Зваротная сувязь у школе

Як зваротная сувязь уплывае на матывацыю і вынікі вучняў?

Як даваць якасную зваротную сувязь?

Зваротная сувязь – неабходная ўмова для паспяховага навучання. Да гэтай высновы прыходзяць і настаўнікі, і навукоўцы. Толькі рэгулярна атрымоўваючы іншае меркаванне наконт зробленай працы, магчыма пастаянна ўдасканальваць свае здольнасці.

Тым не менш, згодна з даследваннямі, эфект зваротнай сувязі на вынікі чалавека не заўсёды пазітыўны.

Якасная зваротная сувязь – цудоўны інструмент у руках настаўніка, які здольны накіраваць вучня, павысіць матывацыю і натхніць на атрыманне новых ведаў. І наадварот, адсутнасць ці неканструктыўнасць зваротнай сувязі можа вельмі дрэнна ўплываць на вынікі вучняў і іх жаданне вучыцца.

Нажаль, нельга сказаць, што вучні заўсёды атрымоўваюць добрую зваротную сувязь. Каментуючы працу другога чалавека, людзі звычайна трапляюць у адну з дзвюх катэгорый:

У выпадку вельмі прамалінейнай зваротнай сувязі мозг успрымае такія заўвагі як сацыяльную пагрозу і адмаўляецца яе аналізаваць, уключаючы рэжым ігнаравання ці абароны.
Чалавек можа вучыцца на сваіх памылках, да таго часу, пакуль не пачынае іх адмаўляць.

Легендарны баскетбольны трэнер Джон Вудэн

Гэта звязана з дзейнасцю даволі старажытнай часткі мозгу амігдалай, якая ў многім адказная за нашы эмоцыі і такім чынам абараняе нас ад пагрозы быць у той ці іншай ступені зняважанымі.

Калі ж зваротная сувязь наадварот вельмі ўскосная, тады чалавек не будзе разумець, пра што менавіта ідзе гаворка і як выкарыстаць гэтую інфармацыю на сваю карысць.

Даведацца, як не апынуцца ў адной з гэтых катэгорый і даваць якасную зваротную сувязь, якая будзе найлепшым чынам адбівацца на выніках вучняў і іх матывацыі, – гэта тое, што можа зрабіць кожны настаўнік для хуткага і гарантаванага паляпшэння поспехаў сваіх вучняў. І менавіта пра гэта і пойдзе гаворка ў дадзеным артыкуле.



Нашмат больш, чым адзнакі. Віды зваротнай сувязі


Гаворачы пра зваротную сувязь паміж настаўнікам і вучнем, мы часцей за ўсё думаем пра адзнакі. Але далёка не толькі з дапамогай адзнак можна ацаніць працу вучняў і накіраваць іх намаганні ў неабходны бок. Варта не забывацца выкарыстоўваць і іншыя віды зваротнай сувязі, такія як вусная размова з вучнем, пісьмовыя каментары да задання, жэсты і гэтак далей.

Звыклае атрыманне адзнакі амаль ніколі не дае вучню поўны адказ на важныя пытанні: “Што я зрабіў добра?”, “Як я магу палепшыць свае вынікі ў наступны раз?”, “Якім чынам я магу гэта зрабіць?”.

Менавіта камбінацыя розных відаў зваротнай сувязі дае настаўніку магчымасць прапанаваць вучню больш інфармацыі пра цяперашнюю сітуацыю і даць больш магчымасцяў для росту ў будучыні.

Акрамя розных спосабаў каментавання працы вучняў, зваротную сувязь можна падзяліць на 4 катыгорыі адносна яе эфектыўнасці і ступені пазітыўнасці.
Пра дадзеную класіфікацыю распавядае ў сваім блоге брытанскі настаўнік
Рос МакГіл.

