Эфект тэсціравання

Чаму нам варта палюбіць кантрольныя работы і як зрабіць праверку ведаў эфектыўнай?

Кантрольныя і самастойныя работы, тэсты, тэматычныя кантролі і апытанні ніколі не карысталіся асаблівай папулярнасцю сярод вучняў. Да і многія настаўнікі, шчыра кажучы, не ставяцца да іх з вялікай любоўю. Для вучняў праверка ведаў – крыніца пастаяннага стрэсу. Для настаўнікаў праверка сшыткаў – дадатковыя некалькі гадзін працы на тыдзень.
Нягледзячы на гэта, сістэмы адукацыі ва ўсім свеце не імкнуцца пазбаўляцца ад абавязковых рэгулярных праверак ведаў. І, згодна з даследаваннямі, не дарма!
Чаму і настаўнікам, і вучням варта палюбіць тэсціраванне і як атрымаць максімум карысці ад гэтага інструменту?

Пра гэта пойдзе гаворка далей.

Што такое эфект тэсціравання?

У нашай сістэме адукацыі праверка ведаў часцей за ўсё робіцца з нагодай ацэнкі вынікаў вучняў. На пытанне “У чым карысць праверкі ведаў?” найбольш відавочным адказам падаецца неабходнасць падрыхтоўкі да тэсту. Фразу “Каб не расслабляліся” можна даволі часта пачуць ад настаўнікаў перад чарговай самастойнай работай.

Як не дзіўна, але неабходнасць падрыхтоўкі і спробы вучняў паўтараць матэрыял, каб не атрымаць дрэнную адзнаку толькі ўскосным чынам уплываюць на карысць рэгулярнай праверкі ведаў. Насамрэч сам працэс напісання тэсту дазваляе нашмат лепш запомніць інфармацыю, чым падрыхтоўка да яго.

Пазітыўны ўплыў праверкі ведаў на доўгатэрміновае захаванне інфармацыі ў памяці называецца эфект тэсціравання. Гэты феномен быў не аднойчы пацверджаны шматлікімі эксперыментамі.
Так у знакамітым даследаванні Рэдзігера і Карпіке, праведзеным у 2006 годзе, навукоўцы прапанавалі тром эксперыментальным групам вывучыць тэкст з вялікай колькасцю фактаў пра марскіх выдраў. Першая група чытала тэкст з перапынкамі чатыры разы, другая група прачытала тэкст тры разы і напісала тэст па вывучаным матэрыяле, апошняя група чытала тэкст адзін раз пасля чаго напісала тры тэсты.
Праз 5 хвілін і праз тыдзень праводзілася праверка ведаў падыспытных. Праз 5 хвілін найлепшыя вынікі прадэманстравала група, якая прачытала тэкст 4 разы. На 5% горш былі вынікі групы, якая пісала адзін тэст і прыблізна на 10% менш інфармацыі ўспомніла група, якая пісала тры тэсты.

Але ўжо праз тыдзень сітуацыя кардынальным чынам змянілася. Горш за ўсіх сябе праявіла група, якая чытала тэкст чатыры разы. Вынікі групы, якая напісала адзін тэст былі на 16% лепш, а група, якая пісала тры разы мела на 21% лепшыя вынікі.
Такім чынам, нягледзячы на тое, што паўторнае вывучэнне матэрыялу дае лепшыя вынікі адразу пасля навучання і падаецца больш рацыянальным спосабам запомніць інфармацыю, менавіта напісанне тэсту па пройдзеным матэрыяле дае лепшыя вынікі ў доўгачасовай перспектыве.
Дзясяткі даследаванняў для груп ад вучняў пачатковай школы да студэнтаў універсітэтаў прыходзяць да аналагічных высноў. Вучні, якія пасля вывучэння матэрыялу выконваюць тэст, дэманструюць на 10-40% вышэйшыя вынікі, чым вучні, якія замест тэсту вывучалі інфармацыю дадаткова.

