EdTech для кожнага

Невідавочныя мэтавыя аўдыторыі ў EdTech

Анлайн адукацыя ў першую чаргу асацыіруецца ў нас з вывучэннем замежных моў, IT, карпаратыўным навучаннем ці дадатковай адукацыяй для дзяцей. Менавіта на гэтыя аўдыторыі ў большай ступені накіравана дзейнасць анлайн школ і курсаў.

Але ж магчымасці атрымання новых ведаў анлайн могуць быць актуальнымі і цікавымі значна больш шырокім і разнастайным колам кліентаў. Ад пенсіянераў да маладых бацькоў, ад аматараў хатніх жывёл да мастакоў; амаль любая, нават самая невідавочная, група людзей, аб’яднаных агульным болем ці інтарэсам, можа стаць мэтавай аўдыторыяй вашага EdTech стартапу. Усе прыклады вышэй - плацежаздольныя аўдыторыі, якія гатовыя самастойна, ці з дапамогай блізкіх аплачваць сваю адукацыю.

Праца з вузкай і невідавочнай мэтавай аўдыторыяй дазваляе ва ўсіх дэталях зразумець болі і асаблівасці вашых кліентаў, пазбегнуць высокай канкурэнцыі, якая характэрна для больш “тыповых” сегментаў рынку, а таксама абраць для сябе нішу, якая цалкам адпавядае вашым уласным здольнасцям і інтарэсам.

Напярэдадні трэцяга EdTech хакатону, мы падрыхтавалі для вас падборку з 10 невідавочных груп кліентаў, якія могуць стаць мэтавай аўдыторыяй вашага EdTech стартапу.

Натхняйцеся прыкладамі праектаў, якія ўжо паспяхова працуюць у гэтых кірунках і шукайце сваю актуальную нішу на рынку адукацыйных тэхналогій!
1. Пенсіянеры

Пенсія – бадай лепшы час для атрымання новых ведаў. Толькі ў Беларусі налічваецца прыкладна 1,5 мільёны чалавек пенсіённага ўзросту. Гэта 1,5 мільёны чалавек з багатым жыццёвым досведам, якія маюць вольны час і жаданне атрымоўваць новыя веды.

Ёсць шэраг прычын, чаму людзі працягваюць (ці пачынаюць) вучыцца ў старэйшым узросце:
  • Жаданне паспрабаваць сябе ў новай прафесіі пасля заканчэння першай кар’еры
  • Атрымаць актуальныя веды і навучацца на працягу ўсяго жыцця
  • Заняцца хобі, на якое не было часу дагэтуль
  • Перспектыва паляпшэння фінансавага становішча пасля засваення новых навыкаў
  • Магчымасць бавіць час у кампаніі аднадумцаў
Старэйшы ўзрост для многіх становіцца магчымасцю адкрыць у сабе новыя таленты і працягваць кожны дзень дазнавацца пра штосьці цікавае. У 2019 годзе ў ЗША налічвалася 600 000 студэнтаў універсітэтаў ва ўзросце 50+ гадоў, і з кожным годам сістэмы адукацыі па ўсім свеце становяцца ўсё больш адкрытымі для сталых навучэнцаў.

Адукацыя на пенсіі – гэта не толькі шанец прыемна бавіць час. Даследаванні вынаходзяць шматлікія спрыяльныя эфекты адукацыі ў старэйшым узросце на здароўе і працягласць жыцця. Так вывучэнне замежных моў папярэджвае развіццё дэменцыі, а адзін дадатковы год фармальнай адукацыі ў сярэднім павялічвае працягласць жыцця на паўгады.

Крыніца: Універсітэт трэцяга ўзросту

У Беларусі паспяхова працуюць праекты накіраваныя на адукацыю людзей “залатога ўзросту”, ёсць таксама магчымасці навучання анлайн.

2. Бацькі ў дэкрэтных адпачынках

Яшчэ адна група патэнцыяльных кліентаў, адкрытая да новага досведу і ведаў.

У Беларусі гэта, у большасці, цяжарныя жанчыны і маці з дзецьмі да 3 гадоў, але таксама знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку 1% беларускіх татаў. У свеце назіраецца тэндэнцыя да больш раўнамернага размеркавання роляў абодвух бацькоў, такім чынам зацікаўленымі ў навучанні кліентамі становяцца і таты, і мамы.