Зваротную сувязь, якую вы прапаноўваеце вучням, звычайна можна падзяліць на наступныя групы:


ПарадаВы не цалкам задаволены працай вучня, таму даяце яму параду, якая дапаможа выправіць сітуацыю і зрабіць заданне лепш у будучыні.


Крытыка. У выпадку крытыкі вы таксама не задаволены зробленай працай і выказваеце свае заўвагі. У адрозненні ад парады крытыка не змяшчае інструкцый па паляпшэнні якасці выканання задання ў будучыні.


Камплімент. Вы цалкам задаволены працай вучня і акцэнтуеце ўвагу на момантах, якія найбольш спадабаліся вам у зробленай працы.


Прапанова. Вы таксама задаволены вынікамі працы, але, у адрозненні ад кампліменту, дадаткова робіце прапановы, як дасягнуць яшчэ больш выдатных вынікаў у наступны раз.

Крытыка і камплімент не з’яўляюцца эфектыўнымі сродкамі зваротнай сувязі. Крытыка нясе негатыўны характар і можа мець разбуральны эфект на матывацыю і самаацэнку вучня. Кампліменты безумоўна прыемна атрымоўваць, але яны не нясуць у сабе магчымасцяў для развіцця здольнасцяў вучня.

Такім чынам крытыка і камплімент даюць негатыўную ці пазітыўную ацэнку працы, але не дапамагаюць вучню расці і не спрыяюць навучанню.

Больш эфектыўнымі сродкамі зваротнай сувязі з’яўляюцца парады і прапановы. У абовух выпадках вы даяце вучню канкрэтныя інструкцыі для паляпшэння вынікаў сваёй працы ў будучыні, натхняеце на навучанне і павышаеце матывацыю.

Каб парады і прапановы не страцілі свайго пазітыўнага эфекту, звяртайце ўвагу на мову, якую вы выкарыстоўваеце. Даючы зваротную сувязь варта пазбягаць слова “але”“Ты напісаў выдатнае сачыненне, але наступны раз звярні, калі ласка, увагу на афармленне цытатаў”. “Але” быццам перакрэслівае першую частку такога водгуку, пакідаючы толькі заўвагу. Замест “але” лепш выкарыстоўваць саюз “і”. “Ты напісаў выдатнае сачыненне, і наступны раз звярні, калі ласка, увагу на афармленне цытатаў”.

Такім чынам вы адначасовы звяртаеце ўвагу на пазітыўныя моманты працы вучня і даяце накірунак для далейшага развіцця.
Як “упакаваць” зваротную сувязь?

У незалежнасці ад таго, які ваш каментар адносна працы вучня, ён павінен быць упакаваны ў пазітыўную ўпакоўку. Пра гэтую абавязковую ўмову распавядае ў сваей кнізе “Класны настаўнік” знакамітая брытанская настаўніца і кансультантка па пытаннях адукацыі міжнароднага ўзроўню Ніна Джэксан.

Атрымоўваючы вашу зваротную сувязь вучань павінен зразумець: “Я сапраўды ўсё магу”. Добразычлівы водгук ад настаўніка пазітыўна адбіваецца не толькі на акадэмічных поспехах вучня, але і на яго самаадчуванні падчас працэсу навучання.

Гэта зусім не азначае, што вам трэба зачыняць вочы на памылкі вучняў і адмовіцца ад шчырых водгукаў. Зусім не! Але ўсё ж такі неверагодна важна даваць любую зваротную сувязь з пазіцыі павагі і клопату пра поспехі вучня.

Выпраўляючы памылкі і прапаноўваючы парады, не забывайце заўважыць і тое, што ў вучня атрымоўваецца добра.

Каб неўсвядомлена не зрабіць вашу зваротную сувязь занадта крытычнай, можна скарыстацца добра вядомым многім правілам “бутэрброду зваротнай сувязі”.
Пачынаючы і заканчваючы размову ці пісьмовы водгук на пазітыўнай ноце і змяшчаючы ўсе выпраўленні і заўвагі ў сярэдзіне, вы маеце магчымасць звярнуць увагу вучня на ўсе недахопы працы, не губляючы добразычлівасці вашай зваротнай сувязі.

