Адукацыя будучыні

Якія пытанні і выклікі стаяць перад сучаснай адукацыяй у 2022 годзе?

Адукацыя безумоўна іграе асноўную ролю не толькі ў індывідуальным жыцці кожнага чалавека, але і ў эканамічным, культурным і сацыяльным развіцці грамадства.

Нягледзячы на тое, што апошнія некалькі год наглядна прадэманстравалі нам усю непрадказальнасць будучыні, спецыялісты імкнуцца заўважаць і прадказваць трэнды, якія фарміруюцца ў галіне адукацыі, дзеля таго, каб адпавядаць запытам навучэнцаў і падрыхтавацца да новых выклікаў, якія рыхтуе для нас свет.
Крыніца: сэрвіс Canva
Якім чынам змяненне клімату паўплывае на адукацыю ў бліжэйшым дзесяцігоддзі? Ці гатовы нашы даследчыя і інавацыйныя сістэмы да эпохі глабальных адкрыццяў і актыўнага развіцця навукі і інтэрнэту? Што азначае для нашых школ тое, што нашы супольнасці становяцца больш разнастайнымі і індывідуалістычнымі?
Такія і іншыя пытанні стаяць перад сістэмай адукацыі ў 2022 годзе па меркаванні Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD), якая падрыхтавала актуальную справаздачу на тэму «Трэнды, якія ствараюць адукацыю 2022».
Спецыялісты прааналізавалі ўплыў на адукацыю такіх глабальных трэндаў як эканамічны рост, змяненне адносін да жыцця і працы і перанасычанасць інфармацыяй.
З поўным тэкстам справаздачы вы можаце азнаёміцца па спасылцы, выкарыстаўшы функцыю аўтаматычнага перакладу. Далей будуць абмеркаваны асноўныя сусветныя тэндэнцыі, якія ўплываюць на фарміраванне сучаснай адукацыі.

Аналіз узаемасувязі глабальных трэндаў і адукацыі дазваляе распрацаваць рацыянальную стратэгію развіцця адукацыі, паставіць перад адукацыяй актуальныя пытанні і задачы і залажыць аснову для абмеркавання надзвычайна важнага пытання:
Як выглядае адукацыя будучыні?
Эканамічны рост

Эканамічны рост прывёў да павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва планеты. Колькасць людзей, якія жывуць за мяжой беднасці знізілася з 76% у 1820 годзе да 10% у 2018 годзе.
Бурнае развіццё эканомікі глабальна дазволіла вывесці якасць жыцця людзей на новы ўзровень, але не пазбавіла нас ад праблемы няроўнасці.
Адначасова з гэтым, эканамічны рост сёння цесна ўзаемазвязаны з часам нерацыянальным выкарыстаннем прыродных і чалавечых рэсурсаў, што вядзе да абвастрэння экалагічных і сацыяльных праблем.

Змяняюцца не толькі аб’ёмы, але і характар эканомікі. Усё большы адсотак інвестыцый прыцягваюць навукаёмістыя сферы і інтэлектуальная ўласнасць. Дэмаграфічныя змены, такія як імклівае старэнне насельніцтва планеты, адбіваюцца на ўзроставым складзе ўдзельнікаў эканомікі і тэндэнцыях яе развіцця.

За кошт забяспечвання сацыяльнай мабільнасці і падрыхтоўкі кампетэнтных кадраў, адукацыя заўжды з’яўлялася фактарам, стымулюючым развіццё эканомікі. Істотныя змены і бурны рост эканомікі ў свеце ставіць перад адукацыяй шэраг задач і пытанняў, патрабуючых рашэння.
· Адукацыя мае магчымасць змагацца з няроўнасцю. Якім чынам мы можам быць упэўнены, што адукацыйныя рэсурсы атрымоўваюць тыя, каму яны больш за ўсё патрэбны?

· Як адукацыйныя інстытуты могуць унесці свой уклад у больш устойлівае і экалагічнае развіццё грамадства?

· Якімі ўменнямі і ведамі варта забяспечыць членаў грамадства для іх паспяховага ўдзелу ў больш навукаёмістай эканоміцы?

· Як павінна змяніцца адукацыя дзеля таго, каб забяспечыць людзей усіх узростаў актуальнымі ўменнямі для магчымасці ўнесці свой уклад у развіццё эканомікі?