Магчыма ствараць анлайн курсы і праграмы, якія дапамогуць маладым бацькам атрымаць усю неабходную інфармацыю для адказнага бацькоўства. А курсы па выхаванні будуць актуальны на кожным новым этапе развіцця дзіцяці ці падлетка.
Акрамя навучання адказнаму бацькоўству і выхаванню, дэкрэтны адпачынак становіцца для многіх бацькоў штуршком да змены працы ці нават роду прафесійнай дзейнасці. Больш чым 3 гады, якія займае цяжарнасць і выхаванне малога дзіцяці, часта становяцца моцным выправаннем на кар'ерным шляху маладых матуль. Анлайн курсы і праграмы навучання – выдатная магчымасць для маладых бацькоў працягваць развівацца ў сваёй прафесійнай індустрыі ці цалкам змяніць кар’еру. А выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій дазваляе ўбудаваць навучанне нават у загружаны бацькоўскі графік.

3. Аматары хатніх жывёл

Хатнія жывёлы для многіх сваіх гаспадароў становяцца паўнапраўнымі членамі сям’і. Гаспадары ўсё больш імкнуцца зрабіць усё магчымае для здароўя і дабрабыту сваіх гадаванцаў, што робіць актуальным пытанне навучання правілам клопату пра дамашніх жывёл і іх выхавання.

Сёння амаль кожны трэці гаспадар хатніх жывёл – чалавек ва ўзросце 25-40 гадоў. Гэта пакаленне, якое звычайна зарабляе вышэй сярэдняга, з усёй адказнасцю адносіцца да сваіх абавязкаў як гаспадара і пры гэтым актыўна карыстаецца тэхналогіямі і магчымасцямі анлайн навучання. Такім чынам, сучасныя гаспадары гатовыя інвеставаць свой час і грошы ў навучанне, каб стаць добрымі “бацькамі” для сваіх пушыстых сяброў, што абумоўлівае вялікі патэнцыял рынку EdTech прадуктаў для ўладароў хатніх жывёл.


Крыніца: The Our Pet's Health Academy

У 2021 годзе гаспадары патрацілі больш за 100 мільярдаў $ на сваіх улюбёнцаў, пры гэтым толькі 2% рынку клопату пра хатніх жывёл прыходзіцца на тэхналагічныя прадукты. Эксперты прадказваюць буйны рост індустрыі PetTech у бліжэйшыя некалькі год, што адчыняе шэраг магчымасцяў для кожнага аматара хатніх жывёл.

Па афіцыйнай інфармацыі на 2020 год толькі ў Мінску пражывае больш за 6,5 тысяч хатніх жывёл. Пры гэтым рынак адукацыі па тэматыцы хатніх любімцаў толькі пачынае паступова развівацца ў Беларусі, што дае магчымасць кінолагам, ветэрынарам і іншым спецыялістам паспяхова развівацца ў гэтым кірунку.

А вось некаторыя прыклады анлайн адукацыйных прадуктаў для аматараў хатніх жывёл:
4. Дальнабойшчыкі


У серыі відэа-інтэрв'ю “Ці ёсць EdTech у Беларусі?” Іван Аўсянік распавёў пра паспяховы досвед запуску дыстанцыйнага навучання ў адукацыйным цэнтры “Развіццё”.

Першы курс, які быў распачаты ў цэнтры ў фармаце анлайн, быў курс павышэння кваліфікацыі для кіроўцаў. Курс хутка стаў папулярным сярод навучэнцаў і даў пачатак іншым анлайн праграмам.

І сапраўды, кіроўцы міжнародных рэйсаў часта вымушаны доўгія часы праводзіць на мяжы. Дома можна затрымацца толькі на абмежаваны час, які хочацца правесці з сям'ёй і за хатнімі справамі. Пры гэтым работнікі вымушаны час ад часу праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі і іншае навучанне.

Курсы і адукацыйныя праграмы ў дыстанцыйным фармаце дазваляюць з карысцю правесці вольныя гадзіны на працы і не адцягваць навучанне да прыезду дадому.

Акрамя прафесійнага навучання, час у перапынках можна запоўніць дадатковым навучаннем па любой цікавай тэме ад вывучэння замежных моў да курсаў па будаўніцтву і ландшафтнаму дызайну.

Такім жа чынам кліентамі EdTech праектаў могуць стаць ліфцёры, вахцёры, прадаўцы і іншыя работнікі з вызначанымі гадзінамі працы і нераўнамернай працоўнай нагрузкай.


