Універсалы супраць вузкіх спецыялістаў

За кім будучыня і што гэта значыць для адукацыі?

Выжывае не самы моцны і не самы разумны, а той, хто лепш за ўсіх прыстасоўваецца да змен. Ці здагадваўся 200 год таму Чарльз Дарвін, што выказванне, якое яму прыпісваюць будзе настолькі дакладна апісваць сучасны прафесійны свет?
Крыніца: сэрвіс Canva
Імклівае развіццё тэхналогій і аўтаматызацыя працы павышаюць канкурэнцыю на рынку працы, а патрабаванні да кампетэнцый супрацоўнікаў бесперапынна растуць.

Відавочным і адзіным правільным рашэннем у такой сітуацыі прынята лічыць вузкую спецыялізацыю. Апанаваныя гэтай ідэяй прафесіяналы розных сфер дзейнасці імкнуцца максімальна паглыбіць свае веды ў сваёй дакладнай галіне, бацькі заклікаюць дзяцей як мага раней вызначыцца са сваёй спецыяльнасцю, школьнікі і студэнты з абурэннем глядзяць на няпрофільныя прадметы ў раскладзе.

Глыбокія веды і трывалыя навыкі ў вузкім прадмеце абяцаюць прафесійны поспех, а значыць неабходна спецыялізавацца як мага раней і не марнаваць час на атрыманне неактуальных ведаў.

Менавіта так, праз раннюю спецыялізацыю і накіраваную практыку, дасягнулі поспеху гальфіст Тайгер Вудс, выдатныя шахматысткі сёстры Полгар, Моцарт і іншыя выдатныя асобы. Іх гісторыі натхняюць і дэманструюць прыклад сістэмнасці і дысцыпліны. Прафесійнае падарожжа такіх людзей звычайна выглядае прыкладна так:

Прыгожа, дакладна і зразумела. Упартая практыка дапамагала ўдасканальваць навыкі, а ранні старт стаў сакрэтам неверагодных дасягненняў. Такі шлях можна спрасціць да зводу дакладных правіл і рэалізаваць у любой галіне дзейнасці, што робіць яго яшчэ больш прывабным.

Значна радзей можна сустрэцца з гісторыямі поспехаў людзей, якія не абралі свой шлях адразу, змянілі не адну прафесію і цікавіліся шматлікімі тэматыкамі. Іх шлях не такі прамы і зразумелы, часам выглядае ён прыкладна так:

Такое падарожжа падаецца складаным і непрывабным. Тым не менш, менавіта ім пайшлі Вінсэнт Ван Гог, які меў 5 розных прафесій, пакуль не спыніўся на мастацтве; тэнісіст Роджар Федерер, які ў дзяцінстве змяніў мноства відаў спорту, і сузаснавальнік Apple Стыў Джобс, для каго курсы каліграфіі сталі натхненнем для прыгожай тыпаграфікі ў кампутарах Apple.

Кім быць у сучасным прафесійным свеце, каб дасягнуць поспеху? Вузкім спецыялістам з глыбокімі ведамі і экспертызай у адной галіне ці ўніверсалам з досведам у самых розных сферах дзейнасці? Як, на першы погляд, хаатычны шлях можа стаць сакрэтам поспеху? Якія ёсць пытанні да ідэі ранняй спецыялізацыі і за якім падыходам будучыня?

На гэтыя пытанні шукае адказы Дэвід Эпштэйн у сваёй кнізе “Падманутыя досведам”, а таксама паспрабуем адказаць і мы ў гэтым артыкуле.

Добры і злы свет

Мы захапляемся гісторыямі выдатных асоб, якія здолелі самі ці з дапамогай бацькоў рана абраць шлях свайго прафесійнага развіцця і дасягнуць неверагодных поспехаў. Сярод іх гальфісты, шахматысты, музыканты і ўсіх іх аб’ядноўвае прадказальнасць сферы іх дзейнасці. Кожная з падобных спецыялізацый, якія часта становяцца прыкладамі гісторый поспеху, нягледзячы на крэатыўны элемент, мае пастаянныя “правілы гульні”, распрацаваныя камбінацыі і магчымасць атрымаць імгненную зваротную сувязь.

