Як эфектыўна выкарыстоўваць слайды на ўроках?

Візуальныя сродкі праз прызму навукі пра мозг

Апошнім часам усе больш настаўнікаў пачалі вельмі актыўна выкарыстоўваць на сваіх уроках мультымедыйныя слайды. Хтосьці з нагоды зацікавіць вучняў, хтосьці спадзяецца такім чынам зрабіць новы матэрыял больш зразумелым, камусьці проста падабаецца мець прыгожы фон пад час выкладання, а кагосьці прымусілі зрабіць слайды да адкрытага ўроку.

У незалежнасці ад прычыны, вынік часта выглядае прыкладна так :
Слайды такога выгляду можна знайсці на сайтах школ, універсітэтаў і нават буйных кампаній. Магчыма ў гэтых прыкладах вы пазналі сябе, сваіх калегаў ці вучняў.

Калі гэта так, у навукоўцаў і спецыялістаў па публічным выступленням для вас дрэнныя навіны. Па статыстыцы, 90% лекцыі, праслуханнай з такімі слайдамі на фоне, будзе забыта слухачом ужо праз 30 секунд.

Канешне, вучні звычайна значна больш працуюць з інфармацыяй пад час уроку, але нават гэты факт не надае шмат сэнсу выкарыстанню такога візуальнага суправаджэння. Да гэтай высновы можна прыйсці на падставе таго, што нам вядома пра памяць і ўвагу чалавека.


Далей мы разгледзем 5 простых прынцыпаў, якія дапамогуць вам найбольш эфектыўна выкарыстоўваць гэты візуальны сродак, каб пазбегнуць страты гэтых 90% інфармацыі, якую вы выкладаеце.


Напрыканцы вы знойдзеце спасылкі на карысныя інструменты для стварэння слайдаў і іншых візуальных сродкаў да вашых урокаў.


1. А навошта вам слайды? Вызначаем ролю візуалу ў прэзентацыі


На падставе таго, што мы ведаем пра біялогію навучання, выкарыстанне слайдаў пад час уроку сапраўды мае сэнс.


Па-першае, каля 80% інфармацыі чалавек успрымае візуальна. Такім чынам эвалюцыйна мы запраграмаваны больш за ўсё разлічваць менавіта на зрокавую памяць.

Таксама карысць выкарыстання візуалу вынікае з прынцыпу двайнога кадзіравання, які ўпершыню быў апісаны Аланам Пайвіа ў 1971 годзе.

Згодна з гэтым прынцыпам, чалавек лепш успрымае і запамінае інфармацыю, калі атрымоўвае яе адначасова і ў вербальнай, і ў невербальнай форме. Такім чынам вучні запамінаюць больш, калі тлумачэнні настаўніка суправаджаюцца малюнкамі, схемамі ці іншымі візуальнымі сродкамі.

Слайды выдатна дапамагаюць гэта зрабіць, але тут варта не забываць выкарыстоўваць іх менавіта для таго, для чаго яны былі створаны.
Каб слайды не адцягвалі ўвагу ад вас, уключайце пусты чорны слайд кожны раз, калі візуальная падтрымка вам не патрэбна. Гэта дасць магчымасць вучням адпачыць ад візуальнай нагрузкі і цалкам скіраваць увагу на вас.
2.   Больш ≠ лешп. Прыбіраем са слайдаў тэкст.

Не гледзячы на тое, што згодна з прынцыпам двайнога кадзіравання чалавек лепш засвойвае інфармацыю розных мадальнасцяў, гэты эфект не назіраецца, калі вы зачытваеце тэкст са слайдаў. У простых словах гэта можна растлумачыць наступным чынам:

Інфармацыя ў мозг чалавека трапляе па 2 асноўным каналам: слыхавым і зрокавым. Калі вучань слухае настаўніка і глядзіць на малюнак, 2 адзінкі інфармацыі трапляюць у мозг па розным каналам і не перашкаджаюць адзін аднаму – працуе прынцып двайнога кадзіравання.

У адрозненні ад прагляду малюнкаў, чытанне задзейнічае слыхавы канал. Чалавек не можа слухаць і чытаць адначасова. Калі мы слухаем – мы не чытаем, а калі чытаем – не слухаем.