Вельмі лёгка цалкам сканцэнтравацца на памылках і недахопах працы вучня і не звярнуць дастаткова ўвагі на тое, што атрымалася добра. Але досвед і даследванні спецыялістаў сцвярджаюць, што атрыманне пазітыўнай зваротнай сувязі не менш істотна для паспяховага навучання, чым больш крытычныя водгукі. (Напрыклад можаце азнаёміцца з артыкулам “Як сапраўды выглядае добрая зваротная сувязь?” на Harvard Business Review).

Варта знаходзіць зачэпкі для таго каб пахваліць вучня, нават калі знаходзіць іх вельмі цяжка.

Магчыма, вучань зрабіў менш памылак, чым у папярэдняй працы ці выкарыстаў незвычайны спосаб рашэння задачы. Ваша ўвага да маленькіх і вялікіх перамог дасць вучням тую падтрымку, якая неабходна для падтрымання матывацыі і проста добрага самаадчування.

Устаноўка на данасць і ўстаноўка на рост. Якое пасланне вы даносіце вучням?

Мы прыйшлі да высновы, што якасная зваротная сувязь можа значна палепшыць акадэмічныя вынікі вучняў, падтрымаць іх матывацыю і спрыяць іх развіццю. Але чаму адна зваротная сувязь натхняе на ўдасканальванне сваіх ведаў і здольнасцяў, а іншая, наадварот, знішчае жаданне вучняў працаваць?

У сваей кнізе “Гібкая свядомасць” знакаміты псіхолаг Кэрал Дуэк сцвярджае, што ўплыў водгуку настаўніка на вынікі вучняў залежыць ад устаноўкі, з пазіцыі якой настаўнік дае зваротную сувязь.

Праводзячы даследванні, Кэрал і яе каманда высветлелі, што пры навучанні чалавек можа мець адну з дзвюх установак.
Чалавек з устаноўкай на данасць лічыць, што мы з самага пачатку нараджаемся разумнымі ці не, са здольнасцямі да матэматыкі ці без іх і гэтак далей. Інтэлект і здольнасці ў разуменні чалавека з устаноўкай на данасць – канстанты, якія нельга змяніць, а можна толькі навучыцца з імі жыць.

Чалавек жа з устаноўкай на рост лічыць, што інтэлект і здольнасці можна развіваць і што любыя поспехі ў той ці іншай галіне – вынік цяжкай працы, а не таленавітасці.

Менавіта ад устаноўкі залежыць, на што будуць накіраваны намаганні чалавека ў працэсе навучання. Вучні з устаноўкай на данасць будуць імкнуцца ўсімі спосабамі даказаць свае здольнасці, вельмі балюча адносіцца да памылак і пазбягаць усялякіх рызкаў звязаных з выкананнем больш цяжкіх заданняў.

У адрозненні ад першай групы, вучні з устаноўкай на рост бачаць у цяжкіх заданнях не выпрабаванне для ўласных здольнасцяў, а магчымасць засвоіць нешта новае. Людзі з такой устаноўкай лепш спраўляюцца з цяжкасцямі і памылкамі, маюць больш здаровую самаацэнку і ўвогуле звычайна дэманструюць больш высокія вынікі ў навучанні.
У адным з даследванняў Дуэк і яе каманда назіралі за некалькімі сотнямі школьнікаў, большасць з якіх была малодшага падлеткавага ўзросту.

Вучні былі падзелены на дзве групы і кожнай з іх было прапанавана рашыць даволі складаныя задачы з невербальнай часткі IQ-тэсту. Пасля тэсту ўсіх дзяцей пахвалілі за выдатную працу.

Першую групу хвалілі за іх здольнасці: “Верагодна ты насамрэч гэта добра разумееш!”. Другую групу пахвалілі за іх намаганні: “У цябе цудоўны вынік! Спадзяюся ты вельмі старанна папрацаваў!”.

