Гейміфікацыя ў адукацыі

Ці можна вучыцца гуляючы?

Нягледзячы на тое, што такія тэрміны як гейміфікацыя ў адукацыі і гульнявы падыход да навучання пачалі ўжывацца адносна нядаўна, сам працэс засваення новых ведаў праз гульню бадай самы старажытны спосаб навучання.

Менавіта праз гульню адбываецца адпрацоўка ўзаемадзеянняў паміж асобінамі і засваенне неабходных для жыцця навыкаў у жывёл, і чалавек тут не з’яўляецца выключэннем.
Крыніца: сэрвіс Canva
У дзіцячым узросце мы біялагічна запраграмаваны навучацца праз гульню. Не губляецца захапленне гульнямі і ў дарослых. Гульні выкарыстоўваюць прыродную схільнасць чалавека да дасягненняў і спаборніцтваў, што ў тым ліку робіць іх эфектыўным інструментам, які актыўна выкарыстоўваецца ў самых розных сферах бізнесу.

Больш за 70% кампаній са спісу Forbes Global 2000 выкарыстоўваюць гейміфікацыю.
Крыніца: сэрвіс Canva
Гейміфікацыя ў адукацыі стала натуральным крокам для дасягнення большага ўзроўню зацікаўленасці і матывацыі навучэнцаў, а развіццё тэхналогій дазволіла вывесці выкарыстанне гульнявых элементаў у навучанні на прынцыпова новы ўзровень.

Магчыма часам адукацыя не здольная спаборнічаць па займальнасці з PS4 або Xbox, але дакладна можа прымяняць прынцыпы і тэхналогіі, якія стаяць за папулярнасцю гульняў, каб зрабіць навучанне больш цікавым.
Гейміфікацыя і гульнявое навучанне. У чым розніца?

Тэрміны гейміфікацыя і гульнявы падыход да адукацыі, часта выкарыстоўваюць як сінонімы, але насамрэч за імі крыюцца абсалютна розныя адукацыйныя стратэгіі.

Гейміфікацыя адукацыі ўжывае ў навучанні элементы гульні. У якасці прыкладаў можна прывесці бонусы, ачкі, лісты лідараў, спаборніцтва і розныя іншыя. Гейміфікацыя шырока выкарыстоўваецца не толькі ў адукацыі. Атрыманне балаў за пакупкі ў крамах ці карыстанне паслугамі – таксама прыклад гейміфікацыі.
Крыніца: сэрвіс Canva
Мэта гейміфікацыі ў адукацыі – не выкарыстанне канкрэтнай гульні, а пераўтварэнне ў гульню ўсяго працэсу навучання.

Яскравым прыкладам гейміфікацыі з’яўляецца праграма Class Dojo. Кожны навучэнец мае свой профіль у праграме, адукатар налічвае балы за дасягненні вучняў. Агульны рэйтынг групы выводзіцца на дошку.
Крыніца: iSpring
Падобнай схемай карыстаюцца многія адукацыйныя праграмы для вывучэння замежных моў, анлайн і афлайн школы.

У адрозненні ад гейміфікацыі, гульнявое навучанне непасрэдна адбываецца падчас гульні. Пры чым адукацыйная гульня можа быць як лічбавай, так і праводзіцца ў фармаце афлайн.

Так кампанія Domino’s Pizza запусціла гульню Pizza Hero, у якой гульцы вучыліся гатаваць розныя віды піц з Domino’s.
Крыніца: unit9.com
Гульня дазваляла гатаваць піцу па сапраўдным рэцэптам з таймерам і атрымоўваць балы за добрыя вынікі. Праз некаторы час Domino’s запрасілі 5000 самых актыўных гульцоў на працу, таму што яны ўжо ведалі, як гатаваць піцу. Такім чынам, звычайная гульня стала эфектыўным інструментам навучання будучых супрацоўнікаў.
У незалежнасці ад стратэгіі выкарыстання гульняў у адукацыі, галоўнай мэтай гульні заўжды з’яўляецца дасягненне адукацыйных вынікаў, што прынцыпова адрознівае гейміфікацыю і гульнявое навучанне ад забаўляльнай індустрыі.

І гейміфікацыя, і гульнявое навучання могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў навучанні. Які прыём абраць, будзе залежыць ад асаблівасцей прадмету вывучэння і вашых навучэнцаў.
Чаму такі падыход працуе?

У тым ці іншым выглядзе элементы гульні заўжды прысутнічалі ў адукацыі. І гэта не дзіўна.

