Навошта вучыць замежныя мовы?

Як вывучэнне замежных моў у любым узросце робіць нас больш разумнымі, забяспечанымі і здаровымі?

Сёння кожны, хто валодае замежнай мовай з задавальненнем пазначае гэты факт на сваёй старонцы ў LinkedIn і рэзюмэ, а бацькі не без гонару дзеляцца са сваякамі поспехамі сваіх дзяцей у вывучэнні другой і нават трэцяй мовы.

Але так было не заўжды. Аж да 1960-х гадоў двухмоўе лічылі фактарам, які разбуральным чынам уплывае на развіццё інтэлектуальных здольнасцяў дзіцяці, а псіхолагі рэкамендавалі бацькам пазбягаць сутыкнення іх дзяцей з замежнымі мовамі.
Крыніца: сэрвіс Canva
З цягам часу сітуацыя змянілася кардынальна і сучасная навука канчаткова пазбавілася ад гэтага памылковага погляду. Вядома, што валоданне замежнымі мовамі не толькі адчыняе бясконцае мноства адукацыйных, прафесійных і сацыяльных магчымасцяў, але і літаральна змяняе тое, як выглядае і працуе наш мозг.

Адзінае, што не дае кожнаму чалавеку скарыстацца ўсімі перавагамі шматмоўя – непераканаўчыя адгаворкі, спіс якіх так старанна складае кожны, хто ўсё яшчэ не ўпэўніў сябе пачаць вывучаць замежныя мовы.
Сёння, каб нарэшце пазбавіцца ад такіх адгаворак і атрымаць пэўную порцыю матывацыі для вывучэння замежных моў, мы даведаемся як валоданне двума і больш мовамі ўплывае на працу мозгу, ці можна пачаць вывучаць замежную мову ў дарослым узросце і што перашкаджае чалавеку ў працэсе вывучэння другой ці наступнай мовы.

Напрыканцы артыкулу вы знойдзеце рэсурсы, якія дапамогуць вам на хвалі матывацыі ўжо гэтым летам пачаць ці прадоўжыць свой шлях да вывучэння замежнай мовы.
Білінгвізм і сітуацыя з ім у Беларусі

Валоданне і больш ці менш рэгулярнае карыстанне двума ці больш мовамі носіць назву білінгвізм ці мульцілінгвізм. Па апошніх дадзеных больш паловы насельніцтва планеты з’яўляецца білінгвістамі. Колькасць двухмоўнага насельніцтва адрозніваецца паміж рэгіёнамі і складае прыкладна 20% у ЗША і Канадзе і больш за 56% у краінах Еўразвязу.

У Беларусі, на першы погляд, ужо сам факт існавання 2 дзяржаўных моў з’яўляецца добрай падставай для развіцця білінгвізму, аднак варта заўважыць, што на жаль беларускай мовай рэгулярна карыстаецца толькі 1/3 насельніцтва краіны, астатняя частка размаўляе амаль выключна па-руску.

Яшчэ меншая колькасць беларусаў валодае замежнымі мовамі. Па дадзеных перапісу насельніцтва за 2009 год 5% беларусаў свабодна валодалі англійскай мовай, 1,4% нямецкай, 1,2% польскай.
Крыніца: Onliner.by
Між тым даследаванне арганізацыі Education First, якая рэгулярна ацэньвае індэкс валодання англійскай мовай (EF EPI) у розных краінах свету на падставе вынікаў міжнародных тэстаў, вынайшла, што ўзровень валодання англійскай мовай у краіне прама прапарцыянальны індэксу канкурэнтаздольнасці талентаў, які адлюстроўвае магчымасць краіны развіваць, захоўваць і прыцягваць таленты і інавацыі.
Крыніца: EF Academy Blog
Па індэксу валодання англійскай мовай Беларусь у 2021 годзе заняла 38 месца з 112 краін. Узровень валодання мовай сярод беларусаў, якія здавалі міжнародныя тэсты, ацэньваецца як сярэдні.

Сярод краін Еўропы Беларусь знаходзіцца на 28 месцы з 35, што дае нам добрую матывацыю да росту, тым больш, што вывучэнне замежных моў мае значны станоўчы эфект не толькі на развіццё краіны, але і на ўласнае жыццё кожнага чалавека.
Білінгвізм, грошы і прафесійнае развіццё

З практычнага пункту гледжання асабліва крытычным на сённяшні дзень з’яўляецца валоданне англійскай мовай, якой валодае 20% насельніцтва планеты.