Атрымоўваецца, што паўторная вывучэнне матэрыялу – значна менш эфектыўная стратэгія, чым праверка ведаў. Не што іншае, як тэсціраванне дазваляе заўховаць інфармацыю на больш доўгі час і фарміраваць грунтоўныя, трывалыя веды.

Тэсціраванне дапамагае запомніць тое, што вы не вучылі

Мы прыйшлі да высновы, што праверка ведаў дапамагае захаваць у доўгатэрміновай памяці вывучаны матэрыял. Але ж на гэтым сюрпрызы не заканчваюцца.

Дадзеныя эксперыментаў дэманструюць, што тэсціраванне таксама можа дапамагчы запомніць інфармацыю, якую вы яшчэ не вывучалі.
У даследаванні, праведзеным Лацім'е і Рыгертам у 2019 годзе, навукоўцы параўналі эфект ад тэсціравання, якое адбываецца да і пасля навучання. Першая група падыспытных выконвала тэст, пасля чаго яны маглі пазнаёміцца з матэрыялам па тэме тэсту. Другая група выконвала такі ж самы тэст пасля вывучэння матэрыялу. Кантрольная група цалкам прачытвала матэрыял два разы.
Праз тыдзень кожная з груп выконвала фінальны тэст па вывучанай інфармацыі.

Група, якая вывучала матэрыял два разы выканала 46% заданняў. На 4% лепш прадэманстравала сабе група, якая выконвала папярэдняе тэсціраванне. Найлепшыя вынікі мела група, якая выконвала тэст пасля вывучэння інфармацыі. Гэтая група выканала заданні на 10% лепш, чым група, якая вывучала матэрыял двойчы.
Такім чынам, нават тэсціраванне па матэрыяле без папярэдняга вывучэнне спрыяе запамінанню.
Такі эфект можна растлумачыць двума фактарамі.

Па-першае, папярэдняе тэсціраванне дазваляе стварыць у памяці вучня схему, якая будзе запаўняцца новай інфармацыяй пад час навучання. Менавіта ў выглядзе схем адбываецца больш эфектыўнае захоўванне доўгатэрміновых ведаў.
Другі момант, які робіць папярэдняе тэсціраванне эфектыўным носіць назву праймінг.

Праймінг – гэта працэс актывацыі існуючых ведаў пад уздзеяннем стымулу. Так, напрыклад, вам будзе значна прасцей успомніць факты пра буслоў, калі вы толькі што абмяркоўвалі птушак са сваім суразмоўцам. Прыблізна тое самае адбываецца пры папярэднім тэсціраванні. Пытанні тэсту нібыта ўключаюць веды, якія маюць дачыненне да тэматыкі тэсту і спрыяюць захаванню новай інфармацыі на гэтым падмурку.
Тэсціраванне паляпшае метасвядомасць

Акрамя безумоўнай карысці выкарыстання тэсціравання для паляпшэння памяці, праверка ведаў таксама развівае здольнасць вучняў да метасвядомасці – здольнасці, якая адлюстроўвае магчымасць чалавека даць аб’ектыўную ацэнку свайму мысленню.

У межах тэсціравання метасвядомасць будзе зводзіцца да таго, на колькі дакладна вучні могуць прадказаць, што яны ведаюць, а што не. Аб’ектыўнае разуменне сваіх уласных ведаў дазваляе вучням засвойваць больш складаны матэрыял і робіць увесь працэс навучанне больш эфектыўным.
Ацэнка ўздзеяння эфекту тэсціравання на метасвядомасць была прааналізавана ва ўжо вядомым нам эксперыменце Рэдзігера і Карпіке.

Пасля правядзення першай праверкі ведаў (праз 5 хвілін пасля эксперыменту) падыспытных папрасілі ацаніць, на колькі паспяхова яны змогуць выканаць тэсціраванне праз тыдзень па шкале ад “1 – не вельмі добра” да “7 – выдатна”.