Змена погляду на жыццё і працу

Нягледзячы на шалёны рытм сучаснага жыцця і занепакоенасць пытаннем “балансу працы і жыцця”, сёння чалавек у сярэднім працуе менш, чым калі-небудзь раней. Назіраецца не толькі тэндэнцыя да скарачэння працоўных гадзін, але і ўсё большая распаўсюджанасць такіх фарматаў працы як фрыланс, дыстанцыйная праца і праца на працягу не поўнага працоўнага дня. Амаль усе прафесіі, якія LinkedIn адзначыў у 2022 годзе як тыя, што актыўна развіваюцца, можна выконваць дыстанцыйна. Колькасць людзей занятых у анлайн фрылансе падвоілася ў перыяд з 2016 па 2021 год.
Крыніца: сэрвіс Canva
Змена працягласці працоўных гадзін даруе чалавеку больш вольнага часу. Сёння значную ролю ў жыцці чалавека іграе не толькі працоўнае, але і сацыяльнае, сямейнае і палітычнае жыццё. Бацькі імкнуцца быць больш актыўнымі ўдзельнікамі адукацыі сваіх дзяцей.

Адначасова з гэтым, жыццё сучаснага чалавека трапляе пад значны ўплыў тэхналогій. Мы выкарыстоўваем праграмы і алгарытмы для арганізацыі амаль усіх сфер нашага жыцця: ад працы да рамантычных стасункаў. Асаблівае месца тэхналогій у жыцці сучаснага чалавека робіць неабходным якаснае развіццё навыкаў крытычнага мыслення і прыняцця рашэнняў, каб не апынуцца пад поўным уплывам тэхналогій і захаваць свабоду выбару і сваю чалавечую сутнасць.

На падставе фактараў, уплываючых на паўсядзённае прафесійнае і ўласнае жыццё сучаснага чалавека, перад адукацыяй стаяць наступныя пытанні:

· Ці можа адукацыя дапамагчы чалавеку больш якасна бавіць час па-за межамі працоўнага месца?

· Якія навыкі неабходны чалавеку для паспяховага жыцця ва ўмовах распаўсюджанасці дыстанцыйнай працы і вялікага ўплыву тэхналогій?

· Дзе заканчваюцца абавязкі школы і пачынаюцца абавязкі сям’і? Якім чынам варта падзяліць зоны адказнасці паміж сям’ёй і адукацыйнымі інстытутамі?

Веды і сіла

Развіццё лічбавых тэхналогій амаль пазбавіла нас ад межаў доступу да інфармацыі і дадзеных і забяспечыла новымі магутнымі інструментамі для вырашэння праблем і прыняцця рашэнняў. 80% насельніцтва OECD краін карыстаецца інтэрнэтам штодня.
Разам з пашырэннем даступнасці ведаў наяўнасць бясконцых аб’ёмаў інфармацыі ставіць перад чалавецтвам новыя выклікі:

·     Даступнасць ведаў не гарантуе магчымасці чалавека імі карыстацца. Як мы можам забяспечыць кожнага чалавека ўменнем не толькі знайсці, але і рацыянальна выкарыстаць атрыманую інфармацыю?

·     Ці заўсёды больш ведаў гэта лепш? Якія навыкі нам патрэбны, каб мець магчымасць крытычна ацэньваць якасць і дакладнасць інфармацыі?

·     Якая класная культура будзе спрыяць фарміраванню ў вучняў павагі да разнастайных меркаванняў? Ці можам мы дазволіць настаўнікам і вучням рабіць памылкі ва ўмовах перанасычанасці інфармацыяй?

·     Якім чынам магутныя алгарытмы ўзмацняюць пытанні этыкі?

Ідэнтычнасць і прыналежнасць

Адказ на пытанне “Хто я?” і “Да каго я належу?” маюць істотны ўплыў на жыццё чалавека. Разуменне сябе як прадстаўніка некаторай суполкі людзей уплывае на прафесійныя поспехі чалавека, яго стасункі з іншымі людзьмі.

Гістарычна значны ўплыў на самасвядомасць чалавека мелі такія фактары, як грамадзянства, этнічная прыналежнасць і рэлігія. На сённяшні дзень эксперты назіраюць істотнае зніжэнне ролі гэтых фактараў. Адначасова з гэтым больш моцны ўплыў на самасвядомасць чалавека пачынае мець ідэнтычнасць у віртуальным свеце.