Немагчымасць карыстацца англійскай мовай значна абмяжоўвае доступ да прафесійнай, адукацыйнай і пацяшальнай інфармацыі. Лепшыя ўніверсітэты свету вядуць навучанне на англійскай мове, большая частка анлайн курсаў на такіх платформах як Coursera і EdХ праходзяць на англійскай мове. 51% усёй інфармацыі ў інтэрнэце таксама прадстаўлена на англійскай мове.

Англійская мова з’яўляецца працоўнай мовай канферэнцый, самітаў і іншых мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню, што робіць яе неабходным інструментам, які дазваляе далучацца да прафесіянальных супольнасцяў.

Кожны год па ўсім свеце праводзіцца безліч прафесійных форумаў, самітаў, на якія можна патрапіць бясплатна. Нават, зацікавіць арганізатараў сваім досведам і экспертызай, што дае магчымасць выйграць адмысловы грант, які пакрые ўсе выдаткі на візу, пералёт, пражыванне і харчаванне. Беларускім прафесіяналам з розных сфер (у тым ліку настаўнікам і выкладчыкам каледжаў і ВНУ) ёсць чым падзяліцца на міжнароднай прафесійнай арэне і за гэта гатовы плаціць!

Адсутнасць нават базавых ведаў англійскай мовы пазбаўляе вас ўнікальных магчымасцяў.

Што тычыцца падлеткаў, выпускнікоў і студэнтаў - так у свеце (з перапынкам на пандэмію) штогод ладзяцца сотні тысяч міжнародных мерарпрыемстваў у розных кропках свету, патрапіць на якія можа любы жадаючы.

Амаль кожны ўніверсітэт свету, у тым ліку ТОПавыя ВНУ, такія як Оксфард, Гарвард, Варшаўскі, Віленскі і Масачусацкі ўніверсітэты, прапаноўваюць асобныя стыпендыі для таленавітай моладзі, што дае магчымасць любому матываванаму, здольнаму навучэнцу з пэўным узроўнем англійскай мовы стаць студэнтам Оксфарда.

Крыніца: сэрвіс Canva
Гісторыі беларусаў, у якіх атрымалася вучыцца і працаваць у розных кропках свету, шукайце па спасылках:


Шукаць магчымасці можна на сайтах універсітэтаў, арганізацый і амбасад. Каб даведацца больш пра адукацыю за мяжой, спампоўвайце “Guidebook: адукацыя за мяжой”.

Акрамя перспектыў прафесійнага росту і відавочных магчымасцяў камфортна вандраваць па свеце і мець зносіны з прадстаўнікамі іншых культур, білінгвізм дазваляе палепшыць фінансавае становішча. Па інфармацыі справаздачы “Эканамічныя выгады білінгвізму”, якая была падрыхтавана ўрадам Канады ў 2016 годзе білінгвісты ў Канадзе зарабляюць у сярэднім на 37% больш, чым людзі, якія валодаюць адной мовай, нават пры адсутнасці вышэйшай адукацыі.
Дадзеныя, атрыманыя ў Лабараторыі даследавання рынку працы расійскай Вышэйшай школы эканомікі, сцвярджаюць, што валоданне двума і больш мовамі дазваляе зарабляць на 11% больш у Расіі, на на 40-60% больш у В’етнаме і на 39% больш у Іспаніі. Розніца ў фінансавых надбаўках залежыць ад ступені міжнароднага супрацоўніцтва з іншымі краінамі і колькасці людзей, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі.

Валоданне замежнымі мовамі дазваляе значна павялічыць заробак і ў Беларусі, прычым попытам карыстаецца не толькі класічныя англійская, але і больш экзатычныя варыянты, такія як кітайская, турэцкая і хіндзі. Самыя высокааплатныя вакансіі амаль без выключэнняў патрабуюць валодання замежнымі мовамі. Вось, што можна знайсці на сайтах для пошуку працы і ў падборках парталаў навін:

  • 19 270 BYN – мэнэджэра гасцініцы з валоданнем англійскай і турэцкай
  • 16 000 BYN – мэнэджар у сферы распрацоўкі ПА з веданнем іўрыту
  • 7 000 BYN – кіраўнік прыватнай фірмы з веданнем літоўскай, кітайскай, арабскай і англійскай моў
  • 1 500 BYN – настаўнік на 1 стаўку ў сельскай школе з веданнем літоўскай мовы

Цікава, што білінгвісты не толкі зарабляюць больш, але і ўвогуле прымаюць лепшыя фінансавыя рашэнні. Даследчыкі з універсітэту Чыкага правялі фінансавую гульню сярод англамоўных студэнтаў, якія таксама вывучалі іспанскую мову.

