Сучасныя фарматы крэатыўнай працы

Як стварыць умовы для генерацыі новых ідэй?

Генерацыя новых ідэй і пошук інавацыйных рашэнняў – неад’емная частка жыцця любой кампаніі ці стартапу. Любы новы праект пачынаецца з ідэі і развіваецца ў працэсе пошуку адказаў на новыя выклікі і сітуацыі.

Можна чакаць, пакуль геніяльная ідэя наведае вас у сне ці ў душы, а можна ўзяць сітуацыю ў свае рукі і стварыць аптымальныя ўмовы для плённай працы і нараджэння інавацый.
Сёння пагаворым пра 4 сучасных фарматы працы, якія дазваляюць арганізаваць работу ў камандзе і шукаць новыя крэатыўныя рашэнні любых праблем, з якімі сутыкаецца ваш бізнес ці праект.

Такія формы працы будуць карысны не толькі кампаніям, правядзенне хакатонаў, мазгавых штурмаў і рознага роду стратэгічных сэсій будзе карысна дзяржаўным і некамерцыйным арганізацыям, лакальным адміністрацыям і проста кожнаму, хто знаходзіцца ў пошуку новых ідэй і рашэнняў.

Хакатон

  • Працягласць
    Ад аднаго дня да тыдня.

    Звычайна 48 гадзін.
  • Колькасць удзельнікаў
    Па 2-5 чалавек на каманду. Колькасць каманд не абмежавана. У хакатонах могуць прымаць удзел і дзясяткі, і сотні чалавек.

    Звычайна колькасць удзельнікаў адкрытых хакатонаў - 50-200 чалавек.
  • Мэта
    Стварэнне мінімальных жыццяздольных прадуктаў для рашэння пэўнай праблемы ў сціснуты час.
Хакатон – мерапрыемства, якое збірае каманды спецыялістаў розных сфер для вырашэння нейкай праблемы. Назва “хакатон” атрымалася пры сумяшчэнні слоў “хакер“ і “марафон”, а сам фармат працы прыйшоў з IT-сферы і быў хутка пераняты і адаптаваны для вырашэння праблем у галінах фінансаў, медыцыны, экалогіі, адукацыі і многіх іншых.

Паняцце хакатон незалежна пачалі выкарыстоўваць распрацоўшчыкі кампаній OpenBSD и Sun Microsystems у 1999 годзе. Фармат хутка стаў папулярным і пачалі разглядацца кампаніямі і інвестарамі як хуткі спосаб распрацоўкі праграмных тэхналогій.

Класічны хакатон працягваецца 48 гадзін з вечара пятніцы да вечара нядзелі, але магчымы і фарматы працягласць ад аднаго дню да тыдня. Пад час хакатона ўдзельнікі могуць не пакідаць лакацыю, шмат хто застаецца працаваць і ноччу.

Пад час пандэміі папулярнымі сталі анлайн хакатоны, якія працягваюць ладзіцца па ўсім свеце і сёння. У верасні 2022 анлайн хакатон правялі ў NASA.
А ў Беларусі прайшоў анлайн-хакатон ПРААН па стварэнню інфраструктуры для самага вялікага востраву ў Беларусі. 

ДУша востраву

Анлайн-хакатон
Галоўная асаблівасць хакатону – тое, што часам незнаёмыя паміж сабой людзі з розным досведам аб’ядноўваюцца і ў сціснуты час распрацоўваюць план вырашэння пэўнай праблемы ці нават мінімальны жыццяздольны прадукт (MVP), які можна запусціць і пратэсціраваць. Такім прадуктам можа стаць праграма, мабільны дадатак, сайт, сэрвіс, інфаграфіка ці не лічбавы прадукт / праект гатовы да тэставага запуску.

Хакатон – вельмі гнуткі фармат, які лёгка адаптаваць пад вашы патрэбы.

Хакатоны могуць быць адкрытымі для наведвання, а таксама праводзіцца ўнутры пэўнай арганізацыі сярод супрацоўнікаў для вырашэння канкрэтных карпаратыўных задач. Такія хакатоны праводзяцца ў Facebook, Estée Lauder, Capital One і іншых.

Хакатоны праводзяць нават у цягніках і самалётах!

