сучасных навуковых ведаў у галіне нейрабіялогіі, кагнітыўнай псіхалогіі, лінгвістыкі і іншых накірункаў кагнітыўных навук (навукі аб тым, як навучаецца, запамінае і прымае рашэнні мозг чалавека).

Нягледзячы на актыўнае выкарыстанне тэхналогій у працэсе навучання, сам падыход да фармальнай адукацыі не змяняўся прынцыпова на працягу дзесяцігоддзяў. За гэты час сістэмы адукацыі па ўсім свеце накапілі вялікі багаж спрэчных фарматаў і падыходаў. Навучанне ў фармаце лекцый, тэсты і кантрольныя, накіраваныя на запамінанне вялікіх аб’ёмаў інфармацыі, ацэньванне поспехаў з дапамогай адзнак, запамінанне перакладаў слоў пры вывучэнні замежных моў, стандартызаваны падыход да навучання, заняткі, якія цягнуцца 45, 60 ці нават 120 хвілін і шмат іншых канцэптаў выклікаюць пытанні з пункту гледжання таго, што вядома сучаснай навуцы пра навучанне і памяць.

Сёння, не проста даследаванне, а выкарыстанне навуковых ведаў на практыцы, з’яўляецца сапраўдным трэндам у фармальнай і нефармальнай адукацыі, у навучанні анлайн і афлайн. Фармальныя адукацыйныя ўстановы па ўсім свеце, індывідуальныя прадпрымальнікі, рэпетытары і адукацыйныя стартапы імкнуцца грунтавацца на сучасных навуковых ведах пры стварэнні сваіх адукацыйных прадуктаў.
Колькасць запытаў “нейраадукацыя” у інтэрнэце вырасла на 405% за апошнія 10 год. Кожны год з’яўляюцца новыя даследаванні і дадзеныя, якія дазваляюць нам больш поўна разумець, як навучаецца мозг чалавека. Па меры росту адукацыйнай індустрыі, кліенты будуць мець усё больш магчымасцяў выбару сярод шэрагу адукацыйных прадуктаў, што дазволіць аддаваць перавагу больш эфектыўным падыходам да навучання.

Можна з упэўненасцю казаць, што інтарэс да выкарыстання навукова даказаных падыходаў у навучанні будзе толькі расці па меры накаплення навуковых ведаў і росту патрабаванняў да якасці адукацыйных прадуктаў.

Заставацца ў трэндзе адукатарам зараз дазваляюць дзясяткі і сотні адкрытых крыніц, якія дзеляцца інфармацыяй аб апошніх даследаваннях з галіны навукі пра адукацыю.

Калі вы яшчэ не цікавіліся тэматыкай даказальнай адукацыі ці шукаеце больш інфармацыі па гэтым пытанні, звярніцеся да нашых папярэдніх артыкулаў. У кожным з іх вы знойдзеце не толькі актуальную інфармацыю, але і спасылкі на дадатковыя рэсурсы.

Адкрыцці ў галіне кагнітывістыкі будуць падтрымліваць трэнд на індывідуальны падыход у навучанні, які будзе ажыццяўляцца шляхам навучання ў невялікіх групах ці выкарыстання персаналізаваных адукацыйных траекторый і штучнага інтэлекту.

2. Штучны інтэлект (AI)

Выраз “штучны інтэлект” ці “artificial intelligence (AI)” у той ці іншай ступені знаёмы кожнаму, а ў апошні час сацыяльныя сеткі застракацілі партрэтамі, якія ствараюць фотарэдактары на аснове штучнага інтэлекту.