Дэвід Эпштэйн называе такія сферы дзейнасці “добрым светам”. Кожнае дзеянне адбываецца ў межах дакладнага набору камбінацый і вядзе да вынікаў, якія можна адразу прааналізаваць. Пры рашэнні праблем у такім свеце нам вядома першапачатковае становішча і жаданы вынік. Гэты свет ідэальная пляцоўка для вузкіх спецыялістаў, дзе больш гадзін практыкі і ранні старт гарантавана будуць весці да прагрэсу.

Але ў сапраўдным свеце вельмі абмежаваная колькасць галін дзейнасці падпарадкоўваецца правілам “добрага свету”. Значна часцей чалавек вымушаны дзейнічаць у “злым свеце”.
У злым свеце мы часта прымаем рашэнні ва ўмовах недахопу дадзеных, праблемы не маюць адзінага “правільнага” варыянту адказу, а атрыманне зваротнай сувязі можа расцягнуцца на доўгія гады. Прыкладамі “злога свету” можа з'яўляцца медыцына, адукацыя, прадпрымальніцкая дзейнасць. Усё гэта дамены, у якіх стратэгія вузкай спецыялізацыі перастае даваць гарантаваныя вынікі.

Вузкія спецыялісты супраць універсалаў

Вузкая спецыялізацыя можа сапраўды стаць шляхам да поспеху ў многіх сферах дзейнасці. У даменах, дзе чалавек рэгулярна сутыкаецца з наборам падобных праблем, вузкая спецыялізацыя і давядзенне майстэрства да аўтаматызму бадай самы эфектыўны спосаб кар’ернага развіцця. Тым не менш, будзе вялікай памылкай лічыць раннюю вузкую спецыялізацыю ўніверсальным спосабам дасягнення прафесійных поспехаў.

Актыўнае развіццё лічбавых тэхналогій сёння ставіць пад пагрозу існаванне прафесій, якія патрабуюць рашэння дакладна вызначаных задач. Вядомае першапачатковае становішча і жаданы вынік робяць магчымым вырашэнне праблемы з дапамогай праграмы. Імклівае ўдасканальванне тэхналогій і штучнага інтэлекту не пакідае чалавеку шанцаў у гэтым спаборніцтве.

Пошук новых, нестандартных рашэнняў на стыку кампетэнцый, праяўленне творчага падыходу і крэатыўнасці паступова застаюцца адзінымі сферамі, у якіх машына не здольная замяніць чалавека, а таксама тымі задачамі, дзе ўніверсал будзе дасягаць большых поспехаў, чым вузкі спецыяліст.

Магчымасць праводзіць аналогіі і накіроўваць досвед з розных галін ведаў для рашэння нестандартных праблем – сапраўдная супер-сіла ўніверсала. Такіх спецыялістаў немагчыма замяніць не толькі кампутарам, але і нават камандай вузкіх спецыялістаў.

Крыніца: Harvard Business Review
Выключнае паглыбленне ведаў у вузкай галіне з’яўляецца галоўнай сілай і праблемай вузкіх спецыялістаў. Дэвід параўноўвае такі падыход з траншэямі. Паступова атрымоўваючы досвед у сваёй спецыялізацыі, вузкія спецыялісты сыходзяць усё глыбей “пад зямлю”, у сваю траншэю ведаў. Так яны атрымоўваюць больш дэталёвае разуменне сваёй галіны, але і іх кругагляд можа значна звузіцца, калі забывацца час ад часу высоўваць галаву з сваёй траншэі.

Важна захаваць шырыню кругагляду і цікаўнасць нават пасля атрымання істотнага прафесійнага досведу. Навучанне на працягу жыцця і атрыманне ведаў з розных даменаў дапаможа не апынуцца ў пастцы ўласнай экспертансці. Так Нобелеўскія лаўрэаты ў 22 разы часцей маюць хобі па-за межамі іх даследчай дзейнасці ў параўнанні са сваімі калегамі-навукоўцамі.