5. Вясковыя жыхары

Як накалоць дроў, абрэзаць сад, пабудаваць хату ці натапіць баню? З такімі пытаннямі сутыкаўся кожны, хто вырашаў пераехаць з горада на вёску ці па іншым прычынам пачынаў вясковае жыццё без папярэдняга досведу.

Інтэрнэт перагружаны інфармацыяй і парадамі па вядзенню гаспадаркі, але знайсці якасныя анлайн прадукты, якія б збіралі самую неабходную і карысную інфармацыю для новых і дасведчых жыхароў вёсак, складана.

Магчымасць працаваць дыстанцыйна, жаданне быць бліжэй да прыроды і простая стомленасць абумоўліваюць трэнд пераходу да загараднага жыцця. Хтосьці будуе лецішча, каб мець магчымасць час ад часу адпачыць на прыродзе, а хтосьці абірае вёску ў якасці пастаяннага месца жыхарства.

Падтрымаць сельскіх жыхароў пачаткоўцаў мусяць EdTech праекты, якія дапамогуць паспяхова справіцца з вясковымі выклікамі. Анлайн магчымасці дазваляюць вучыць і вучыцца ў незалежнасці ад лакацыі, і можна чакаць, што запыт на такія рашэнні ў галіне вядзення гаспадаркі будзе толькі расці.

6. Навучэнцы з асобымі патрэбамі і іх выкладчыкі

Абмежаванні мабільнасці, парушэнні зроку, слыху ці маўлення, захворванні аўтыстычнага спектру, эпілепсія, дыслексія, СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці) і іншыя асаблівасці фізічнага і псіхалагічнага стану часта патрабуюць адмысловага падыходу ў навучанні.

На жаль, беларускія педагагічныя інстытуты сёння не навучаюць выкладчыкаў працы з людзьмі з асобымі патрэбамі. Гэта робіць складаным пошук адукацыйных магчымасцяў для навучэнцаў з асобымі запытамі. Асабліва востра праблема стаіць у рэгіёнах. Мы ўжо закраналі тэматыку інклюзіўнай адукацыі ў адным з папярэдніх матэрыялаў.

Па інфармацыі UNESCO, кожны пяты чалавек сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі цалкам выключаны з адукацыйнага працэсу. Пры гэтым дзеці з асобымі патрэбамі не маюць магчымасці атрымаць адукацыю ў 2,5 разы часцей.

Стварэнне магчымасцей інклюзіўнай адукацыі і асаблівых умоў для навучання людзей з асобымі патрэбамі – гэта не толькі вострае сацыяльнае пытанне даступнасці якаснай адукацыі для кожнага чалавека, але і вялізная група патэнцыяльных кліентаў анлайн адукацыйных стартапаў, бо менавіта тэхналагічная адукацыя мае найбольшыя перспектывы стварэння спрыяльных адукацыйных умоў для кожнага чалавека ў незалежнасці ад стану здароўя і месца жыхарства.

Паспяховыя прыклады стварэння ўмоў для адукацыі людзей з асобымі патрэбамі можна знайсці не толькі ў свеце, але і дакладна ў Беларусі. Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова "Інфармацыйныя тэхналогіі для ўсіх" арганізавала ІТ-школу для людзей з парушэннямі слыху Myfreedom.Connect, дзе праводзіць заняткі па 3D-мадэляванні. Школа таксама арганізавала заняткі ў анлайн фармаце, і зараз навучанне даступна для рускамоўных навучэнцаў з усяго свету. Толькі ў Мінску на 2019 год налічвалася каля 2,3 тысячы чалавек з парушэннямі слыху. Дзякуючы курсам, навучэнцы атрымоўваюць магчымасць вучыцца новаму і ў перспектыве атрымаць высокааплатную працу.

Кліентамі EdTech праектаў могуць станавіцца не толькі навучэнцы з асобымі патрэбамі, але і іх выкладчыкі. Выдатным прыкладам такога праекту з’яўляецца ініцыятыва Урокі для дзяцей з аўтызмам”.

Па афіцыйным дадзеным на 2021 год у Беларусі жыве 1300 дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектру (РАС), але па ацэнкам экспертаў такіх дзяцей можа быць у разы больш (да 8500). Па беларускаму заканадаўству навучальныя ўстановы не маюць права адмаўляць дзецям з РАС у адукацыі, але ж школьныя псіхолагі, не кажучы пра настаўнікаў-прадметнікаў, у большасці выпадкаў не маюць неабходных ведаў і досведу для паспяховай працы з такімі навучэнцамі.