У прыватнасці, праграма Lensa AI апошнім часам пампавалась больш за ўсё карыстальнікамі ў ЗША, Беларусі і многіх іншых краінах свету. Наогул, 8 з топ-100 самых пампаваных за 1-11 снежня былі менавіта мастацкімі АІ-праграмамі.
І трэнд на выкарыстанне штучнага інтэлекту ідзе значна далей публікацый у сацыяльных сетках.
Кіраўнік Google Сундар Пічаі лічыць, што штучны інтэлект будзе мець большы ўплыў на чалавечую цывілізацыю, чым у свой час мелі агонь і электрычнасць.
Прадказальна, што і адукацыя не застанецца ў баку ад гэтага трэнду і што ў хуткім часе мы будзем бачыць усё больш прыкладаў выкарыстання штучнага інтэлекту з адукацыйнымі мэтамі. Ужо сёння штучны інтэлект шырока выкарыстоўваецца для генерацыі адукацыйнага кантэнту, візуалу, генерацыі індывідуальных адукацыйных траекторый.

Бадай сёння AI ужо можа падтрымаць вас на любым з этапаў стварэння ўласнага адукацыйнага прадукту, а яго роля і магчымасці ў бліжэйшы час будуць толькі расці.

AI - гэта зусім не штосьці далёкае і касмічнае. Ужо сёння гэтай тэхналогіяй могуць бясплатна карыстацца рэпетытары, настаўнікі, фрылансеры і вучні па ўсім свеце.

Так праграма TutorAI дазваляе аўтаматычна ствараць цэлыя адукацыйныя курсы з дапамогай штучнага інтэлекту.




У пошук уводзіцца тэма, а штучны інтэлект самастойна збірае і сістэматызуе інфармацыю, стварае модулі, тэсты і дае спасылкі на дадатковыя крыніцы. Выглядае гэта наступным чынам:



Зразумела, такія праграмы пакуль не могуць цалкам замяніць больш класічныя падыходы да навучання, але могуць з’яўляцца эфектыўным дадатковым рэсурсам як для навучэнцаў, так і для адукатараў.

Сэрвіс Quizgecko дазваляе пераўтварыць любы тэкст у тэст, што можа значна сэканоміць час адукатарам і распрацоўшчыкам курсаў. Сэрвіс працуе і з рускай мовай.


Выкарыстоўваюць AI і буйныя EdTech стартапы. Інданезійская платформа CoLearn і адзін з найбольш актыўна растучых EdTech стартапаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, арыентаваны на STEM, выкарыстоўвае штучны інтэлект для арганізацыі імгненнага навучання сваіх студэнтаў на платформе. Праграма дазваляе навучэнцам сфатаграфаваць сваю задачу і атрымаць пакрокавыя відэатлумачэнні, створаныя настаўнікамі з усяго рэгіёну.

Такім чынам, платформа эфектыўна дзейнічае як рэпетытар па патрабаванні і дае студэнтам доступ да лепшых настаўнікаў краіны ў незалежнасці ад месца іх жыхарства.

Такія рашэнні дазваляюць зрабіць якасную адукацыю даступнай для кожнага і асабліва актуальны ў краінах, якія развіваюцца.

Больш прыкладаў таго, як EdTech стартапы могуць выкарыстоўваць штучны інтэлект можна знайсці ў артыкуле:
Three Ways Edtech Platforms Can Use AI To Deliver Effective Learning Experiences
Forbes
Выкарыстанне штучнага інтэлекту адкрывае мноства магчымасцяў і параджае некаторыя апаскі. У адным з апошніх відэа на TED-Ed прафесар Сцюарт Расэл падымае пытанні выкарыстання штучнага інтэлекту ў розных сферах жыцця чалавека. У прыватнасці, Сцюарт абмяркоўвае, як штучны інтэлект у будучыні можа перарваць ланцуг перадачы ведаў паміж пакаленнямі. Паглядзець відэа і даведацца больш можна па спасылцы.
Яшчэ невядома дакладна, які ўплыў акажа штучны інтэлект на адукацыю праз 5-10-50 год. Сёння дакладна можна казаць адно: штучны інтэлект – інструмент, які здольны дапамагчы індывідуальным адукатарам і кампаніям ствараць адукацыйны кантэнт, аўтаматычна ствараць індывідуальныя навучальныя траекторыі і зрабіць якасную адукацыю даступнай для больш шырокага кола насельніцтва.