Такім чынам, калі настаўнік пачынае зачытваць тэкст са слайдаў, тлумачэнне настаўніка і тэкст слайду пачынаюць канкурыраваць за слыхавы канал. У выніку ніводная з адзінак інфармацыі не ўспрымаецца якасна.

Гэты эфект таксама вядомы як эфект лішку і падрабязна апісаны ў працы
Маера і Фіярэла.

Маер правёў эксперымент з 2-ма мультымедыйнымі прэзентацыямі. Першая з іх змяшчала тэкст у выглядзе спісаў з пунктамі, другая прэзентацыя не змяшчала тэкст зусім.

У выніку слухачы змаглі запомніць на 28% больш інфармацыі паведамлення, у якім выкарыстоўвалась прэзентацыя без тэксту.

Выснова відавочна: па магчымасці пазбягайце выкарыстання тэксту на сваіх слайдах. Калі вы ўсё ж такі па той ці іншай прычыне змяшчаеце тэкст на слайдзе, дайце вучням час прачытаць і занатаваць яго самастойна.

Варта заўважыць, што гэта больш датычыцца вялікіх кавалкаў тэксту, а таксама спісаў. Няма нічога дрэннага, калі вы змяшчаеце на слайдзе адну невялічкую фразу ці подпіс да частак графіку, але і ў гэтым выпадку лепш даць вучням час прачытаць гэты тэкст самастойна.


3. Памер, кантраст, колер, рух.

4 інструменты для кіравання ўвагай


Кожную хвіліну ў мозг паступае безліч сігналаў з навакольнага асяроддзя. Візуальныя вобразы, гукі, пахі і іншыя стымулы няспынным патокам трапляюць у мозг. Калі б мы актыўна аналізавалі кожны з гэтых стымулаў, то верагодна ўжо б даўно з’ехалі з глузду. Мозг проста не прыстасаваны да апроцоўкі такіх вялікіх аб’ёмаў інфармацыі.


Спраўляцца з гэтым выклікам нам дапамагае ўвага. Менавіта ўвага абірае, на апрацоўку якіх сігналаў мы будзем траціць нашыя ментальныя рэсурсы.


Увага не з’яўляецца цалкам усвядомленым працэсам. Не гледзячы на тое, што мы здольны наўмысна канцэнтравацца на той ці іншай задачы, некаторыя рэчы прыцягваюць ўвагу незалежна ад нашага жадання. Так мозг аўтаматычна заўважае наступныя аб’екты:

Вялікія аб'екты
Кантрасныя аб'екты
Сігнальныя колеры
Рухомыя аб'екты

Гэтая асаблівасць – эвалюцыйна склаўшыйся механізм, які са старажытных часоў дапамагаў нам выратавацца ад драпежніка ці не трапіць пад колы машыны. У дачыненні да слайдаў увага працуе па тым жа самым правілам.

Пачнем з памеру. Мозг аўтаматычна будзе звяртаць увагу на самыя вялікія аб’екты на слайдзе. У праграмах па тыпу PowerPoint стандартна самым вялікім аб’ектам на слайдзе з’яўляецца загаловак. Але ж на колькі часта гэта сапраўды самы галоўны аб’ект на слайдзе? Амаль ніколі.

Не дайце PawerPoint-у вас падмануць! Зрабіце самым вялікім самы галоўны аб’ект на слайдзе і накіроўвайце ўвагу вучняў туды, куды вам патрэбна для найбольш эфектыўнага тлумачэння.
Як і ў выпадку з памерам, мозг неўсвядомлена звяртае ўвагу на кантрасныя аб’екты. Што гэта азначае для стварэння слайдаў?
У першую чаргу, гэтая асаблівасць датычыцца фону вашых слайдаў. Часцей за ўсё стандартным рашэннем лічыцца чорны тэкст на белым фоне. Такія слайды сапраўды валодаюць максімальным кантрастам і прыцягваюць увагу. Але менавіта тут і ўзнікае праблема.

Калі побач з такім слайдам стаіць настаўнік, найбольш вялікім і кантрасным аб’ектам у зрокавым полі вучня будзе менавіта экран. Такім чынам, каб перацягнуць увагу вучня з экрану на сябе, настаўніку нічога не застаецца, акрамя як апрануццца ў сігнальныя колеры і няспынна рухацца побач з экранам.