Гульня дапамагае паменшыць разрыў паміж тым, што чалавеку патрэбна рабіць, і тым, што яму падабаецца.

Кансультант па пытаннях інвестыцый у сацыяльную сферу Павел Фунцікаў

для газеты “Звязда”

Элемент узнагароды і спаборніцтва падчас гульні з’яўляецца крыніцай знешняй матывацыі і значна павышае ўцягнутасць навучэнцаў у адкацыйны працэс. Запуск сінтэзу асобых нейрамедыятараў у адказ на поспехі абумоўлівае пачуццё асалоды ад гульні на фізіялагічным узроўні і вымушае працягваць гульню. Так з дапамогай гейміфікацыі чалавек становіцца ў добрым сэнсе залежным ад навучання і працягвае атрымоўваць новыя веды.
Крыніца: сэрвіс Canva
Па інфармацыі прыведзенай у FinancesOnline гейміфікацыя ў карпаратыўным навучанні дазваляе на 60% павялічыць уцягнутасць супрацоўнікаў і на 50% іх прадуктыўнасць. Пры гэтым 80% карпаратыўных работнікаў у ЗША згаджаюцца, што гейміфікацыя робіць працэс навучання больш захапляльным.
Акрамя больш высокай матывацыі вучыцца, якасна пабудаваная гейміфікацыя здольная дапамагчы больш эфектыўна засвойваць матэрыял. У адным з папярэдніх матэрыялаў, прысвечаных тэхнікам запамінання, мы ўжо ўзгадавалі, што працэс запамінання знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з эмоцыямі.

Больш эмацыянальна афарбаваная інфармацыя мае больш шансаў быць захаванай у доўгатэрміновай памяці. Гейміфікацыя дазваляе дадаць эмацыянальны кампанент да навучанне і спрыяе якаснаму запамінанню.

Выкарыстанне візуальных сродкаў падчас гейміфікацыі таксама дапамагае больш проста запомніць інфармацыю.
Крыніца: сэрвіс Canva
Гейміфікацыя і гульнявое навучанне ствараюць бяспечнае асяроддзе для навучання. Скот Остервейл, крэатыўны дырэктар падраздзялення Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, які распрацоўвае адукацыйныя камп'ютарныя гульні, апісаў гэты прынцып як 4 свабоды гульні.

У гульні можна без перашкод рабіць і выпраўляць памылкі, эксперыментаваць, прымяраць на сябе новыя вобразы і погляды, аналізаваць сітуацыю і наступства распачатых дзеянняў без сапраўднай рызыкі для жыцця, здароўя ці сацыяльнага статусу.
У адрозненні ад класічнай сістэмы адукацыі, прымяненне гейміфікацыі робіць памылкі часткай гульні і дазваляе навучэнцам больш смела тэсціраваць новыя гіпотэзы і ўжываць новыя веды.

Гейміфікацыя дакладна робіць навучанне больш прыемным і дазваляе развіваць у навучэнцаў шчырае жаданне вучыцца. Тым не менш, варта адзначыць, што эфектыўнасць гейміфікацыі для засваення і фармальнай ацэнкі ведаў застаецца прадметам спрэчак. Некаторыя даследаванні выяўляюць большую эфектыўнасць гейміфіцыраванага навучання ў параўнанні з класічнымі падыходамі, але не дазваляюць прыйсці да адназначнай высновы.
Крыніца: сэрвіс Canva
Як і ў выпадку іншых адукацыйных інструментаў, эфектыўнасць гейміфікацыі будзе залежыць ад граматнасці карыстання гэтым інструментам.

Гульні толькі для дзяцей?

Варта адзначыць, што гейміфікацыя адукацыі з’яўляецца эфектыўным інструментам і ў навучанні дарослых.

У фармальнай сістэме адукацыі і ў грамадстве цалкам гульні больш звязваюць з адукацыяй дзяцей. Ужо пачынаючы с сярэдняга школьнага ўзросту элементы гульні амаль цалкам знікаюць з працэсу навучання, а гульні ў адукацыі дарослых увогуле часта лічацца чымсьці несур'ёзным.