Хакатоны бываюць сацыяльнымі, культурнымі ці камерцыйнымі; тэматычнымі ці на агульную тэму; скіраваныя на пошук рашэнняў праблемы арганізацыі, сацыяльнай групы ці рэгіёну.

У хакатоне могуць удзельнічаць як аўтары ідэй, так і людзі без дакладнай ідэі, але гатовыя ствараць новае і плённа працаваць. У хакатоне можа ўдзельнічаць ужо сфарміраваная каманда спецыялістаў ці каманда можа стварацца з нуля падчас хакатона.

Звычайна тэматыка хакатона абвяшчаецца загадзя. Хакатон пачынаецца з пітчынгу ідэй (невялікія прэзентацыі не больш за 1,5 хвіліны), пасля чаго ўдзельнікі аб’ядноўваюцца ў каманды і працуюць над сваёй ідэяй з падтрымкай арганізатараў і ментараў. Па завяршэнні хакатона адбываюцца фінальныя прэзентацыі (не больш за 3 хвіліны).

HackZurich 2022
Хакатоны даюць магчымасць атрымаць грант на рэалізацыю ідэі, падарункі ад партнёраў, ментарскую падтрымку ці падтрымку кіраўніцтва кампаніі і рэсурсы для рэалізацыі сваёй ідэі ўнутры арганізацыі.

Хакатон – гэта выдатная магчымасць папрацаваць у камандзе спецыялістаў розных сфер дзейнасці, атрымаць зваротную сувязь ад экспертаў, знайсці карысныя кантакты, першыя інвестыцыі і нарэшце сабрацца і рэалізаваць ідэю, на якую так даўно “не хапала часу”.

Зразумела, не ўсе ідэі, якія нараджаюцца на хакатонах, праходзяць праверку часам і пераўтвараюцца ў сапраўдныя праекты, але ёсць сярод “хакатоншчыкаў” і яскравыя гісторыі поспеху.

Напрыклад, сусветна вядомая праграма беларускіх распрацоўшчыкаў MSQRD, першая версія якой была створана за 48 гадзін на хакатоне ў Мінску ў 2015 годзе. Праграма набрала больш за мільён карыстальнікаў менш, чым за 2 месяцы, а яшчэ праз некалькі месяцаў праграму і тэхналогію набыў Facebook.

Фотаздымак: "Пра Бізнес"

Таксама на хакатонах нарадзіліся


Папулярны ў ЗША і многіх іншых краінах мэсанджар GroupMe.
Сэрвіс для выкліку таксі, даступны ў 30+ краінах свету Easy Taxi.
Сінгапурскай праграма для продажу непатрэбных рэчаў Carousell.
Сэрвіс, які дапамагае рэстаранам проста стварыць якасны сайт Appetas.
У гэтым годзе адбылося ўжо 2 EdTech хакатоны, на якіх удзельнікі з розных краін і куткоў Беларусі працавалі над сваімі ідэямі тэхналогій для адукацыі.

Сачыце за сацыяльнымі сеткамі і інфармацыяй на сайце EdTech Belarus, каб першымі даведвацца пра новыя магчымасці.

Таксама нагадаем, што ў вас ёсць магчымасць замовіць правядзенне хакатону для вашай арганізацыі.
Замовіць хакатон для вашай арганізацыі

Дызайн-мысленне

  • Працягласць
    Ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён.
  • Колькасць удзельнікаў
    Па 2-5 чалавек на каманду. Колькасць каманд не абмежавана. Каманды працуюць пад кіраўніцтвам фасілітатара.
  • Мэта
    Пошук нестандартных рашэнняў праблемы, арыентаваных на патрэбы чалавека.
Дызайн-мысленне – гэта метадалогія пошуку рашэнняў праблем, якая грунтуецца не на аналітычным, а на творчым падыходзе. Няма сэнсу выкарыстоўваць прынцыпы дызайн-мыслення для вырашэння тэхнічных задач, якія маюць добра вядомыя алгарытмы рашэнняў. Дызайн-мысленне выкарыстоўваецца для рашэння нетыповых задач і пошуку вялікай колькасці нестандартных рашэнняў.

Метадалогія дызайн-мыслення была створана Хассо Платтнерам і Дэаідам Келлі, заснавальнікамі дызайн-школы Hasso Plattner Institute of Design, якая аб’яднала практыкі кіраўніцтва і бізнесу з традыцыйнай інжынернай адукацыяй. Нельга сказаць, што яны стварылі дызайн-мысленне, але менавіта яны сістэматызавалі прынцыпы такога падыходу ў зразумелы канцэпт, стварылі брэнд і пачалі распаўсюджваць такую практыку.