Гэта лішні раз даказвае, што шырокая адукацыя і развіццё навыкаў у супрацьлеглых сферах не ў якім разе не марнаванне часу, а наадварот – інвестыцыя ў вашыя прафесійныя поспехі ў будучыні.

Падарожжа па шляху ўніверсала часам сапраўды вымушае зрабіць стаўку на будучыню. Асабліва напачатку кар’еры існуе вялікая спакуса як мага хутчэй зачапіцца за вузкую сферу дзейнасці, каб гарантаваць сабе высокі заробак і прафесійны поспех. Да ранняй спецыялізацыі маладых людзей падштурхоўваюць і адукатары, і бацькі. І што ж у выніку з гэтага атрымоўваецца?

Несвядомы эксперымент быў праведзены ў сістэме вышэйшай адукацыі Вялікабрытаніі ў час, калі сістэмы адукацыі Англіі і Шатландыі былі вельмі падобнымі за адным выключэннем. Студэнты ў Англіі былі вымушаны абіраць сваю спецыялізацыю будучы падлеткамі, у той час як у Шатландыі студэнты мелі магчымасць працягваць вывучаць розныя прадметы нават ва ўніверсітэце.

Эканамісты прааналізавалі прыбытак былых студэнтаў на працягу іх прафесійнага шляху і прыйшлі да наступных высноў.

Выпускнікі, якія спецыялізаваліся ў адпаведным прадмеце раней, зарабляюць больш адразу пасля выпуску. У той жа час выпускнікі з больш універсальным досведам часцей выбіраюць тую дзейнасць, якая ім сапраўды падыходзіць, што дапамагае ім часцей заставацца ў прафесіі і ўжо праз некалькі год зарабляць больш, чым спецыялісты, якія рана абралі сваю траекторыю.
Аналагічная сітуацыя назіраецца ў спорце, мастацтве, навуцы і многіх іншых сферах дзейнасці. Топавыя спецыялісты амаль заўжды маюць доўгі перыяд спроб і змен дзейнасці перш як абяруць сваю нішу.

Такім чынам атрыманне ведаў, навыкаў і досведу ў самых разнастайных галінах актуальна ў незалежнасці ад таго знаходзіцеся вы ў пачатку ці сярэдзіне сваёй кар’еры. Перыяд спроб і шырокапрофільнага развіцця дапаможа маладым спецыялістам у атрыманні каштоўнага досведу і больш разумнага выбару сваёй спецыялізацыі. Для экспертаў “універсалізм” – магчымасць шукаць больш крэатыўныя рашэнні і не згубіць шырату кругагляду ў траншэі сваіх ведаў.

Сучасны свет прапаноўвае бязмежныя магчымасці атрымоўваць веды на працягу ўсяго жыцця ў любых сферах, якія вас цікавяць. Развіццё лічбавых тэхналогій сёння робіць гэта як ніколі магчымым і зручным.

Крыніца: сэрвіс Canva
Як стаць глыбокім універсалам?

Параўноўваючы вузкіх спецыялістаў і ўніверсалаў, нельга сказаць, што адзін падыход з’яўляецца лепшым за другі. Як гэта заўжды бывае, найбольшых поспехаў можна дасягнуць пры спалучэнні 2 падыходаў.

Як узяць лепшае ад падыходаў універсалаў і вузкіх спецыялістаў? Мець шырокі дыяпазон ведаў і экспертнасць у сваёй прафесійнай галіне?

Для гэтага спецыялісты прапануюць канцэпт глыбокіх універсалаў. Глыбокі ўніверсал – гэта не проста чалавек, які мае павярхоўныя веды ў шэрагу галін ведаў. Глыбокі ўніверсал валодае кампетэнцыямі ў як мінімум у трох мала звязаных паміж сабой сферах, а таксама глыбокую экспертызу ў адной галіне.