А насамрэч дарма. Дарослыя любяць гуляць зусім не менш за дзяцей, хоць і не заўжды ў гэтым прызнаюцца. Сярэдні ўзрост чалавека, які гуляе ў электронныя гульні ў Еўропе і Паўднёвай Амерыцы – 35 год. Пры гэтым 60% насельніцтва планеты вабіць час з дапамогай гульняў.
Апытанні сцвярджаюць, што дарослая аўдыторыя аддае перавагу такім інструментам гейміфікацыі, як праходжанне ўзроўняў, атрыманне адзнак і балаў, зваротная сувязь у рэжыме рэальнага часу і візуалізацыя прагрэсу. У меншай ступені дарослых заахвочвае віртуальная валюта, персанажы і магчымасць быць часткай гісторыі.
Крыніца: Duolingo
Эфектыўнасць гейміфікацыі ў адукацыі дарослых знаходзіць пацверджанне ў галіне карпаратыўнай і бізнес-адукацыі. Бізнес-гульні з’яўляюцца папулярным інструментам навучання супрацоўнікаў па ўсім свеце. Ёсць свае паспяховыя прыклады і ў Беларусі, такія як гульнятэхнічная трэнінгавая кампанія ProGameGym.
Як пераўтварыць любы ўрок ці трэнінг у гульню?

Такім чынам, гейміфікацыя – гэта выдатны спосаб уцягвання вучняў любога ўзросту ў працэс навучання. Пачаць выкарыстоўваць гейміфікацыю ў навучанні можна з дапамогай наступных чатырох этапаў:

1. Вызначыце мэту

Гульня дзеля гульні неэфектыўна і не дапаможа ў дасягненні вынікаў. Адукатар мусіць добра разумець дзе і навошта выкарыстоўваюцца элементы гульні. Неабходна ацаніць патэнцыйную эфектыўнасць прымянення гейміфікацыі для кожнага канкрэтнага модулю, курсу ці ўроку. Ці дапаможа гульня лепш зразумець матэрыял у дадзеным выпадку?

Трымайце ў галаве само вызначэнне канцэпту гульні. Любая гульня мусіць мець зразумелы набор правіл і добра вызначаную мэту. Кожнае дзеянне гульцоў мусіць суправаджацца маментальнай зваротнай сувяззю.
2. Пачніце з малага

Дадавайце элементы гульні ў навучанне паступова. Абярыце адзін невялікі курс ці праграму і паэксперыментуйце з рознымі падыходамі. Вызначыце, што працуе для вас і вашых вучняў.
У якасці інструментаў гейміфікацыі можна выкарыстаць гульнявыя ўзроўні, сістэму балаў, значкі, медалі ці спаборніцтва.

Важна, каб гульнявых узнагарод не было занадта шмат. Узнагарода мусіць быць вынікам плённай працы. У зваротным выпадку такія інструменты хутка страцяць каштоўнасць у вачах навучэнцаў.
Крыніца: Unicraft
У працэсе гейміфікацыі галоўнае, што трэба зрабіць адукатару – своечасова спыніцца. Дабаўленне ўсё большай колькасці гульнявых элементаў можа ператварыць навучанне ў бессэнсоўнае марнаванне часу. Галоўнай мэтай навучання мусіць заставацца засваенне новых навыкаў і ведаў.

3.   Вызначыце правілы гульні

Усе ўдзельнікі мусяць ведаць правілы гульні. Зразумелыя і празрыстыя правілы дапамогуць захаваць дысцыпліну і падтрымліваць матывацыю навучэнцаў. За якія заданні можна атрымаць балы? Што яны азначаюць? Якія крытэрыі праходжання на наступны ўзровень?

Крыніца: сэрвіс Canva
Для захавання матывацыі ўдзельнікаў важна, каб правілы працавалі аднолькава для ўсіх.

4. Абярыце спосаб правядзення гульні

Гатовую канцэпцыю гульні вы можаце арганізаваць у афлайн, анлайн ці змешаным фармаце.
Неабходны функцыянал прапаноўваюць многія анлайн-платформы для стварэння адукацыйных курсаў, такія як Unicraft. Стварыць гульню без навыкаў праграмавання дазваляюць праграмы Kahoot! і Stencyl. Шырокі спектр магчымасцей прапаноўвае пашырэнне папулярнай гульні Minecraft Education Edition. Прыклад прымянення Minecraft Education Edition для вывучэння хіміі можна паглядзець на YouTube канале міжнароднай анлайн-школы створанай у Беларусі Айцігеніа.
Крыніца: сэрвіс Canva
Гейміфіцыраваць сваю адукацыйную праграму, курс ці ўрок можна без істотных тэхнічных і фінансавых рэсурсаў. Існуе мноства бясплатных праграм і спосабаў ператварыць афлайн навучанне ў гульню. Галоўнае праявіць крыху крэатыўнасці і фантазіі.

Made on
Tilda