Адукацыя будучыні
Працяг

5 галоўных адукацыйных трэндаў у 2022 годзе

Фармальная і нефармальная адукацыя знаходзяцца пад нязменным уплывам глабальных сусветных трэндаў, такіх як экалагічны крызіс, бурны рост эканомікі, дэмаграфічныя змены і аўтаматызацыя вытворчасці.

Сёння зразумела, што адукацыя мусіць істотна змяніцца дзеля таго, каб забяспечыць паспяховую будучыню чалавецтва. Адказнасць за якасную адукацыю будучыні шмат у чым ляжыць на плячах адукатараў.

Як настаўнікі, так і спецыялісты нефармальнай адукацыі мусяць звяртаць увагу на трэнды, якія фарміруюцца ў свеце і прыўносіць лепшыя практыкі ў адукацыйны працэс, дзеля ажыццяўлення агульнай мэты: якаснай адукацыі ва ўмовах свету, які развіваецца як ніколі хутка.

Мінулы раз мы паглядзелі, з якімі пытаннямі і выклікамі сутыкаецца сучасная адукацыя і як працэс навучання ўзаемазвязаны з сусветнымі тэндэнцыямі.
Крыніца: сэрвіс Canva
Сёння мы абмяркуем 5 прынцыпаў і інструментаў, якія актыўна набіраюць папулярнасць у адукацыйных сістэмах ва ўсім свеце. На нашых вачах гэтыя трэнды змяняюць і фарміруюць адукацыйныя рэаліі, каб чалавецтва было падрыхтавана да выклікаў, якія прынясе заўтрашні дзень.

1. Адукацыя на працягу ўсяго жыцця

Сёння свет і тэхналогіі змяняюцца і развіваюцца хутчэй чым калі-небудзь дагэтуль. Вялікая колькасць прафесій, у якіх будуць працаваць у будучым сённяшнія вучні яшчэ не існуюць. LinkedIn прадказвае з’яўленне больш за 150 мільёнаў новых працоўных месц у галіне тэхналогій у бліжэйшыя 5 год, што будзе патрабаваць вялікай колькасці прафесіяналаў, якія валодаюць актуальнымі тэхнічнымі ўменнямі і ведамі.
Працягласць паўжыцця прфесійных навыкаў (час, праз якія навык становіцца на 50% менш каштоўным на рынке працы) за апошнія гады знізілася ў сярэднім з 5 да 4 год і нават да 2,5 гадоў для тэхнічных уменняў.

Разам з навыкамі актыўна скарачаецца цыкл жыцця прафесій. Нават само паняцце прафесія паступова змяняецца і перастае існаваць у прывычным разуменні. Расце попыт на міждысцыплінарныя кампетэнцыі, межы паміж прафесіямі сціраюцца. Такая сітуацыя вымушае нас назаўжды развітацца з ідэяй атрымання прафесіянальнай адукацыі адзін раз і на ўсё жыццё.

Акрамя безумоўнай неабходнасці навучання на працягу ўсяго жыцця ва ўмовах сучаснай эканомікі, працяглая адукацыя мае мноства станоўчых момантаў.
Па статыстыцы, наяўнасць вышэйшай адукацыі дазваляе зарабляць на працягу кар’ернага шляху на 655000$ больш мужчынам і на 455000$ больш жанчынам у параўнанні з людзьмі, якія маюць толькі школьную адукацыю.
Таксама згодна з даследаваннем 2006 года, адзін дадатковы год фармальнай адукацыі ў сярэднім дадае паўгода да працягласці жыцця чалавека.
Даказаны эфект адукацыі на працягу ўсяго жыцця на захаванне такіх кагнітыўных функцый чалавека як памяць, дазваляе сцвярджаць, што адукацыя мае станоўчы ўплыў не толькі на працягласць, але і на якасць жыцця, што асабліва актуальна для хутка сталеючага насельніцтва Зямлі.

Па-за межамі фармальнай адукацыі актыўнае развіццё анлайн агрэгатараў курсаў, платформ для навучання, адукацыйных сацыяльных сетак і праграм робіць адукацыю на працягу ўсяго жыцця натуральным і лёгкім працэсам. Большая чым раней даступнасць ведаў самага рознага характару ўжо сёння дапамагае мноству людзей у прафесіянальным развіцці і далей будзе толькі спрыяць удзелу кожнага чалавека ў эканоміцы.