На першым этапе эксперыменту вынікі вучняў былі прыблізна аднолькавыя, але пасля атрымання зваротнай сувязі адбыліся істотныя змены.
Калі падлеткам далі рашаць больш складаныя задачы, вынікі першай групы значна знізіліся. Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі падчас рашэння, вучні згубілі веру ў свае здольнасці і не змаглі палепшыць свае вынікі, нават калі ім зноў прапанавалі больш лёгкія заданні.

Падлеткі з другой групы не толькі значна лепш справіліся з рашэннем складаных задач, яны таксама павысілі свае вынікі адносна першага этапу эксперыменту, калі зноў вярнуліся да больш лёгкіх задач.

Такім чынам, вучні, якіх накіравалі на ўстаноўку на рост, не толькі дэманстравалі больш высокія вынікі ў складанай сітуацыі, але і выкарысталі гэтыя цяжкасці для трэніроўкі і паляпшэння сваіх вынікаў у наступных заданнях.

Больш за тое, калі вучням прапаноўвалі выбраць, якія заданні яны хочуць рашаць, першая група рабіла выбар у бок больш лёгкіх заданняў, з якімі яны добра спраўляліся. Другая ж група выбірала больш складаныя задачы, якія дапамагалі ім з кожным разам удасканальваць свае здольнасці. Таксама вучні з другой групы атрымоўвалі больш асалоды ад рашэння складаных задач.
Важна разумець, што ўстаноўка – гэта не пастаяннае значэнне. Чалавека можна падштурхнуць да выкарыстання той ці іншай устаноўкі. Дзеці неверагодна спагадліва ўлоўліваюць у зваротнай сувязі ўстаноўку на данасць ці ўстаноўку на рост і ў залежнасці ад гэтага мяняюць сваю рэакцыю на водгук настаўніка.

Кожнае слова і дзеянне, якое вы робіце ў дачыненні да вучня, дасылае яму адно з дзвюх пасланняў“Твае якасці нязменныя, і я іх ацэньваю” ці “Ты знаходзішся ў стане развіцця, і я зацікаўлены ў тваіх поспехах”.

Каб сапраўды накіроўваць вучняў да пастаяннага развіцця, як пазітыўную, так і больш крытычную зваротную сувязь варта выказваць з пазіцыі ўстаноўкі на рост.

Для гэтага любы водгук, які вы прапануеце вучню павінен быць накіраваны на яго намаганні і вынікі, а не асабістыя якасці.

На падставе такога ж самага прынцыпу варта даваць негатыўную
зваротную сувязь.
Прапануючы вучням крытычную зваротную сувязь, настаўніку таксама варта звярнуць увагу на мову.

Звяртаючы ўвагу вучняў на слабыя бакі іх працы і натхняючы іх на паляпшэнне сваіх вынікаў, вам могуць спатрэбіцца два чароўныя словы “пакуль што”.

“У цябе пакуль што не вельмі паспяхова атрымоўваецца рашаць задачы такога тыпу”“Я бачу, што табе пакуль складана выкарыстоўваць гэтую граматычную канструкцыю”. Менавіта “пакуль што” дае вучню падказку, што цяжкасці ў вывучэнні гэтых тэмаў часовыя і могуць быць пераадолены ў будучыні.


Алгарытм эфектыўнай зваротнай сувязі


Аб’ядноўваючы ўсе прынцыпы, якія былі абмеркаваны вышэй, а таксама дапаўняючы іх рэкамендацыямі з блогу брытанскага настаўніка Роса МакГіла і парадамі арганізатараў адной з буйнейшых канферэнцый TED, можна прыйсці да наступнага алгарытму эфектыўнай зваротнай сувязі.

  1. Агучце дакладныя патрабаванні
Эфектыўная зваротная сувязь пачынаецца з дакладных патрабаванняў.