Група, якая перачытвала інфармацыю 4 разы былі значна больш упэўнены ва ўласных сілах, чым групы тэсціравання, нават пры тым, што вынікі эксперыменту пацвердзілі нізкую эфектыўнасць іх стратэгіі навучання.
Пад час перачытвання вучэбнага матэрыялу вучні часта блытаюць знаёмства і валоданне інфармацыяй. Адчуванне знаёмства з тэкстам прыводзіць да неабгрунтаванай упэўненасці ва ўласных ведах і не дае вучню магчымасць ацаніць свае магчымасці аб’ектыўна. У выніку вучні не ўдзяляюць вывучэнню матэрыялу дастаткова часу і схіляюцца да менш эфектыўных стратэгій навучання.

Праверка ведаў дазваляе справіцца з гэтай праблемай. Тэсціраванне не толькі дае вучням больш дакладнае ўяўленне аб іх ведах, але і дапамагае вызначыць зоны росту.

Тэсціраванне дапамагае выкарыстоўваць веды на практыцы

Рэгулярнае тэсціраванне безумоўна дапамагае вучням дэманстраваць лепшыя вынікі на рознага роду фінальных тэстах і экзаменах. Але, нягледзячы на гэта, асноўнай мэтай навучання з’яўляцца не столькі сдача іспытаў, колькі паспяховае выкарыстанне ведаў у рэальных жыццёвых умовах.

Аказваецца тэсціраванне спрыяе і гэтаму працэсу. У адным з лабараторных даследаванняў тэсціраванне дапамагала падыспытным выкарыстоўваюць веды пра рэхалакацыю ў кажаноў для разумення механізму работы сонару (прылады для вызначэнне аб’ектаў пад вадой з дапамогай гуку) падводнай лодкі.
Група, якая для вывучэння рэхалакацыі праходзіла тэсціраванне прадэманстравала прыблізна на 20% больш высокія вынікі на тэсце па сонару падводнай лодкі, чым група, якая вывучала кажаноў шляхам перачытвання інфармацыі.
Зваротная сувязь і тэсціраванне

Мы прыходзім да высновы, што тэсціраванне мусіць быць істотнай часткай працэсу навучання. Чым больш актыўна адбываецца праверка ведаў вучняў, тым лепш яны захоўваюць інфармацыю ў памяці.

Паўстае пытанне, якім чынам настаўнік будзе спраўляцца з бясконцым патокам самастойных работ, патрабуючых праверкі? На шчасце ўсіх настаўнікаў нават тэсціраванне без зваротнай сувязі мае пазітыўны эфект на навучанне.

Атрыманне зваротнай сувязі пасля напісання тэсту павышае эфектыўнасць тэсціраванне, але нават без гэтага элементу праверка ведаў у значнай ступені спрыяе навучанню.
Калі мы параўнаем уплыў маментальнай і адтэрмінаванай зваротнай сувязі на эфектыўнасць тэсціраванне, высветліцца, што адтэрмінаваная зваротная сувязь дапамагае запомніць інфармацыю лепш.

Пры атрыманні адтэрмінаванай зваротнай сувязі, вучань вымушаны ўспамінаць сутнасць пытання і ход уласных разважанняў. Гэты працэс запускае чарговае паўтарэнне інфармацыі і дапамагае захаваць яе ў працоўнай памяці яшчэ лепш.

Тым не менш, калі зваротная сувязь была адтэрмінавана на занадта доўгі час, вялікая доля забытай інфармацыі не дазволіць эфектыўнаму паўтарэнню адбывацца.
Каб знайсці аптымальны баланс паміж рэгулярным тэсціраваннем і памяншэннем працоўнай нагрузкі настаўнікаў, можна скарыстацца сучаснымі лічбавымі інструментамі для тэсціравання вучняў анлайн. Такая інструменты як Google Forms, Quizizz, TypeForm і іншыя (глядзіце відэа ўрокі па спасылкам), не толькі дазваляюць больш зручным чынам праводзіць тэсціраванне, але і робяць аўтаматычную праверку адказаў з магчымасцю прапанаваць вучням зваротную сувязь.
Аптымальны фармат тэсціравання

Варта заўважыць, што эфект тэсціравання адносіцца не толькі да стандартных тэстаў з адным ці некалькімі варыянтамі адказаў. Пад катэгорыю тэсціравання таксама пападаюць адкрытыя пытанні, заданні на запаўненне пропускаў, вуснае апытанне і любы іншы фармат, які дазваляе вучням актыўна ўспамінаць вывучаны матэрыял.