2. Адукацыйныя тэхналогіі і анлайн адукацыя

Сучасная сістэма фармальнай адукацыі фарміравалася падчас першай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і мала змянілася з таго часу. Тым не менш узровень развіцця тэхналогій за гэты час пайшоў далёка наперад і вымушае адукацыю трымацца гэтай тэндэнцыі. Эксперты прагназуюць, што роля анлайн-навучання і тэхналогій у адукацыі будзе толькі расці ў будучыні. Па ацэнках аб’ём рынку EdTech вырасце да 404 мільярдаў $ да канца 2025 года.
Крыніца: сэрвіс Canva
Аналайн-навучанне перастала з’яўляцца экзотыкай падчас пандэміі Covid-19. Магчымасць ажыццяўляць эфектыўную адукацыю ў фармаце анлайн дазваляе нам не толькі быць гатовымі да непрадказальных выклікаў будучыні, але і вырашаць такія праблемы, як няроўны доступ да якаснай адукацыі, недахоп кампетэнтных адукатараў і немагчымасць вучняў прысутнічаць у класе па прычынах хваробы ці знаходжання за мяжой.

Выкарыстанне сістэм аўтаматычнай праверкі заданняў, сачэння за поспехамі навучэнцаў і збору зваротнай сувязі падчас выкарыстання анлайн-навучання таксама робіць яго інструментам павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Поўны пераход да анлайн-навучання наўрад ці адбудзецца, але мы хутчэй за ўсё будзем назіраць сусветны пераход да гібрыднай мадэлі навучання, якая будзе сумяшчаць лепшыя бакі анлайн і афлайн фарматаў.

Нягледзячы на тое, што анлайн навучанне зараз з’яўляцца адным з найбуйнейшых глабальных трэндаў у адукацыі, яго распаўсюджванне ў сістэме фармальнай адукацыі ў Беларусі з нядаўняга часу абмежавана. Згодна з новай рэдакцыяй кодэксу аб адукацыі, дыстанцыйнае навучанне ў любой форме забаронена ў беларускіх сярэдніх школах.

Адначасова з анлайн-навучаннем становяцца больш распаўсюджанымі тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і іншыя сродкі, якія ствараюць эфект пражывання досведу і робяць навучанне больш цікавым і інтэрактыўным.

Крыніца: сэрвіс Canva
Выкарыстанне такіх тэхналогій як VR (virtual reality), AR (augmented reality) і MR (mixed reality) не толькі робіць працэс навучання больш цікавым і захапляльным, але і дазваляе адукатарам тлумачыць складаныя канцэпты ў простай і даступнай форме, трэніраваць выкарыстанне навыкаў ва ўмовах сімуляцыі і вырашаць актуальную сёння праблему памяншэння аб’ёму ўвагі ў чалавека.

Выкарыстанне тэхналогій даданай рэальнасці ў адукацыі таксама мае даказаную эфектыўнасць з пункту гледжання кагнітыўнай навукі. Вядома, што запамінанне вучэбнага матэрыялу адбываецца лепш, калі ўспрыманне задзейнічае розныя мадальнасці. Эфект пражывання досведу ў вывучэнне і стварэнне жывога досведу таксама спрыяе эфектыўнаму навучанню.

3. Індывідуалізацыя навучання

У XX стагоддзі адукацыя ўпершыню пачала станавіцца сапраўды масавай з’явай. Неабходнасць забяспечыць адукацыяй вялікую колькасць людзей прывяло да масавізацыі адукацыі, што фактычна паставіла працэс навучання на канвеер.

Сёння мы можам назіраць паступовае вяртанне адукацыі да сваіх вытокаў, што робіць яго больш персаналізаваным. Шматлікія эксперты лічаць, што ў будучыні адукатары пачнуць займаць пазіцыі фасілітатараў адукацыйнага працэсу, якія будуць накіроўваць і падтрымліваць навучэнцаў на іх індывідуальным шляху да пастаўленай мэты. Такі падыход будзе ўлічваць індывідуальныя патрэбы чалавека ва ўмовах масавасці самога феномену адукацыі.
Крыніца: сэрвіс Canva
Персаналізацыя працэсу навучання дазваляе кожнаму чалавеку самаму абіраць траекторыю свайго навучання і тэмп вывучэння матэрыялу. Дадатковымі станоўчымі рысамі такога падыходу з’яўляецца большая інклюзіўнасць адукацыі і магчымасць улічваць разнастайны папярэдні досвед навучэнцаў.

Вялікую ролю ў станаўленні персаналізаванага навучання сыгралі тэхналогіі.
Ужо сёння штучны інтэлект лічбавых адукацыйных прадуктаў можа самастойна ацаніць узровень ведаў, інтарэсы і мэты навучэнца і пабудаваць індывідуальны план навучання на падставе гэтых дадзеных. Будучае развіццё такіх тэхналогій мусіць вывесці індывідуальны падыход у навучанні на новы ўзровень.

4.   Акцэнт на Soft skills і агульначалавечыя якасці

Даследаванні праведзеныя Гарвардскім універсітэтам, Фондам Карнегі і Стэнфардскім даследчым цэнтрам выявілі, што поспех чалавека ў прафесійнай дзейнасці на 85% залежыць ад узроўню развіцця мяккіх і агульначалавечых навыкаў (Soft skills) і толькі на 15% ад тэхнічных навыкаў і ведаў чалавека ў сваёй прафесійнай галіне (Hard skills).
Актыўнае развіццё аўтаматызацыі і штучнага інтэлекту толькі павялічыць каштоўнасць такіх навыкаў як крэатыўнасць, гнуткасць, лідарства, уменне працаваць у камандзе і прымаць нестандартныя рашэнні – тых кампетэнцый, дзе на сённяшні час нельга замяніць чалавека камп'ютарам.