Дадатковая адукацыя спецыялістаў, якія ўжо зараз працуюць з дзецьмі з РСА ў школах, дзіцячых садках і на дадатковых занятках – першы крок да вырашэння праблемы выключэння дзяцей з РСА з агульнага адукацыйнага працэсу.

Крыніца: Імёны
Спецыялісты сямейнага інклюзіўнага тэатру “і”, якія маюць багаты досвед працы з дзецьмі з РАС стварылі відэа-урокі, якія даюць тэарэтычную базу і практычныя інструменты працы з дзецьмі з аўтызмам любому зацікаўленаму адукатару. Урокамі могуць бясплатна карыстацца настаўнікі, выкладчыкі дадатковых заняткаў, спартыўных секцый, а таксама бацькі дзяцей з аўтызмам.

Нягледзячы на вялікую колькасць прыкладаў дабрачынных праектаў у галіне спецыяльнай адукацыі, няма ніякіх перашкод для стварэння інклюзіўных адукацыйных магчымасцей на камерцыйных умовах. Інклюзія ў адукацыі прадугледжвае роўныя магчымасці і ўмовы для ўсіх людзей у незалежнасці ад іх статусу ці стану здароўя. Інклюзія – гэта не пра дабрачыннасць, а пра ўлік асобых патрэбаў кожнага навучэнца. Бізнес-падыход у пытаннях інклюзіўнай адукацыі не толькі можа, а нават мусіць быць прыменены для стварэння ўстойлівых праектаў з неабмежаваным патэнцыялам росту.


7. Творчыя людзі


Сучасныя тэхналогіі дазваляюць вучыцца ў лепшых прафесіяналаў з усяго свету ў незалежнасці ад месца жыхарства. Мастакі, музыкі, дызайнеры і іншыя творчыя людзі актыўна карыстаюцца гэтай магчымасцю. Мастацкія музеі, вядомыя творцы і анлайн школы запускаюць курсы, якія вучаць маляванню, музыцы, дызайну, скульптуры, стварэнню фільмаў… Спектр навыкаў не мае абмежаванняў.

Вы можаце ўнесці свой уклад у развіццё творчага сектару EdTech, стварая адукацыйныя прадукты для пачаткоўцаў ці дасведчых майстроў, навучая класічным мастацтвам ці вельмі нішавым рамёствам.

Анлайн магчымасці для творцаў дазваляюць не проста атрымліваць новыя веды і зваротную сувязь ад калег, яны дазваляюць ствараць суполкі крэатыўных людзей, якія натхняюць і падтрымліваюць адзін аднаго.

8. Прафарыентацыя для дарослых

Каля 40% працуючых людзей не задаволены сваёй працай. Не заўжды, прынятае ў падлеткавым узросце, рашэнне аб будучай прафесіі аказваецца правільным. Уплыў бацькоў і сяброў, трэнды і ўласныя памылковыя меркаванні часта становяцца прычынай памылкі пры вызначэнні кар'ернага шляху і прыводзяць да расчаравання ў будучыні.

Рашэнне змяніць галіну дзейнасці для дасведчага спецыяліста – не самае простае рашэнне, якое часам патрабуе не толькі дадатковага навучання, але і кансультацый ментараў і кар’ерных спецыялістаў, якія дадуць параду, накіруюць і падтрымаюць на няпростым шляху змены кар’еры.

Кінуў футбол і сышоў у фінансы
Гісторыя варатара, які крута змяніў сваё жыццё
У незалежнасці ад стаўлення да працы, ва ўмовах бурнага развіцця тэхналогій можна чакаць, што кожнаму з нас давядзецца прайсці праз змену кар’ернага шляху. Гэта будзе ствараць бесперапынны запыт на EdTech рашэнні, якія будуць дазваляць атрымліваць адпаведныя веды, навыкі і сертыфікаты для змены прафесіі, а таксама прапаноўваць кар’ерныя кансультацыі і навучанне прынцыпам пошуку працы.