Мы дакладна будзем назіраць рост ролі штучнага інтэлекту ў адукацыі ў 2023 годзе, што дае нам выдатную магчымасць звяртацца за дапамогай да AI у стварэнні ўласных адукацыйных прадуктаў.

3. VR / AR

Тэхналогіі віртуальнай і даданай рэальнасці ўсё актыўней выкарыстоўваюцца ў адукацыі на ўсіх узроўнях. VR-тэхналогіі ствараюць віртуальную прастору, якая пагружае навучэнцаў у свет якой-небудзь тэмы, дапамагаючы цалкам сканцэнтравацца на яе вывучэнні. AR-тэхналогіі дабудоўваюць ужо існуючае асяроддзе, гэта значыць камбінуюць элементы рэальнага і віртуальнага свету.

Выкарыстанне VR і AR у адукацыі дазваляе праводзіць эксперыменты, якія немагчыма ці небяспечна праводзіць ва ўмовах класа, атрымаць практычны досвед без наяўнасці дарагога абсталявання, цалкам пагрузіцца ў новую тэматыку, кіраваць увагай класа, адаптаваць адукацыйны працэс для навучэнцаў з асобымі патрэбамі і проста зрабіць навучанне больш захапляльным.

На сусветным рынку EdTech ужо ёсць паспяховыя прыклады выкарыстання VR і AR тэхналогій. Сярод іх Oxford Medical Simulation, якая дазваляе будучым медыкам адпрацоўваць свае навыкі ў віртуальнай рэальнасці.
Платформа атрымала 2,1 млн £ на распрацоўку новых праграм і пашырэнне сваёй прысутнасці на рынку ЗША.

Карыстацца праграмай студэнты могуць з дапамогай акуляр даданай рэальнасці ці дома адразу з камп'ютару без выкарыстання дадатковых прылад.
Праграма Wonderscope, якая выкарыстоўвае тэхналогію даданай рэальнасці для навучання дзяцей чытанню і развіцця ў іх цікаўнасці да даследавання свету. І многія іншыя. Праграма працуе з любой прылады Apple і можа з лёгкасцю выкарыстоўвацца бацькамі, настаўнікамі і выхавальнікамі.

Згодна са справаздачай Market Research Future (MRFR), рынак AR і VR у адукацыі будзе расці ў сярэднім на 18,2% у перыяд з 2022 па 2027 год. А Lenovo адзначае, што адукацыя стане 4 па велічыні сектарам выкарыстання тэхналогій даданай рэальнасці да 2025 года і будзе мець аб’ём 700 мільёнаў $.


4. Нананавучанне

У адным з папярэдніх матэрыялаў мы ўжо абмяркоўвалі трэнд на мікранавучанне – фармат падчас якога навучанне займае не больш за 20 хвілін.
Адукацыя будучыні
Працяг
У адукацыі застаецца тэндэнцыя на скарачэнне працягласці навучання і зараз усё часцей гучыць канцэпт нананавучання, яшчэ больш дробных урокаў і адукацыйных матэрыялаў.

Фармат нананавучання можа быць пабудаваны выключна на аснове EdTech і звычайна накіраваны на дасягненне адной адукацыйнай мэты. Эксперты адзначаюць, што мікра- і нананавучанне дазваляюць больш эфектыўна запамінаць матэрыял і таксама робяць магчымым навучанне ва ўмовах зніжанага аб’ёму ўвагі сучаснага чалавека. Такі фармат навучання не зможа цалкам замяніць традыцыйныя, больш доўгія формы атрымання адукацыі, але зараз можна назіраць з’яўленне ўсё большай колькасці праграм, якія прапаноўваюць кароткія адукацыйныя матэрыялы. Напрыклад адзін з найбольш вядомых EdTech стартапаў з беларускімі каранямі EduDo.