Цэнтар дызайн-мыслення
Ідэалогія дызайн-мыслення заснавана на эмпатыі і стварэнні рашэння з улікам патрэб чалавека, якому імкнуцца дапамагчы, умоўна назавём яго кліентам. Кліентамі могуць быць уласна кліенты арганізацыі, супрацоўнікі вашай кампаніі, вучні ў школе, пацыенты ў бальніцы, кліентам нават можаце стаць уласна вы ці ваш сябар – любы чалавек ці група людзей, для якіх вы генерыруеце ідэі.

Грунтуючыся на прынцыпах эмпатыі, шыраты мыслення і эксперыментальнага падыходу, дызайн-мысленне шырока выкарыстоўваецца пры запуску новых праектаў і пошуку рашэнняў у такіх кампаніях, як Google.

Дызайн-мысленне складаецца з наступных этапаў:

1
Даследаванне
2
Факусіроўка
3
Мазгавы штурм
4
Стварэнне прататыпу
5
Праверка
На этапе даследавання адбываецца збор інфармацыі. Праводзяцца інтэрв’ю з экспертамі і кліентамі, назіранні, тэсціраванні, малюецца партрэт кліента з улікам полу, узросту, сацыяльнага і фінансавага становішча.

Па выніках даследавання атрымоўваецца вызначыць шэраг праблем, з якімі сутыкаецца кліент. На этапе факусіроўкі абіраецца адна праблема, з якой каманда будзе працаваць зараз.

Фармулюецца пытанне:

“Як мы можам дапамагчы (каму?) зрабіць (што?) (якім чынам?)”.
Tilda Education
Пад час мазгавога штурму каманда генерыруе ідэі рашэнняў праблемы кліента. Ідэі размяркоўваюцца па групах у залежнасці ад патэнцыйнай каштоўнасці ідэі і аб’ёмаў рэсурсаў, неабходных для яе рэалізацыі:
Каманда імкнецца дапрацаваць ідэі такім чынам, каб максімальная іх колькасць апынулася ў катэгорыі каштоўных і патрабуючых невялікай колькасці рэсурсаў. Менавіта з адной з гэтых ідэй каманда мусіць працаваць далей.
Шляхам галасавання каманда абірае адну ідэю, з якой будзе працаваць далей. Магчыма аб’яднаць некалькі ідэй у адну. Пачынаецца этап стварэння прататыпу.

На гэтым этапе каманда стварае прататыпы з танных, даступных матэрыялаў: праект будынку з ежы, прататып сайт ці праграмы на паперы, стварэнне пэўнай прасторы ў пакоі з выкарыстаннем даступных прадметаў. Прататып мусіць быць проста стварыць і не шкада адкінуць, калі нешта не будзе працаваць, як было запланавана.
Гатовыя прататыпы праходзяць этап праверкі. Прататып аддаюць карыстальніку і назіраюць за яго дзеяннямі. Можна проста сачыць за ўзаемадзеяннем карыстальніка з прататыпам, а можна паставіць задачу выканаць пэўнае дзеянне. Абавязкова занатоўваюць усе каментары: што падабаецца кліенту, а што не і чаму.
Цэнтар дызайн-мыслення
Такі падыход не толькі дазваляе згенераваць арыгінальныя рашэнні, арыентаваныя на кліента, але і хутка іх праверыць без неабходнасць укладаць у тэсціраванне шмат рэсурсаў.

Падрабязней пра дызайн-мысленне

Карысныя матэрыялы і навучанне для трэнераў і кампаній

Мазгавы штурм

  • Працягласць
    1-3 гадзіны. Група не працуе больш за гадзіну без перапынкаў.
  • Колькасць удзельнікаў
    5-15 чалавек.

    Магчыма размеркаваць удзельнікаў па групах і арганізаваць мазгавы штурм сярод большай колькасці ўдзельнікаў.
  • Мэта
    Генерацыя максімальна магчымай колькасці ідэй.
Мазгавы штурм (ад англійскай brainstorm) бадай самы папулярны спосаб скарыстацца сілай калектыўнага розуму для пошуку новых рашэнняў.