9. Карпаратыўныя супрацоўнікі са стандартнымі (і не вельмі) задачамі

Карпаратыўная адукацыя – адзін з самых буйных сектараў EdTech, які і па сённяшні дзень актыўна расце. Кошт карпаратыўнага EdTech зараз складае каля 22,5 мільярды $. Кампаніі праводзяць анлайн карпаратыўнае навучанне па продажам, менеджменту, замежных мовах, навучаюць новых супрацоўнікаў. Па большай частцы – гэта агульныя веды, якія супрацоўнікі мусяць прымяняць у вырашэнні канкрэтных карпаратыўных задач.

А што калі супрацоўнікі будуць мець магчымасць адразу ў фармаце анлайн навучыцца найбольш аптымальна выконваць дакладныя працоўныя задачы? Правілы ажыццяўлення лакальных і міжнародных закупаў, тэндараў, вядзення справаздач – усё гэта руцінныя задачы офісных супрацоўнікаў, працу над якімі можна вывесці на новы ўзровень з дапамогай EdTech рашэнняў. Простая аптымізацыя стандартных задач – можа істотна палепшыць вынікі ўсёй кампаніі.

Крыніца: Office Life
Анлайн адукацыя дазваляе вучыцца ў сваім тэмпе, неабмежавана вяртацца да матэрыялаў курсу. Для кіраўніцтва кампаніі гэта магчымасць эканоміць на адукацыі, адсочваць вынікі навучання.
І наадварот. Запатрабаваным можа стаць навучанне нестандартным задачам, якія толькі пачынаюць станавіцца неад'емнай часткай работы сучасных кампаній. Распрацоўка прынцыпаў карпаратыўнай культуры, ESG, карпаратыўная сацыяльная адказнасць, пошук інавацыйных рашэнняў. Задачы ў гэтых кірунках могуць неспадзявана “зваліцца” на супрацоўнікаў і выклікаць шмат пытанняў. Дапамагчы хутка і якасна разабрацца ў праблеме змогуць кароткія прыкладныя анлайн курсы і праграмы, якія можна паспяхова прадаваць індывідуальным супрацоўнікам і цэлым кампаніям, якія шануюць свой час і якасць працы.
Цякучка - 1%
Навошта ў PandaDoc паўтара гады пісалі культурны код
10. Эмігранты

Па дадзеных на 2020 год, каля 281 млн. чалавек жыве не ў краіне свайго нараджэння і гэтая лічба толькі расце. Сёння цяжка кагосьці здзівіць зменай краіны жыхарства. Свет робіцца ўсё больш глабальным і “бязмежным”, але пры гэтым многія качэўнікі і рэлаканты не забываюцца на свае вытокі.

Гэта падштурхоўвае рэлакантаў шукаць магчымасці навучання на роднай мове для сябе і сваіх дзяцей. Ёсць запыт на вывучэнне роднай культуры, мастацтва, гісторыі. Часам, чалавеку проста прыемна навучацца ў спецыяліста-земляка і тым самым падтрымліваць беларускіх прафесіяналаў.

Каб не забывалiся, хто яны ёсць

Гісторыі беларусаў, якія займаюцца адукацыяй дзяцей па-беларуску за мяжой
Беларусы-замежнікі адзначаюць, што прапаноў анлайн адукацыйных магчымасцей на беларускай мове на сённяшні дзень няшмат. Між тым, па дадзеных ААН на 2019 год за мяжой пражывала амаль 1,5 млн. беларусаў, сёння па прыкладных ацэнках гэтая лічба знаходзіцца ў прамежку 2,5 – 3,5 млн. чалавек.

Гэта вялікі рынак кліентаў, якія могуць быць зацікаўлены ў “беларускім” навучанні ў фармаце анлайн для дзяцей і дарослых. І, варта спадзявацца, што запыт у хуткім часе створыць больш прапаноў.

Часам можа падацца, што рынак адукацыі і EdTech перагружаны магчымасцямі, стартапамі і праектамі. Але нават калі падаецца, што ўсё ўжо прыдумана, застаецца магчымасць звярнуць увагу на невідавочныя сегменты рынку, прапанаваць новы падыход да вырашэння старых праблем і знайсці сваю нішу на рынку адукацыі.

Свет не стаіць на месцы і з цягам часу чалавецтва сутыкаецца з невядомымі дагэтуль выклікамі і запытамі. Нашая з вамі задача, як адукатараў, прадпрымальнікаў і аматараў адукацыі – прапаноўваць новыя рашэнні і падтрымліваць самыя розныя колы людзей у іх развіцці.


Made on
Tilda