Даследаваннi не высветлілі істотнай розніцы паміж выкарыстаннем розных фарматаў пытанняў. Адны даследаванні заўважылі большую эфектыўнасць адказаў на адкрытыя пытанні, у той час як іншыя схіляюцца да большай эфектыўнасцi тэстаў з некалькімі варыянтамі адказаў.

Верагодна, сутнасць не ў самім фармаце апытання, а ў якасці прапанаваных пытанняў. Найбольш аптымальнай стратэгіяй лічыцца выкарыстанне розных фарматаў пытанняў.
Пры састаўленні тэставых пытанняў з некалькімі варыянтамі адказаў рэкамендуецца ўлічваць два моманты.
Па-першае, няма ніякага сэнсу дадаваць у пытанне занадта вялікую колькасць варыянтаў адказу. Аптымальным лічыцца выкарыстанне не больш за 2-3 варыянтаў адказу ў дадатак да правільнага адказу. Большая колькасць варыянтаў ніякім чынам не паляпшае якасць запамінання, але павялічвае час напісання тэсту і верагоднасць таго, што вучань запомніць няправільны адказ.

Другім момантам з’яўляецца пазбяганне варыянту “няма правільнага адказу”. Не ўключаючы правільны адказ на пытанне ў спіс, вы пазбаўляеце вучняў магчымасці замацаваць актуальную інфармацыю ў памяці.

Акрамя правядзення тэсціравання падчас урокаў, варта прапанаваць вучням тэсты для самастойнага рашэння. Такім чынам вы не толькі забяспечыце іх інструментам для больш паспяховага навучання, але і будзеце спрыяць развіццю культуры карыстання больш эфектыўнымі адукацыйнымі стратэгіямі.
Падвядзем вынікі

Тэсціраванне – гэта не проста спосаб кантролю падрыхтоўкі вучняў да ўрокаў. Праверка ведаў – гэта выдатны адукацыйны інструмент, які здольны спрыяць лепшаму захаванню інфармацыі ў памяці, развіццю метасвядомасці і больш эфектыўнаму выкарыстанню ведаў на практыцы.
Магчыма, менавіта такі погляд на тэсціраванне дазволіць вучням і настаўнікам ставіцца да праверкі ведаў з больш пазітыўна.


Спасылкі на крыніцы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу і субтытрамі.


1.   Выкарыстанне тэсціравання для навучання. Агляд літаратуры ў Амерыканскім часопісе фармацэўтычнай адукацыі.
2.   Дзесяць пераваг тэставання і іх выкарыстанне ў адукацыйнай практыцы. Генры Л.Рэдзігер III, Адам Л. Патнэм, Меган А.Сміт Раздзел з кнігі
3.   Ці спрыяе папярэдняе тэсціраванне лепшаму запамінанню, чым тэсціраванне пасля навучання?  даследванне Лацім'ера А., Рыгерта А.
4.   Паляпшэнне навучанння з дапамогай тэсціравання: праходжанне тэстаў на памяць паляпшае доўгатэрміновае захаванне інфармацыі. даследванне Генры Л Рэдзігер, Джэфры Д. Карпіке
5.   Паляпшэнне навучання з дапамогай тэсціравання: выкарыстанне практыкі пошуку, каб дапамагчы студэнтам вучыцца. Артыкул на сайце Універсітэта Вандэрбільта
6.   Выкананне тэстаў паляпшае доўгатэрміновае захаванне. Рос МакГіл
7.   Cognition 7th Edition, Gabriel A. Radvansky. Спазнанне 7-ае выданне, Габрыэль А. Радванскі
8. Відэа "Сіла тэставання" доктар Роберт Б'ёрк
9. Як запамінаць прачытанае, як запамінаць новую інфармацыю? Відэа блог Анастасіі Кей 
Made on
Tilda