Метад мазгавога штурму ўвёў у 40-х гадах XX стагоддзя Алекс Осбарн. Ён займаўся маркетынгам, і яму і яго працоўнай групе часта трэба было хутка прыдумляць ідэі пад пэўныя праблемныя сітуацыі. Вядомыя на той момант працэдуры, якія ён выкарыстоўваў для гэтай задачы, не працавалі добра. Асноўнай праблемай было тое, што яго супрацоўнікі адначасова выкарыстоўвалі пры генерацыі ідэй дзве формы мыслення, якія перашкаджалі адна адной: генератарнае і крытычнае мысленне.

Осбарн вырашыў разбіць працэс генерацыі ідэй на два этапы, на кожным з якіх патрэбны толькі адзін тып мыслення. Такім чынам ён раздзяліў этапы генеравання ідэй і іх ацэнкі. Гэта вельмі простая па выглядзе, але зусім бліскучая ідэя і прывяла да ўзнікнення цэлай групы падобных метадаў, якія называюцца агульным паняццем "мазгавы штурм".

Мазгавы штурм каманды дызайнераў ELEKS

Назіральніку мазгавыя штурмы могуць падацца даволі хаатычнымі, але яны падпарадкоўваюцца дакладным правілам. У кожнай групе ўдзельнікаў штурму абіраецца мадэратар, чалавек, адказны за фіксацыю ідэй, і адказны за прытрымліванне таймінгу. Усіх удзельнікаў знаёмяць з правіламі правядзення мазгавога штурму і забяспечваюць усім неабходным для працы (папера, дошкі, стыкеры, маркеры).

Мазгавы штурм адбываецца ў тры этапы. На першым этапе ўдзельнікі пераўтвараюцца ў летуценнікаў і генерыруюць як мага больш ідэй па тэме мазгавога штурму. Галоўная задача на гэтым этапе – увайсці ў крэатыўны, творчы стан, таму ідэі не абмяркоўваюцца і не крытыкуюцца. Адбываецца безацэначнае занатоўванне кожнай ідэі, якая прагучыць ад удзельнікаў.

Пасля завяршэння першага этапу, адбываецца групоўка і дапаўненне падобных ідэй. Апошнім этапам з’яўляецца крытыка. Задача на гэтым этапе – не разбурыць пабудаванае, а знайсці рацыянальнае зерне сярод агромністай масы недапрацаваных ідэй.

Часам класічныя мазгавыя штурмы дапаўняюцца іншымі практыкаваннямі, напрыклад адказамі на пытанне “Як зрабіць так, каб праект дакладна праваліўся?”. Такія нестандартныя падыходы павышаюць крэатыўнасць і дапамагаюць выйсці за межы шаблоннага мыслення.

Мазгавы штурм каманды дызайнераў ELEKS

Варта разумець, што мазгавы штурм мусіць выкарыстоўвацца для вырашэння вузкіх, канкрэтных пытанняў і дрэнна падыходзіць для абмяркоўвання глабальнага бачання.
Пад час мазгавога штурму не трэба клапаціцца пра якасць ідэй.

За 1,5 гадзіны працы каманда людзей, знаёмых з механізмамі мазгавога штурму здольная згенерыраваць каля 150 ідэй. Мэта мазгавога штурму – атрымаць максімальную колькасць рашэнняў і ўжо пасля працаваць над іх якасцю, шукаць “жамчужыны ў грудах смецця”.

Фарсайт-сэсія

  • Працягласць
    Некалькі дзён.
  • Колькасць удзельнікаў
    Да 18 чалавек на групу.

    Звычайна ўдзельнічаюць 2-3 групы, але часам фарсайт-сэсіі для дзяржаў, рэгіёнаў і буйных арганізацый збіраюць сотні чалавек.
  • Мэта
    Сфарміраваць бачанне будучыні, якой мы жадаем яе бачыць з улікам пагроз і трэндаў.
У перакладзе з англійскай foresight азначае “прадбачыць, прадказаць”. На самой справе, у незалежнасці ад таго, якімі мадэлямі мы карыстаемся і якой базай дадзеных валодаем, варта разумець, што прадказаць будучыню немагчыма. Таму, замест прадказання будучыні, фарсайт-сэсія ставіць перад сабой мэту знайсці спосабы стварэння будучыні, якой мы жадаем яе бачыць.