Памятайце, што менавіта вы самі, а не вашыя слайды, з’яўляецеся галоўнай часткай вашай прэзентацыі. Каб атрымаць больш увагі ад аўдыторыі і захаваць кантраснасць слайдаў, паспрабуйце выкарыстоўваць белы тэкст на чорным фоне.
Другі эфектыўны спосаб выкарыстоўваць кантраст для кіравання ўвагай – змяняць кантраст асобных элементаў слайду.

Калі на слайдзе змяшчаецца больш за адзін элемент, увага слухача не ведае на чым спыніцца і ў выніку пераскоквае з аб’екту на аб’ект. Асабліва яскрава гэта можна заўважыць пры дэманстрацыі табліц ці вялікіх графікаў, як на прыкладзе ніжэй.

Пакінуўшы кантрасным толькі адзін элемент слайду, вы робіце працэс канцэнтрацыі ўвагі на неабходнай менавіта зараз інфармацыі прыгожым і простым.

Такім жа чынам можна "пераключаць" увагу вучняў з аднаго на другі пункт спісу ці элемент схемы.

Выдзяляйце з дапамогай кантрасту неабходныя элементы слайду адзін за адным, і ўвага вучняў будзе сачыць за вамі, як кацяня сочыць за лазернай указкай.
Акрамя памеру і кантрасту, мозг таксама вельмі ўспрымальны да яркіх колераў і рухаў.

Як і ў выпадку з колерам фону, галоўная мэта – знайсці баланс. Слайды павінны прыцягваць да сабе ўвагу, але не адбіраць галоўную ролю ад настаўніка.

Непатрэбныя рухі і колеры на слайдах будуць толькі адцягваць каштоўную ўвагу вучняў ад сапраўды важнай інфармацыі. Нашая ўвага – вельмі абмежаваны рэсурс, які не трэба падводзіць пад лішнія выпрабаванні.

Каб пазбегнуць рассейвання ўвагі вучняў, вельмі асцярожна выкарыстоўвайце яркія колеры і анімацыю ў сваіх слайдах.
4. Адзін слайд – адна ідэя

З папярэдніх пунктаў вы бачыце, што ўвага – працэс, якім не надта проста кіраваць. Кожны раз на выбар, куды накіраваць увагу, затрачваюцца каштоўныя рэсурсы мозгу, якія на ўроках патрэбны вучню для больш прадуктыўных заняткаў.

Каб знізіць да мінімуму затрачаныя на пошук неабходнага кавалку інфармацыі рэсурсы і быць упэўненымі, што ўвесь клас сканцэнтраваны на канкрэтным пытанні, выкарыстоўвайце залатое правіла:

Адзін слайд - адна ідэя. Мозг вельмі абмежаваны зразумець больш.

Гэты просты прынцып не толькі значна спрашчае працэс канцэнтрацыі, але і дазваляе вучню, які выпадкова згубіўся ў сваіх думках вельмі хутка вярнуцца да матэрыялу ўроку.


5. Абмежаванні працоўнай памяці. Не больш за 6 аб’ектаў на слайд


Нам усім вельмі хочацца верыць, што нашая памяць працуе выдатна і што мы здольныя з хуткасцю маланкі ўспрымаць вялікія аб’емы інфармацыі. Але нажаль даследванні паказваюць, што чалавек здольны адначасова трымаць у працоўнай памяці толькі 7 ± 2 адзінкі інфармацыі.

Такім чынам, нашыя здольнасці ўспрымаць інфармацыю абмежаваны магчымасцямі нашай працоўнай памяці.

Варта разумаць, што чым больш аб’ектаў вы змяшчаеце на сваім слайдзе, тым больш рэсурсаў працоўнай памяці выкарыстоўваюць вашыя слухачы. І ў адзін момант гэтых рэсурсаў можа не хапіць.

З аб’ёму працоўнай памяці ў 5-9 адзінак інфармацыі вынікае, што можна змяшчаць на адным слайдзе да 9 аб’ектаў.

Але тут варта мець на ўвазе яшчэ адзін момант, які падрабязна апісвае спецыяліст па публічных выступленнях Дэвід Філіпс у сваёй лекцыі на канферэнцыі TEDх.