Грамадства становіцца ўсё больш фрагментаваным і разнастайным. Па інфармацыі на 2020 год каля 281 мільёна чалавек не жыве ў краіне свайго нараджэння.
Рост распаўсюджанасці такой з’явы робіць суполкі людзей шматкультурнымі і ставіць перад сістэмай адукацыі задачу навучыць людзей існаваць у шматкультурным асяроддзі.
Адукацыя дапамагае людзям розных ідэнтычнасцяў шукаць агульныя рысы і засвойваць агульначалавечыя каштоўнасці.

Крыніца: сэрвіс Canva
Дзеля таго, каб адукацыя спрыяла максімальнаму раскрыццю патэнцыялу кожнага чалавека ў незалежнасці ад яго ідэнтычнасці, нам неабходна знайсці адказы на наступныя пытанні:

·     Як зрабіць адукацыю даступнай і камфортнай для кожнага чалавека? Як мы можам быць упэўнены, што адукацыя адпавядае патрэбам усіх груп нашага разнастайнага грамадства?

·     Якія навыкі павінна выхоўваць адукацыя, каб забяспечыць паспяховае ўзаемадзеянне людзей розных ідэнтычнасцяў?

·     Як адукацыя можа спрыяць аб’яднанню розных груп людзей?

·     Звычайна адукатары адлюстроўваюць менш разнастайныя групы чым іх навучэнцы. Як мы можам забяспечыць большую разнастайнасць супрацоўнікаў сферы адукацыі?

Змяненне чалавечай натуры

Жыццё чалавека ўсё больш пераходзіць у віртуальную сферу. У свеце, дзе пануюць тэхналогіі, мы рызыкуем згубіць нашу сувязь з фізічным светам. Адукацыя можа спрыяць фарміраванню экалагічных адносін з нашай свядомасцю і целам, з іншымі людзьмі і светам вакол нас.
Апошнім часам прыярытэтным пытаннем з’яўляецца экалагічная праблема.

Ужо сёння чалавецтва выкарыстоўвае такія аб’ёмы рэсурсаў, для ўстойлівага ўтварэння якіх патрэбна 1,7 планет Зямля.
Пад уплывам экалагічных праблем, развіцця тэхналогій і пастаяннага ўдасканальвання фізічных і кагнітыўных здольнасцей чалавека мы мусім пераасэнсаваць нашу ролю ў жыцці планеты і грамадства, а таксама каштоўнасці, на падставе якіх мы будуем уласнае жыццё.
Значную ролю ў гэтым працэсе безумоўна будзе мець адукацыя.

·     Якім чынам адукацыя можа спрыяць фарміраванню разумення ўзаемасувязі паміж выбарам чалавека і доўгатэрміновымі наступствамі гэтых паводзін?

·     Падтрыманне сувязі з прыродай мае спрыяльны ўплыў на ментальнае і фізічнае самаадчуванне чалавека. Як мы можам дапамагчы кожнаму навучэнцу сфарміраваць і ўзмацніць узаемасувязь з навакольным светам?

·     Якое месца ў сучасным свеце маюць адукацыйныя тэхналогіі і анлайн навучанне? Як зрабіць выкарыстанне тэхналогій рацыянальным і знайсці баланс паміж лічбавым і фізічным светам?

Сучасны свет змяняецца з неверагоднай хуткасцю і пастаянна прапануе нам новыя выклікі і пытанні, на якія нам варта шукаць адказы.
Будаванне ўзаемасувязі паміж глабальнымі тэндэнцыямі і адукацыяй – гэта інструмент пашырэння нашага кругагляду, які дапамагае атрымаць інфармацыю для прыняцця найбольш рацыянальных рашэнняў для развіцця фармальнай і нефармальнай адукацыі, што неабходна для паспяховай будучыні чалавецтва ва ўмовах пераменлівага свету.

На падставе глабальных тэндэнцый, якія ўплываюць на развіццё адукацыі, адбываецца фарміраванне больш вузкіх трэндаў, якія набіраюць папулярнасць сярод адукатараў і навучэнцаў ва ўсім свеце.

У наступным артыкуле мы пазнаёмімся з топам інструментаў і прынцыпаў, якія на нашых вачах фарміруюць адукацыю будучыні.
Made on
Tilda