Усё часцей прынцып мікра- і нананавучання адаптуюць стваральнікі рознага роду адукацыйных курсаў, што дазваляе іх кліентам убудаваць навучанне нават у самы загружаны працоўны графік. Фармат мікра- і нанаўрокаў звычайна ўяўляе сабой чаргаванне відэа, аўдыа і тэкставага фармату. Вывучэнне аднаго ўроку мусіць займаць не больш за 5 хвілін.

5. Адутэймэнт

Сучасная адукацыя назірае буйную тэндэнцыю да сумяшчэння забаў і навучання. Такі падыход атрымаў асобную назву – адутэймэнт (ад англійскіх education і entertainment). У першую чаргу, зрабіць навучанне больш захапляльным дазваляе гейміфікацыя і гульнявы падыход да навучання.

Мы рабілі асобны матэрыял па такім фармаце ў верасні:
Гейміфікацыя ў адукацыі
Ці можна вучыцца гуляючы?
А на YouTube канале вы знойдзеце інтэрв’ю з заснавальніцай беларускай гульнятэхнічнай трэнінгавай кампаніі ProGameGym Веранікай Зайцавай.
Адутэймент – не новы трэнд у адукацыі, які ўжо паспеў даказаць сваю эфектыўнасць і інтарэс да якога не губляецца. Так, гульнявая платформа для вывучэння праграмавання Roblox мае больш за 100 мільёнаў карыстальнікаў кожны месяц. Досвед правядзенне 2 EdTech хакатонаў дазволіў таксама зразумець, што інтарэс да адэтэйменту і гейміфікацыі ёсць і ў Беларусі.

Па дадзеных The Business Research Company, даходы, атрыманыя ад рынку адутэймэнту, вырастуць да 9,82 млрд $ да 2026 года пры сярэднегадавым тэмпе росту 15,9%.

6. Гібрыднае навучанне і аднаўлённыя адукацыйныя прасторы

Эксперты і венчурныя інвестары ў свежым матэрыяле Business Insider прадказваюць рост папулярнасці гібрыднага навучання ў 2023 годзе. Анлайн навучанне дазваляла працягваць працаваць адукацыйнаму сектару ў час пандэміі. Зараз, па меры таго, як свет вярнуўся да нармалёвага ладу жыцця, эксперты прагназуюць росквіт гібрыднага навучання, якое сумяшчае ўсе лепшыя бакі анлайн і афлайн фарматаў.

Многія адукацыйныя кампаніі і праекты паспелі пабудаваць стратэгіі свайго развіцця цалкам на анлайн навучанні. Сёння чакаецца значнае зніжэнне папулярнасці анлайн адукацыйных праграм на карысць гібрыднаму падыходу. Інвестары раяць EdTech сектару задумацца аб тым, каб дадаць афлайн кампанент да сваіх прадуктаў. Менавіта такую тэндэнцыю можна было апошнім часам назіраць на азіяцкім EdTech рынку, а зараз да трэнду пачала далучацца і Еўропа. Прыклады можна знайсці ў папярэднім артыкуле.

Разам з тэндэнцыяй да аб’яднання можна чакаць калабарацый анлайн і афлайн адукацыйных кампаній, а таксама зацікаўленасць існуючых кампаній у пераходзе да гібрыднага фармату.
Гэты трэнд можа стаць выдатнай магчымасцю для маладых стартапаў прапанаваць тэхналагічныя рашэнні буйным афлайн школам, якія могуць быць зацікаўлены ў мадэрнізацыі сваіх паслуг.