Кожны студэнт атрымаў 15$, якія яны маглі выкарыстоўваць, каб рабіць стаўкі. У выпадку перамогі ўдзельнікі зараблялі 1,5$, у выпадку паражэння гублялі сваю стаўку ў 1$. Для вызначэння лёсу стаўкі арганізатары падкідвалі манетку. Такім чынам шанец перамогі ці паражэння быў 50/50.

Студэнты, якія атрымоўвалі інструкцыі да гульні на замежнай мове, рызыкавалі прыкладна на 20% часцей, чым тыя, хто атрымоўваў інструкцыі да гульні на сваёй роднай мове, што дазволіла ім зарабіць больш.

Аўтары даследвання тлумачаць гэта тым, што родная мова мае для чалавека больш эмацыянальнай афарбоўкі, чым замежная, і ў большай ступені звязана са страхам страты. Таму людзі, якія ўвесь час прымаюць фінансавыя рашэнні на замежнай мове, хутчэй за ўсё будуць рабіць іх больш рацыянальна, што дазволіць ім дасягнуць большых эканамічных поспехаў.
Білінгвізм і мозг

Валоданне замежнымі мовамі сапраўды адчыняе бясконцае мноства прафесійных і адукацыйных магчымасцяў у незалежнасці ад таго, ў якой краіне свету вы жывяце і ў якой галіне працуеце. Больш за тое, вывучэнне замежных моў літаральна змяняе тое, як выглядае і працуе мозг чалавека.

На якой мове ты думаеш?

Часта пытаюцца ў чалавека, які свабодна размаўляе на некалькі мовах. На сённяшні дзень псіхолагі схіляюцца да меркавання, што чалавек думае вобразамі. Узнікненне ў мозгу вобразу рэчы ці з’явы актывуе яе назву на кожнай мове, якой валодае чалавек, пасля чаго мозг абірае адну з назваў у залежнасці ад сітуацыі і прыгнятае іншыя.
Гэты працэс адбываецца несвядома кожны раз, у кожнай размове і з’яўляецца своеасаблівай трэніроўкай для мозгу, якая забяспечвае развіццё такіх выканаўчых функцый як работа працоўнай памяці, уменне пераключаць увагу паміж рознымі задачамі і ўменне пазбягаць уздзеяння фактараў, якія адцягваюць увагу. Больш высокі ўзровень развіцця выканаўчых функцый мозгу па сутнасці абумоўлівае больш высокі ўзровень інтэлекту.
Менавіта выканаўчым функцыям мозгу мы абавязаны нашай здольнасцю глыбока думаць і аналізаваць інфармацыю, вырашаць складаныя праблемы і прадуктыўна навучацца. За больш чым 50 год псіхалагічных даследаванняў у галіне вывучэння замежных моў сабралася вялікая колькасць доказаў, што шматмоўе станоўчым чынам уплывае на развіццё мозгу чалавека любога ўзросту ад немаўляці да пенсіянера.

Гэта пацвярджаецца не толькі на функцыянальным, але і на анатамічным узроўні. Швецкія даследчыкі правялі эксперымент, у якім яны аналізавалі МРТ выявы мозгу вайскоўцаў да і пасля вывучэння замежнай мовы на працягу 13 месяцаў. У якасці кантрольнай групы былі студэнты-медыкі, якія актыўна вывучалі прадметы ў сваёй прафесійнай галіне.

Праз 13 месяцаў вывучэння замежнай мовы ў вайскоўцаў павялічыліся ў аб’ёме некаторыя аддзелы мозгу. Пры гэтым у тых, каму вывучэнне мовы давалася адносна лёгка назіралі павелічэнне гіпакампу (адна з галоўных структур, якія ўдзельнічаюць у працэсе запамінання) і верхняй вісочнай баразны (адказвае за моўнае навучанне). У тых жа студэнтаў, якім вывучэнне мовы далося больш цяжка, назіралі павелічэнне лобнай звіліны (адказвае за пераключэнне ўвагі). У студэнтаў-медыкаў павелічэнне аб’ёмаў мозгу ў эксперыменце не назіралася.