Перспектыва аўтаматызацыі і страты працоўнага месца палохала людзей яшчэ напачатку бурнага развіцця тэхналогій, сёння гэтыя апаскі набіраюць новы моц. Па прагнозах экспертаў значная доля існуючых сёння прафесій можа сапраўды знікнуць у бліжэйшыя 5-10 год, аднак колькасць новых працоўных месцаў і прафесійных пазіцый мусіць нівеліраваць гэты эфект.

Дзеля таго, каб адказаць новым запытам працоўнага рынку, адукацыйная сістэма мусіць пераглядзець спектр навыкаў, якім навучаюцца вучні. У справаздачы “Школы будучыні” Сусветны эканамічны форум адзначыў шэраг навыкаў, якія будуць мець найбольшую каштоўнасць на рынку працы ў будучыні.
Істотную долю спісу занялі менавіта гнуткія навыкі, такія як глабальная грамадзянскасць, інавацыйнае мысленне і крэатыўнасць, міжасабістыя навыкі, такія як эмацыйны інтэлект, эмпатыя, сацыяльная дасведчанасць і кааперацыя.

Да гэтага спісу некаторыя эксперты таксама дадаюць пытанні этыкі, разнастайнасці і інклюзіі – якасці, каштоўнасць якіх адбіваецца ў стварэнні новых працоўных месцаў. Так папулярнасць пачала набіраць пазіцыя “Спецыяліст па этыцы ў галіне штучнага інтэлекту”. У 2020 годзе колькасць людзей, нанятых на пазіцыю “Спецыяліст па забяспечанні разнастайнасці, роўнасці і інклюзіі” павялічылася на 64%.

Большая чым раней каштоўнасць агульначалавечых кампетэнцый робіць незаменнай ролю настаўніка ў адукацыі будучыні нават ва ўмовах актыўнага развіцця штучнага інтэлекту, які ўжо сёння можа выконваць істотную частку працы адукатараў. Прысутнасць у адукацыйным працэсе чалавека, здольнага накіраваць увагу і энергію навучэнцаў, матываваць, спачуваць і накіроўваць навучэнцаў у бясконцых патоках інфармацыі як і раней будзе неабходна для забяспечвання якаснай адукацыі.

5. Мікранавучанне

Даследванне кампаніі Microsoft высветліла, што працягласць увагі сучаснага чалавека складае прыблізна 8 секунд, што нават менш, чым працягласць увагі залатой рыбкі.
Зніжэнне працягласці ўвагі, тэндэнцыя навучання на працягу ўсяго жыцця і сучасны рытм жыцця вымушаюць адукатараў пераглядзець падыход да навучання.

Усё большае значэнне пачынае атрымоўваць так званае мікранавучанне – фармат падчас якога навучанне займае не больш за 20 хвілін. Мікранавучанне можа ажыццяўляцца ў фармаце відэа, праграм, інфаграфікі, гульняў і сацыяльных сетак. Менавіта мікранавучанне ляжыць у аснове відэа TedEd, такіх праграм як Duolingo, паспяховага беларускага стартапу EduDo і шматлікіх іншых адукацыйных рэсурсаў.
Крыніца: сэрвіс Canva
Акрамя рацыянальнага выкарыстання часу і інтэрактыўнасці, мікранавучанне можа мець пазітыўны ўплыў на матывацыю і вынікі навучэнцаў. Апытанні праведзеныя ў некаторых амерыканскіх кампаніях дэманструюць, што верагоднасць таго, што супрацоўнікі пройдуць адукацыйны курс павышаецца, калі ён створаны ў фармаце мікранавучання.

Ідэя кароткіх адукацыйных сесій таксама адпавядае прынцыпам кагнітыўнай псіхалогіі, згодна з якімі рэгулярнае навучанне на працягу невялікага часу з’яўляецца больш эфектыўным, чым менш рэгулярнае навучанне на працягу доўгага часу.

Варта заўважыць, што эфектыўнае мікранавучанне не можа ажыццяўляцца за кошт простага драблення адукацыйнага матэрыялу і патрабуе якаснай перапрацоўкі курсу менавіта пад гэты фармат.

Мікранавучанне не з’яўляецца ўніверсальным фарматам, але можа надзвычайна эфектыўна выкарыстоўвацца ў межах сваёй нішы.

Дадзеныя прынцыпы і інструменты ўжо сёння змяняюць сістэму фармальнай і нефармальнай адукацыі і будуць толькі ўзмацняцца ў бліжэйшы час.
Made on
Tilda