Такіх спецыялістаў, якія не толькі авалодалі глыбокай экспертызай у сваёй прафесіі, але з дапамогай дадатковай адукацыі і прафесійнага досведу пашырылі свой дыяпазон, прынята называць “Т-падобнымі спецыялістамі”.

Крыніца: Forbes Education Russia
Т-падобныя спецыялісты маюць высокі ўзровень кампетэнцый у галіне сваёй спецыялізацыі і шэраг менш глыбокіх навыкаў і ведаў у іншых сферах. Абедзве часткі літары “Т” неабходны для поспеху ў сваёй прафесіі. Такая мадэль кампетэнцый – надзейны арыентыр для сучасных прафесіяналаў, каму хутчэй за ўсё давядзецца не адзін раз змяніць прафесію на працягу свайго жыцця, а таксама для адукатараў, задача якіх дапамагчы навучэнцам адказаць на выклікі сучаснага свету.

Амерыканскі аўтар вядомага коміксу Dilbert Скот Адамс прапаноўвае падобны падыход да фарміравання кампетэнцый і называе яго стосам талентаў. Задача пры фарміраванні стоса талентаў не стаць лепшым у адной галіне, а быць вышэй сярэдняга ў некалькіх сферах, якія можна эфектыўна спалучаць. Так сам Адамс спалучыў свае здавальняючыя навыкі ў пісьменстве і маляванні з гумарам і шматгадовым досведам працы ў карпаратыўным свеце, што дапамагло яму стаць сусветна вядомым аўтарам коміксу аб офісным жыцці яго супрацоўнікаў.

Па меркаванні Адамса куды больш эфектыўна апынуцца ў топ 10% у некалькіх сферах і працаваць на іх стыку, чым імкнуцца трапіць у 1% адной спецыяльнасці.
Камбінацыя звязаных, але непадобных сфер дзейнасці здольная зрабіць вас унікальным спецыялістам, што цяжка пераацаніць у сучасным прафесійным ландшафце.


Пашырэнне свайго дыяпазону кампетэнцый і развіццё навыкаў на стыках галін ведаў паступова становіцца неабходнай умовай прафесійнага поспеху. У свеце тэхналогій і раптоўных змен гнуткасць, уменне знаходзіць нестандартныя рашэнні, шукаць аналогіі і спалучаць разнапрофільныя падыходы з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю.

Ідэя атрымання адзінай прафесіі ў 20 год сышла ў мінулае. Сучасныя ўмовы заклікаюць нас шукаць магчымасці для адукацыі на працягу ўсяго жыцця і імкнуцца атрымаць актуальны досвед у розных даменах. Задача фармальнай і нефармальнай адукацыі ў такіх умовах – стварыць магчымасці для разнапрофільнага навучання і развіцця як вузкаспецыялізаваных, так і гнуткіх навыкаў.

Развіццё тэхналогій і сучасныя адукацыйныя трэнды робяць адукацыю ўсё больш займальнай, простай і даступнай для кожнага. Карыстацца гэтай магчымасцю – значыць мець больш поўны агляд шчыльнага павуціння ўзаемазвязаных сістэм, якія складаюць сучасны свет.


Спасылкі на крыніцы і дадатковыя рэсурсы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу і субтытрамі.


1. Дэвід Эпштэйн Падманутыя досведам
2. “Калі ўнівервалы лепш за спецыялістаў і наадварот?” артыкул на Harvard Business Review
3. "Пра вожыкаў і лісаў: за якімі спецыялістамі будучыня?" Артыкул на Forbes Education Russia
4. "Жорсткія і гнуткія навыкі – якія з іх больш важныя?" Артыкул на Forbes Education Russia
5. “Універсалы супраць спецыялістаў: пераможца не атрымлівае ўсё” Артыкул на Forbes
6. " Чаму ранняя спецыялізацыя не заўсёды азначае поспех у кар'еры". Дэвід Эпштэйн выступленне на TED
Made on
Tilda