Таксама ў білінгвістаў назіраецца больш высокая шчыльнасць у мозгу шэрага рэчыва, якое змяшчае большую частку нейронаў мозгу. Валоданне замежнай мовай дазваляе захоўваць высокую шчыльнасць белага рэчыва, якое звычайна памяншаецца ў аб’ёме з цягам часу.

Яшчэ большае значэнне валоданне замежнымі мовамі мае для сталых людзей. Па навуковых дадзеных людзі, якія валодаюць замежнымі мовамі, сутыкаюцца з сімптомамі дэменцыі і хваробы Альцгеймера на 4-5 гадоў пазней, чым тыя, хто валодае адной мовай. Такая тэндэнцыя мае месца ў незалежнасці ад полу, вобразу жыцця, сацыяльнага і эканамічнага становішча чалавека.
Як і ў выпадку з выканаўчымі функцыямі мозгу, такія высновы можна зрабіць не толкі на падставе кагнітыўных тэстаў, але і ў ходзе структурнага аналізу мозгу.

Крыніца: сайт универсітэта Гарварду
На малюнку адлюстравана розніца ў таўшчыні і шчыльнасці структур мозгу паміж білінгвамі і моналінгвамі з хваробай Альцгеймера. Валоданне замежнымі мовамі дазваляе пацыентам з дэменцыяй больш павольна губляць нейроны, а значыць захоўваць высокую якасць жыцця на больш доўгі тэрмін.

Няма канкрэтнага ўзроўню валодання другой мовай, які забяспечвае эфект папярэджвання дэменцыі. Як са спартыўнымі трэніроўкамі, эфект ад вывучэння замежных моў паступова накопліваецца і будзе тым большы, чым большай колькасцю моў на вышэйшым узроўні валодае чалавек.

Пры гэтым важна адзначыць, што станоўчы эфект ад вывучэння замежных моў назіраецца ў незалежнасці ад таго, ў якім узросце чалавек пачынае навучанне, таму ніколі не позна пачаць развіваць свае кагнітыўныя функцыі і захоўваць мозг ад старэння.
Не ўсё так адназначна!

Але, як гэта заўжды адбываецца, нават у валодання некалькімі мовамі, нягледзячы на ўсе яго перавагамі, ёсць адваротная старана.
Так, чым больш моў ведае чалавек, тым больш бедны слоўнікавы запас ён будзе мець на кожнай з гэтых моў, нават сваёй роднай. Неабходнасць пастаяннага прыглушэння назваў вобразаў на другіх мовах, якую мы разглядалі вышэй, робіць працэс пабудовы сказаў і падбору неабходных для выказвання сваёй думкі слоў больш доўгім і часам нязграбным.

Такім чынам, валоданне некалькімі мовамі робіць нас разумнейшымі, але менш красамоўнымі, што верагодна з’яўляецца не занадта вялікай платай за ўсе фінансавыя, прафесійныя і кагнітыўныя перавагі, якія дае шматмоўе.
Як вывучаюць мовы дзеці і дарослыя? Вучыцца ніколі не позна

Нягледзячы на шматлікія станоўчыя эфекты вывучэння замежных моў у любым узросце, дарослых людзей на шляху да гэтай мэты часта спыняе стэрэатып, што вывучыць замежную мову ў дарослым узросце надзвычайна складана ці ўвогуле немагчыма.

Крыніца: сэрвіс Canva
На шчасце, нічога немагчымага тут няма, і згодна з апошнімі дадзенымі чалавек у любым узросце здольны дасягнуць надзвычайна высокага ўзрозню валодання замежнай мовай.

Хутчэй за ўсіх мовы, сапраўды, вывучаюць немаўляты. Ужо на 33 тыдні цяжарнасці можна назіраць розную рэакцыю ў мозгу дзіцяці на розныя гукі, што з’яўляецца асновай засваення мовы ў такім узросце.