Успрыманне 7-мі і болей аб’ектаў патрабуе ў 500 разоў больш часу і кагнітыўных рэсурсаў, чым успрыманне 5-ці аб’ектаў. Растлумачыць гэта можа наступным чынам:

7 аб’ектаў мы павінны лічыць, а 5 аб’ектаў мы проста бачым. Пасярэдзіне знаходзіцца магічная лічба 6, якая з’яўляецца максімальнай колькасцю аб’ектаў на слайдзе, якая не будзе перагружаць слухача.
Кожны раз, калі вы змяшчаеце на слайдзе больш за 6 аб’ектаў, мозг вашых вучняў разумее, што зараз спатрэбіцца патраціць шмат часу і энэргіі, каб зразумець вашую ідэю. І ў такім выпадку не выключаецца верагоднасць таго, што мозг прыме рашэнне ўвогуле не звяртаць увагі на гэтую інфармацыю.

Абмежаванне па колькасці аб’ектаў можа вымусіць вас зрабіць больш слайдаў. Няхай вас гэта не бянтэжыць. Колькасць слайдаў яшчэ ніколі не была перашкодай для паспяховай прэзентацыі.

Гэтыя 5 фундаментальных прынцыпаў дазваляюць ствараць прыгожыя і эфектыўныя слайды, якія не толькі зробяць ваш урок больш яскравым, але і будуць спрыяць навучанню.


Тэхнічныя моманты
Якімі праграмамі карыстацца?
Зараз, калі мы разгледзелі асноўныя прынцыпы пабудовы слайдаў, варта сказаць некалькі слоў пра карысныя інструменты, якія дапамагаюць гэтыя прынцыпы якасна рэалізаваць.

Ніжэй вы знойдзеце спасылкі на бясплатныя анлайн сэрвісы і спасылкі на відэаўрокі.
  • Просты ў карыстанні анлайн сэрвіс, які дазваляе ствараць любыя віды візуальных дадаткаў для вашых урокаў: прэзентацыі (у тым ліку агучаныя), інфаграфікі, відэа, афішы і гэтак далей.


    Canva прапаноўвае безліч шаблонаў пад любыя запыты, дазваляе ў некалькі клікаў дадаць у вашу прэзентацыю QR-коды, графікі, схемы, відэа, анкеты і іншыя прылады.


    Відэаўрок па выкарыстанню Canva ў адукацыі можна паглядзець па спасылцы.

  • Анлайн сэрвіс, які дазваляе праводзіць апытанні сярод вучняў і выводзіць вынікі на экран у рэжыме рэальнага часу. З дапамогай Mentimeter нават урок у фармаце лекцыі можа стаць інтэрактыўным.

    Сэрвіс прапаноўвае праводзіць тэсты з налічэннем балаў, пытаць меркаванне аўдыторыі і адлюстроўваць вынікі ў відзе дыяграм і схемаў.

    Mentimeter не падтрымлівае беларускую ці рускую мовы, але вы можаце скарыстацца функцыяй аутаматычнага перакладу ў вашым браузеры.

    Відэаўрок глядзіце па спасылцы.
  • TypeForm дазваляе ствараць і праводзіць анлайн тэсты і апытанні. Праграма прапануе шмат шаблонаў, падтрымлівае розныя тыпы пытанняў і лёгка інтэгруецца з прэзентацыямі ў Canva.

    Калі вы не валодаеце англійскай мовай, скарыстайцеся аўтаматычным перакладам.

    Спасылка на відэаўрок па TypeForm.

Напрыканцы хочацца заўважыць, што выкарыстанне візуальных сродкаў на працягу ўроку не абмяжоўваецца тэхнічным абсталяваннем вашага класа.

Адсутнасць кампьютара ці праэктара можна кампенсаваць выкарыстаннем вучнямі смартфонаў.

Болей за тое, не трэба забывацца на неэлектронныя метады візуалізацыі, такія як плакаты, папяровыя фліпчарты і звычайную дошку. Усе апісаныя вышэй прынцыпы могуць выкарыстоўвацца і ў гэтым выпадку.

Спасылкі на крыніцы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу і субтытрамі.

  1. How to avoid death by PowerPoint? TEDx by David JP Phillips
  2. What is Dual Coding Theory? by Ross Morrison McGill at TeacherToolkit
  3. TED Talks. Слова меняют мир. Крис Андерсон
  4. 12 - Principles for Reducing Extraneous Processing in Multimedia Learning by Richard E. Mayer and Logan Fiorella
  5. The Redundancy Effect and Your PowerPoint
  6. Cognition by Gabriel A. Radvansky and Mark H. Ashcraft
Made on
Tilda