Пераход да гібрыднага навучання і актыўнае выкарыстанне тэхналогій у адукацыі сфарміруе запыт на аднаўленне адукацыйных прастор.
Хуткае развіццё EdTech дае бясконцыя магчымасці для навучання, і для яго падтрымкі многія навучальныя прасторы мусяць быць перапрацаваны. Надышоў час думаць нестандартна і стварыць у традыцыйных класных пакоях прастору, якая будзе дазваляць эфектыўна карыстацца сучаснымі тэхналагічнымі распрацоўкамі і будзе натхняць на навучанне і з’яўляцца інклюзіўнай.


Крыніца: Exploding Topics
Апошнім часам набірае папулярнасць стварэнне спецыялізаваных прастор для творчасці, дзе навучэнцы могуць уласнымі рукамі ствараць розныя рэчы і адпрацоўваць практычныя навыкі. На гэтым фоне ёсць запыт на тэхналагічныя рашэнні для абсталявання такіх прастор. Напрыклад канструктараў, якія распрацоўвае кампанія littleBits:

Па меры перагляду ідэі аб тым, як мусіць выглядаць адукацыйная прастора, у свеце будзе расці запыт на стварэнне адпаведнага абсталявання, а таксама на спецыялістаў і кампаніі, якія будуць здольны стварыць дызайн такой прасторы.

7. Нішавая адукацыя

Наступным трэндам, які будзе мець уплыў на развіццё індустрыі адукацыі ў бліжэйшы час з’яўляецца нішавая адукацыя і павелічэнне колькасці адукацыйных прадуктаў ад індывідуальных прадпрымальнікаў і выкладчыкаў.

Адукацыйныя анлайн платформы, якія прапаноўваюць шырокія шэрагі разнастайных курсаў добра падыходзяць для таго, каб пачаць вывучэнне пэўнай тэматыкі, але звычайна не прапаноўваюць дастатковы выбар курсаў прасунутага ўзроўню. Такім чынам будзе з’яўляцца ўсё больш нішавых платформ і курсаў, якія прапануюць глыбокае вывучэнне вузкай тэматыкі для абмежаванага кола карыстальнікаў.

Буйныя карпарацыі не маюць магчымасцей закрыць патрэбы кліентаў у вузка-тэматычным навучанні, таму паступова будзе ўзрастаць запыт на адукацыйныя прадукты ад індывідуальных спецыялістаў і фрылансераў.

Мноства спецыялізаваных платформ, такіх як iSpring, Kajaby, Canvas, Moodle і Teachable зрабілі працэс запуску ўласнага анлайн курсу простым, зразумелым і даступным адукатарам без навыкаў праграмавання. Платформа Teachable адзначыла, што яе карыстальнікі ўжо зарабілі больш за 500 мільёнаў $ і гэта толькі пачатак трэнду на запуск уласных анлайн курсаў.


Запыт на самыя вузкія тэматыкі курсаў і іншых адукацыйных прадуктаў робіць такі фармат працы даступным для спецыялістаў з любой індустрыі.

З дапамогай практычнага кіраўніцтва па запуску ўласнага анлайн курса з мінімальнымі затратамі рэсурсаў у вас ёсць магчымасць ужо ў наступным годзе пачаць дзяліцца прафесійным досведам і зарабляць на сваёй экспертызе.

Як запусціць свой анлайн курс?

Практычнае кіраўніцтва

8. Тэхналогіі блокчэйну

Блокчэйн у адукацыі – гэта лічбавы доказ майстэрства і прафесіяналізму, які можа праверыць любы зацікаўлены чалавек ці кампанія. На падставе такой тэхналогіі можна пабудаваць шматлікія працэсы, неабходныя ў EdTech.

Некаторыя адукацыйныя анлайн-платформы ўжо выдаюць дыпломы за праходжанне адукацыйных курсаў, а таксама карыстаюцца тэхналогіяй блокчэйну для апрацоўкі персанальных дадзеных кліентаў.