Даследванне немаўлят ва ўзросце 11 месяцаў паказвае, што дзеці, якія растуць у двумоўным асяроддзі развіваюць аднолькава моцную рэакцыю мозгу на абедзве мовы, на якіх размаўляюць іх бацькі, у той час, як іх аднамоўныя аднагодкі развіваюць моцную рэакцыю толькі на адну мову, што бачна на МРТ.

Крыніца: сайт универсітэта Гарварду
Калі вам, як і большасці з нас не пашанцавала з маленства знаходзіцца ў шматмоўным асяроддзі, то нажаль засвойваць другую мову прыйдзецца прыкладваючы нямала намаганняў як у дзяцінстве, так і ў дарослым узросце. Пры гэтым кожны з узростаў мае свае перавагі.

Так, у дзіцячым узросце мозг чалавека больш адчувальны да гукаў і можа без праблем чуць розніцу паміж гукамі любых моў свету і паўтараць іх, паступова такое ўменне губляецца і засваенне вымаўлення на ўзроўні носьбіта мовы становіцца праблематычным.

Гэта адзіны аспект вывучэння замежнай мовы, у якім дзеці даказана маюць перавагу перад дарослымі, у другіх момантах не ўсё так зразумела і адназначна.

Крыніца: сэрвіс Canva
Існуе меркаванне, што пластычнасць мозгу дзяцей і падлеткаў робіць для іх працэс вывучэння замежных моў больш простым. Дзеці маюць большую неабходнасць у сацыялізацыі і прыняцці, чым дарослыя, што падштурхоўвае іх да актыўнай моўнай практыкі. Дзеці і падлеткі маюць больш вольнага часу для вывучэння мовы і звычайна робяць гэта ў школьным асяроддзі, што робіць працэс вывучэння замежнай мовы добра арганізаванай часткай іх жыцця.

Усе гэтыя перавагі сапраўды дапамагаюць дзецям і падлеткам эфектыўна засвойваць замежныя мовы, але ж і вывучэння мовы ў дарослым узросце дае свае перавагі.

Дарослы чалавек звычайна мае больш высокую і вызначаную матывацыю для вывучэння мовы, умее эфектыўна канцэнтраваць увагу і дысцыплінавана выконваць заданні, што больш складана для дзяцей і падлеткаў. Валоданне эфектыўнымі стратэгіямі навучання таксама дапамагае даросламу чалавеку ў паспяховым засваенні замежнай мовы.

Значна большы слоўнікавы запас на роднай мове і багаты жыццёвы досвед таксама з’яўляюцца перавагамі дарослага чалавека ў працэссе навучання. Гэтыя веды з’яўляюцца падмуркам для пабудовы асацыяцый і больш якаснага запамінання лексічных і граматычных канструкцый замежнай мовы.

У даследаванні, якое было праведзена даследчыкамі Масачусацкага інстытуту тэхналогій (MIT) і ахапіла 3/4 мільёна чалавек, было заўважана, што тысячы чалавек, якія пачалі вывучаць замежную мову пасля 20 год дасягнулі валодання мовай на ўзроўні носьбіта.

Ужо праз год навучання большасць дарослых навучэнцаў правільна выконвае
80-85% моўнага тэсту, што адпавядае высокаму ўзроўню валодання мовай.

Калі атрымалася ў іх - атрымаецца і ў вас!

Такім чынам і дзеці і дарослыя, маюць свае перавагі, якія дапамагаюць ім паспяхова вывучаць замежныя мовы і атрымоўваць усе станоўчыя эфекты шматмоўя.

Варта заўважыць, што менавіта негатыўныя ўстаноўкі і няўпэўненасць у сваіх сілах з’яўляюцца галоўнымі перашкодамі ў працэсе навучання. Псіхалагічны феномен, які носіць назву пагроза пацверджанага стэрэатыпу, сцвярджае, што калі людзям нават несвядома напомніць пра існаванне стэрэатыпу, які можа перашкаджаць іх поспеху, яны сапраўды паказваюць горшыя вынікі.

Так, сталыя людзі значна лепш выконваюць “Тэст на мудрасць” чым “Тэст на памяць”, нават калі яны змяшчаюць абсалютна аднолькавыя пытанні. Дзяўчынкі горш выконваюць тэсты па матэматыцы, калі перад іспытам сказаць ім, што дзяўчынкам матэматыка даецца цяжка. Такім жа чынам працуе ўпэўненасць, што замежную мову вучыць складана ў дарослым узросце, нават калі гэты стэрэатып не мае пад сабой ніякай падставы.