Разумеючы крытэрыі паспяховай працы, вучань будзе ведаць, на што накіраваць свае намаганні, а вы зможаце даць больш канструктыўную зваротную сувязь, звяртаючыся да крытэрыяў ацэнкі работы.
2. Звярніце ўвагу на час і месца
Каб зваротная сувязь была добра ўспрымана вучнем, яна павінна быць агучана ў падыходзячым асяроддзі. Асабліва гэта датычыцца негатыўнай зваротнай сувязі.

Любыя крытычныя каментары адносна навучання ці паводзінаў вучня варта рабіць з вока на вока, каб яны былі ў поўнай меры ўспрыняты вучнем.
3. Атрымайце згоду на зваротную сувязь
Перш чым вы агучыце вучню сваё меркаванне адносна яго працы ці акадэмічных вынікаў увогуле, карысна спытаць, ці можаце вы прапанаваць зваротную сувязь.

“Ці ёсць у цябе час абмеркаваць вынікі твайго сачыння пасля ўроку?”, “Можна я дам табе некалькі парадаў адносна тваёй дамашняй работы?”.

Атрымоўваючы адказ на такое пытанне, вы даяце некаторую аўтаномію вучню і з самага пачатку пераўтвараеце вашу размову ў дыялог.

Таксама гэта дае мозгу сваеасаблівы сігнал і дазваляе падрыхтавацца да аналізу зваротнай сувязі.
4. Грунтуйцеся на фактах
Прапаноўваючы зваротную сувязь, пазбягайце неаб’ектыўных каментароў. Ясна агучваеце, што менавіта вам спадабалася ці не спадабалася ў працы вучня і пазбягайце абагульнення.

Напрыклад, “Табе варта быць больш ініцыятыўным” лепей зрабіць больш канкрэтным: “Табе варта больш актыўна ўдзельнічаць у нашых абмеркаваннях пад час уроку”, а заўвагу “Я бы хацеў, каб ты з павагай адносіўся да сваіх аданкласнікаў” замяніць на апісанне канкрэтнай сітуацыі: “Ты непрыгожа паступіў, калі перапыніў свайго аднакласніка сёння на ўроку”.

Такім чынам вы пазбягаеце навешвання ярлыкоў і паказваеце вучню, што ваша зваротная сувязь з’яўляецца сапраўды шчырай.

5. Падтрымлівайце дыялог паміж вучнямі

Настаўнік – не адзіны чалавек у класе, які можа даць вучню якасную зваротную сувязь.

Паспрабуйце выкарыстоўваць правіла С3B4Me (Contact 3 before me), якое прапаноўвае вучню абмеркаваць сваё пытанне з трыма аднакласнікамі перад тым, як звярнуцца да настаўніка.

Такі метад не толькі дае магчымасць вучням вырашаць некаторыя пытанні самастойна, але і выдатна вучыць іх падтрымліваць адзін аднаго і працаваць сумесна.

6. Дапамагайце рабіць высновы

Абавязкова дапамажыце вучню прыйсці да высновы на падставе вашай зваротнай сувязі. Якое канкрэтнае дзеянне ён можа зрабіць у наступны раз, каб палепшыць свае вынікі. Папрасіце вучня сцісла пераказаць змест вашай размовы і агучыць план дзеянняў.

7. Задайце пытанне

Імкніцеся наладзіць дыялог з вучнем. Пасля таго, як вы агучылі сваю зваротную сувязь, даведайцеся меркаванне вучня. Ці згодны ён з вашым водгукам? Якім чынам вучань спадзяецца зрабіць працу лепш у наступны раз?

Гэтыя простыя прынцыпы дазволяць вам даваць сваім вучням сапраўды якасную зваротную сувязь, якая не толькі будзе кожны раз паляпшаць іх вынікі, але і падтрымліваць іх матывацыю на цяжкім шляху да новых ведаў.

Чытайце таксама:

Made on
Tilda