Фарсайт тэхналогія была створана каля 30 год таму ў ЗША і сёння карыстаецца папулярнасцю не толькі ў бізнесе, але і ў дзяржаўным кіраванні.

Па сутнасці фарсайт-сэсія – гэта інавацыйны мазгавы штурм. Бачанне будучыні пад час фарсаўту фарміруецца на падставе трэндаў, якія назіраюцца ў пэўнай індустрыі, з выкарыстаннем навуковых падыходаў і афармляецца ў выглядзе мапы будучыні.

Вынікамі фарсайт-сэсіі з’яўляецца бачанне жаданай будучыні, разуменне будучых пагроз і магчымасцяў, распрацоўка ўнутраных праектаў, якія дапамогуць апынуцца ў жаданай будучыні.
Фарсайт – гэта не стварэнне канчатковай стратэгіі, над якой вы працуеце адзін раз, а потым проста кіруецеся складзеным планам. Фарсайт – гэта працэс пастаяннага маніторынгу трэндаў і магчымасцей, філасофія гатоўнасці да любой будучыні.

Класічны фарсайт выкарыстоўвае тэхнікі, якія можна падзяліць на 3 групы: экспертныя, мадэліраванне і футуралагічныя метады.
Фасілітацыйныя сэсіі Алены Літвінавай
Экспертныя метады – адны з самых распаўсюджаных. Гэта апытанні экспертаў і ўлік іх меркаванняў пры фарміраванні бачання будучыні. Такія метады могуць сапраўды быць карысны, але не трэба забываць, што ўсе самыя буйныя пагрозы і інавацыі заўжды знаходзяцца ў міждысцыплінарнай зоне, якая часам можа знаходзіцца па-за межамі бачання вузкіх спецыялістаў, аб чым мы ўжо гутарылі ў адным з папярэдніх артыкулаў:

Універсалы супраць вузкіх спецыялістаў
За кім будучыня і што гэта значыць для адукацыі?
Метады заснаваныя на будаванні мадэляў таксама шырока выкарыстоўваюцца ў фарсайце, і таксама маюць свае абмежаванні. Сучасны свет змяняецца неверагодна хутка і можна проста не паспяваць збіраць актуальныя дадзеныя, неабходныя для будавання якаснай мадэлі.

Апошняя група метадаў – футуралагічныя. Футуралагічныя метады – самыя гучныя з пералічаных раней. Частка футуралагічных прагнозаў здзяйсняецца, а частка так і застаецца футуралогіяй, што робіць неабходным пастаянна вяртаць футуралагічныя выказванні на навуковыя рэйкі.

Каб сур’ёзна і надзейна працаваць з будучыняй, варта карыстацца камбінацыяй розных метадаў: цікавіцца меркаваннямі экспертаў, ствараць мадэлі развіцця вашай галіны дзейнасці, рабіць уласныя прагнозы на падставе сучасных трэндаў. Толькі з такім падыходам становіцца магчымым сапраўды рабіць жаданую будучыню рэальнасцю.
Вы можаце самастойна правесці фарсайт-сэсію ў сваім праекце ці арганізацыі, або звярнуцца за дапамогай да старонніх арганізацый, напрыклад:

Лабараторыя дызайн-мыслення і кліентскага досведу
Факультэт карпаратыўных камунікацый

Варта заўважыць, што ўніверсальным правілам для кожнага з фармату крэатыўнай працы з’яўляецца разнастайнасць групы. Прыцягвайце да працы людзей рознага полу, узросту, нацыянальнасці, з розным прафесійным і жыццёвым досведам. Даследаванні і досвед экспертаў паказваюць станоўчы ўплыў інклюзіўнай атмасферы і разнастайнасці каманды на крэатыўнасць ідэй.

Сучасныя фарматы крэатыўнай і стратэгічнай працы робяць магчымым сістэмны падыход да пошуку інавацыйных рашэнняў і запуску новых праектаў. Стварэнне пэўных умоў для каманднай працы, творчасці і прадказання будучыні робіць магчымым не чакаць геніяльнай ідэі ці натхнення, а ўпэўнена станавіцца за руль і ўласнай працай ствараць тую будучыню і тыя праекты, якія мы хочам бачыць у грамадстве.


Made on
Tilda