Зараз, калі мы даведаліся пра ўсе перавагі валодання замежнымі мовамі і пазбавіліся ад негатыўнай устаноўкі, самы час пераходзіць да рашучых дзеянняў, каб ужо гэтым летам пачаць размаўляць на замежнай мове.
Рэсурсы, каб заразмаўляць на замежнай мове ўжо гэтым летам
У гэтай падборцы вы знойдзеце бясплатныя і платныя рэсурсы для вывучэння замежных моў.
  • Бясплатная праграма, якая дазваляе вывучаць англійскую, нямецкую, французкую і іспанскую мовы з дапамогай кароткіх стрымаў адаптаваных пад розныя ўзроўні валодання мовай.
  • Беларуская праграма для штодзённага пашырэння слоўнікавага запасу замежнай мовы. Праграма дазваляе займацца сваімі справамі і лёгка запамінаць новыя словы.
  • Буйнейшая школа замежных моў у Беларусі. Анлайн і афлайн навучанне.
  • Анлайн вывучэнне англійскай мовы. Прапаноўваюць аналагічныя сэрвісы для вывучэння нямецкай, арабскай, карэйскай і іншых моў.
  • Бясплатныя сустрэчы, дзе вы можаце практыкаваць англійскую мову і весела вабіць час з аднадумцамі.
  • Нясумнае анлайн-навучанне англійскай мове з дапамогай гульняў і цікавых заданняў у любы зручны для вас час.
  • Можна знайсці бясплатныя анлайн-курсы для вывучэння шырокага шэрагу замежных моў.
  • Магчымасць бясплана вывучаць замежныя мовы для сталых беларусаў. 
Таксама рэсурсы для платнага і бясплатнага вывучэння замежных моў шукайце на афіцыйных сайтах амбасад краін, мовы якіх вас цікавяць.

У сучасным свеце валоданне англійскай мовай з'яўляецца неабходнай умовай для прафесійнага развіцця кожнага чалавека.

Веданне англійскай неабходна для запуску ўласнага старт-апу, бо большасць бізнэс-анёлаў, венчурных інвестараў, фондаў камунікуюць па-англійску. Разуменне замежных рынкаў і партнёраў важна для стварэння глабальнага прадукту, а для гэтага таксама неабходна валодаць англійскай мовай. Нават, калі на першых кроках у вас будзе баларуска- ці рускамоўная каманда, партнёры, кліенты і інвестары, то ў будучыні вы абавязкова сутыкнецеся з ростам вашага бізнэсу, і каб у поўнай меры скарыстацца ўсімі магчымасцямі, замежную мову неабходна вывучаць загадзя.

Калі ж прафесійнае развіццё і стварэнне ўласнага бізнесу не стаіць для вас на першым месцы, вывучэнне замежных моў дапаможа вам развіць функцыі ўласнага мозгу і падоўжыць сваё жыццё.

Спасылкі на крыніцы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу і субтытрамі.


1. Білінгвізм: пачні рана і зарабі ўсе свае перавагі. Артыкул на сайце ўніверсітэта Гарварду
2. Білінгвізм: наступствы для розуму і мозгу. Алена Беласток
3. Перавагі мозгу білінгвіста. Відэа TedEd
4. Як змяняецца твой мозг, калі ты вывучаеш замежныя мовы? Відэа блог Анастасіі Кей
5. Кагнітыўныя скажэнні пры вывучэнні замежнай мовы, пра якія ты павінен ведаць! Відэа блог Анастасіі Кей
6. 12 матывуючых прычын вывучаць англійскую мову. Відэа блог Анастасіі Кей
7. Навукоўцы Масачусацкага тэхналагічнага інстытута даказалі, што дарослыя вывучаюць мову амаль гэтак жа добра, як дзеці. Артыкул заснавальца праграмы Chatterbug
8. Чаму вывучэнне новай мовы карысна для ўсёй сям'і? Артыкул на National Geographic
9. Чаму вучыць англійскую карысна для вашага мозгу? Тлумачаць 4 навуковыя даследаванні. Skyeng Magazine
10. Чаму вучыць англійскую ў дарослым узросце прасцей, чым вы думаеце? Skyeng Magazine
Made on
Tilda