Выкарыстанне тэхналогій блокчэйну ў адукацыі дазваляе бяспечна захоўваць інфармацыю пра тое, якія курсы чытаў выкладчык і якія адзнакі атрымалі навучэнцы. Таксама магчыма адсочванне ўсёй адукацыйнай траекторыі чалавека. Тэхналогія можа выкарыстоўвацца для захавання інфармацыі аб пройдзеных курсах, верыфікацыі дыпломаў і сертыфікатаў.

Прыкладам выкарыстання тэхналогіі блокчэйну ў адукацыі можа быць амерыканскі EdTech стартап Gilgamesh заснаваны ў 2022 годзе. Gilgamesh – гэта платформа для абмену ведамі, заснаваная на смарт-кантрактах Ethereum. На сайце чытачы, студэнты і аўтары могуць збірацца разам, каб абмеркаваць кнігі ці іншыя творы. За ўдзел у абмеркаваннях карыстальнікі ўзнагароджваюцца токенам GIL – іншымі словамі, атрымоўваюць падзяку за ўзаемадзеянне з кантэнтам шляхам абмену, абмеркавання і напісання каментароў. Пасля, токены можна выкарыстоўваць для пакупкі іншых адукацыйных рэсурсаў, такіх як электронныя кнігі.


Блокчэйн застанецца адной з тэндэнцый у індустрыі адукацыйных тэхналогій у 2023 годзе. Паводле справаздачы Grand View Research, сусветны рынак тэхналогій блокчейну дасягнуў 5, 92 млрд $ у 2021 годзе і, як чакаецца, будзе расці ў сярэднім на 85,9% у перыяд з 2022 па 2030 год.

Крыніца: HolonIQ

Рост ролі ў адукацыі такіх тэхналогій, як блокчэйн, штучны інтэлект, VR і AR, а таксама робататэхнікі, адзначаюць і спецыялісты агенцтва HolonIQ.

9. Запыт на сучасныя кампетэнцыі


Вялікая канкурэнцыя на сучасным рынку працы вымушаюць студэнтаў і прафесіяналаў сур'ёзна падыходзіць да выбару адукацыйных магчымасцяў. Працадаўцы чакаюць ад будучых супрацоўнікаў валодання навыкамі і ведамі, неабходнымі для паспяховай працы, а супрацоўнікі ўсё больш крытычна ацэньваюць акупнасць сваёй адукацыі.

Ва ўмовах высокай канкурэнцыі па ўсім свеце расце запыт на атрыманне сучасных кампетэнцый, якія будуць гарантаваць працоўнае месца.

У траўні 2022 года ў Вялікабрытаніі стварылі Падраздзяленне навыкаў будучыні
(Unit for Future Skills, UFS). Спецыялісты падраздзялення падрыхтавалі справаздачу аб тым, якія навыкі запатрабаваны на рынку працы сёння і якія кампетэнцыі будуць актуальны ў будучыні.

Сёння кожны чалавек, які працуе ў любым сектары эканомікі мусіць мець:
  • Камунікатыўныя навыкі
    Вусныя і пісьмовыя дзелавыя зносіны.
  • Навыкі працы з людзьмі
    Стварэнне кантактаў, ментарскія кампетэнцыі.
  • Лічбавыя навыкі і навыкі апрацоўкі дадзеных
    Апрацоўка і аналіз інфармацыі, навык прыняцця рашэнняў.
  • Навыкі, звязаныя з псіхалагічнымі працэсамі
    Творчае мысленне, цікаўнасць, навык рэфлексіі.
  • Навыкі ўжывання ведаў
    Крытычнае, індуктыўнае і дэдуктыўнае мысленне,
    навык сістэматызацыі інфармацыі.

Пры гэтым для працы ў сферах дзейнасці з найбольшым недахопам кадраў таксама неабходна мець:

  • STEM-веды. Веды ў сферы навук, тэхналогій, інжынерыі і матэматыкі.
  • Выдатныя тэхнічныя навыкі
  • Навыкі пераключэння ўвагі, хуткага ўспрымання інфармацыі і яе візуалізацыі.
У будучыні будуць найбольш запатрабаваны:
  • STEM-веды
  • Здольнасць развівацца, навучацца новаму і выступаць у ролі настаўніка / ментара
  • Навыкі працы з людзьмі: вядзенне перамоў, перакананне, вырашэнне канфліктаў
  • Крытычнае і творчае мысленне, навык прыняцця рашэнняў
Адначасова з гэтым, згодна з дадзенымі прадстаўленымі ў справаздачы буйнейшага правайдэру адукацыйных анлайн-курсаў Coursera, набор найбольш запатрабаваных кампетэнцый залежыць ад узроўню эканамічнага развіцця краіны.

Так, людзі ў краінах, якія развіваюцца дэманструюць адносна высокі ўзровень валодання бізнес-кампетэнцыямі, але недастатковыя веды ў вобласці тэхналогій і тэорыі аналізу і апрацоўкі дадзеных. Яны часцей імкнуцца атрымаць лічбавыя навыкі, напрыклад, па аўдыту, мабільнай распрацоўцы, геавізуалізацыі.

У эканамічна развітых краінах больш запатрабаваны курсы па навыках працы з людзьмі.

Дадзеныя апытанняў праведзеных на LinkedIn таксама адзначаюць высокую ролю гнуткіх навыкаў (soft skills).

Крыніца: Exploding Topics
Больш за 90% HR-спецыялістаў адзначаюць, што soft skills важны ў той жа ступені, ці нават больш, чым тэхнічныя кампетэнцыі, пры выбары кандыдата.

10. Даступнасць якаснай адукацыі


Няроўнасць і недастатковая якасць адукацыі - усё яшчэ вельмі распаўсюджаная праблема. Па дадзеным UNESCO 60% дзяцей да 15 год не валодаюць мінімальна дастатковымі навыкамі матэматыкі і чытання. Пандэмія толькі пагоршыла праблемы ў адукацыі.

На сённяшні дзень толькі 60% насельніцтва планеты мае доступ да інтэрнэту. Такім чынам выкарыстанне тэхналогій у адукацыі робіць якаснае навучанне даступным для большага кола людзей у незалежнасці ад месца іх жыхарства, але ўсё яшчэ не дасягае значнага пласту насельніцтва.

Даступнасць якаснай адукацыі для кожнага - адна з мэт устойлівага развіцця ААН і буйны трэнд у адукацыі. З'яўляецца ўсё больш бясплатных ці танных адукацыйных рэсурсаў і праграм, афлайн навучальныя ўстановы і EdTech кампаніі імкнуцца прытрымлівацца прынцыпу DEI (Diversity, Equity, and Inclusion). Што ў перакладзе азначае разнастайнасць, роўнасці і інклюзія.

Адукацыйны сектар прыкладае намаганні ў стварэнні даступнага афлайн і анлайн асяроддзя для навучання. Паступова якасная адукацыя будзе станавіцца даступнай для людзей рознага ўзросту, полу, стану здароўя і сацыяльна-эканамічнага становішча.

Інклюзіўная адукацыя

Як зрабіць веды даступнымі для кожнага?

Гэтыя 10 трэндаў будуць аказваць найбольшы ўплыў на індустрыю адукацыі ў бліжэйшы час. Сёння адукацыя – гэта менавіта той накірунак, які абяцае велізарныя магчымасці для росту, а разуменне сучасных трэндаў дапамагае павялічыць шанцы на поспех у стварэнні і развіцці сваіх адукацыйных прадуктаў.

Памятайце, што ў незалежнасці ад сферы вашай прафесійнай дзейнасці і досведу, у кожнага сёння ёсць магчымасць сустрэць наступны новы год з паспяховым адукацыйным праектам у прафесійным партфоліа.

Made on
Tilda