ESG

Устойлівае развіццё. Бізнес. Адукацыя

За апошнія некалькі год чалавецтва сутыкнулася з выклікамі, якія цяжка было прадказаць. Пандэмія, прыродныя катаклізмы як вынік змянення клімату, геапалітычныя канфлікты і эканамічныя цяжкасці становяцца бесперапыннымі выпрабаваннямі на трываласць для ўсяго свету.

На фоне падзей апошняга часу і на хвалі занепакоенасці чалавецтва пытаннямі ўстойлівага развіцця назіраецца імклівы рост ціску не толькі на ўрады, але і на бізнес. Грамадства патрабуе ад сучасных кампаній заняць дакладную пазіцыю па цэламу шэрагу пытанняў, пачынаючы з экалогіі і сацыяльнай роўнасці і заканчваючы пытаннямі гендару і інфармацыйнай палітыкі. Кліенты і інвестары пільна сочаць за рэакцыяй кампаній на сусветныя і рэгіянальныя падзеі, што прывяло да істотнага зруху ў чакаемай ролі кампаній у барацьбе з глабальнымі выклікамі.
Крыніца: сэрвіс Canva
Вядзенне бізнесу ў адпаведнасці з прынцыпамі ўстойлівага развіцця, фінансавай лупай для якіх з’яўляецца ESG, становіцца пытаннем магчымасці паспяховага развіцця кампаніі. Паступова гэты трэнд усё больш адлюстроўваецца на вядзенні бізнесу і ў нашым рэгіёне. Чакаецца, што ў хуткім часе мы будзем назіраць імклівы рост запыту на ESG-спецыялістаў і адукацыю ў галіне ўстойлівага развіцця.

Сёння разбяромся, як развіваецца індустрыя ESG у Беларусі і свеце? Навошта варта вывучаць прынцыпы ўстойлівага развіцця і якія магчымасці дае ESG для адукацыйнага бізнесу?

Таксама глядзіце відэа-інтэравью на тэму ESG і адукацыі з папулярызатарам навукі і бізнес-кансультантам Андрэям Касько.

Што такое ўстойлівае развіццё і ESG?

Устойлівае развіццё — агульная канцэпцыя аб неабходнасці дасягнення балансу паміж задавальненнем бягучых патрэбаў чалавецтва і абаронай інтарэсаў будучых пакаленняў, уключаючы іх патрэбы ў бяспечным і здаровым навакольным асяроддзі, правы на прыродную і культурную спадчыну.

Крыніца: You Social Insight
ESG, абрэвіятура ад англійскіх слоў Environment (навакольнае асяроддзе), Social (грамадства) і Governance (карпаратыўнае кіраванне), у сваю чаргу з’яўляецца фінансавай лупай для бізнесу, якая дапамагае весці сваю дзейнасць у адпаведнасці з прынцыпамі ўстойлівага развіцця. ESG – гэта стандарт, які дазваляе ацэньваць уплыў кампаніі на навакольнае асяроддзе і соцыум, а таксама празрыстасць і эфектыўнасць палітыкі кіравання ў кампаніі.
Крыніца: Курс "ESG основы для кожнага" на Stepik
  • E – environment
    Да гэтага блоку адносяцца ўсе дзеянні, якія прадпрымае кампанія для клопату пра навакольнае асяроддзе. У якасці прыкладаў можна прывесці зніжэнне выкідаў парніковых газаў, развіццё экалагічнай інфраструктуры, адказнае абыходжанне з адкідамі.
  • S – social
    Да сацыяльнага блоку адносяцца дзеянні, якія прадпрымае кампанія для клопату пра сваіх супрацоўнікаў, кліентаў, падрадчыкаў і грамадства ў цэлым. Гэта дзеянні, накіраваныя на дасягненне інклюзіі, сацыяльнай роўнасці і разнастайнасці. Таксама да блоку “social” адносіцца адукацыя супрацоўнікаў, адсутнасць перапрацовак, забяспечванне супрацоўнікаў медыцынскімі паслугамі і добрымі ўмовамі працы.
  • G – governance
    Да блоку кіравання адносіцца празрыстасць рашэнняў і дзейнасці кампаніі, а таксама палітыка кіравання ў арганізацыі. Блок уключае як рэалізацыю палітыкі кіравання, так і справаздачнасць. Сюды ж адносіцца разуменне і выкарыстанне на практыцы адказнай філасофіі кампаніі і адукацыйная дзейнасць кампаніі сярод супрацоўнікаў.
Палітыка ўстойлівага развіцця кампаніі не можа спыняцца на дзеяннях яе кіраўніцтва і мусіць у роўнай ступені ажыццяўляцца кожным супрацоўнікам без выключэння.

Прынята лічыць, што калі кампанія прыняла палітыку ўстойлівага развіцця, а пры гэтым касір не можа за 3 хвіліны растлумачыць, што гэта, то ў кампаніі няма палітыкі ўстойлівага развіцця.

Фактары E, S і G цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. Дзеянні па падтрымцы навакольнага асяроддзя і грамадства ажыццяўляюцца з дапамогай сістэмы кіравання, якая прынята ў кампаніі.

На сённяшні дзень не існуе дакладных крытэрыяў “устойлівай кампаніі”. Бізнес імкнецца набліжацца да найбольш магчымага адпавядання прынцыпам ESG з улікам сучасных трэндаў, незалежных рэйтынгаў і асаблівасцей індустрыі.
Некалькі прыкладаў таго, як развіваецца накірунак ESG у Беларусі і свеце, і што робяць кампаніі для для рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця:

У Беларусі праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя тэме ESG і ўстойлівага развіцця.

У кастрычніку 2021 года ў Беларусі прайшла канферэнцыя “ESG і ўстойлівае развіццё. Ці гатовы беларускі рынак да гэтага?”. Другая канферэнцыя запланавана на вясну 2023 года.
У лістападзе 2022 прайшоў Форум адказнага бізнесу.
А1 пра ESG стратэгію кампаніі.
Новая праграма Carlsberg Group “Разам да ўстойлівай будучыні”.
Аліварыя ўсталявала першую "адказную" лаўку ў Батанічным садзе. Лаўка зроблена з 3000 перапрацаваных пластыкавых бутэлек.
Рэйтынгавае агенцтва BIK Ratings упершыню ў Беларусі прысвоіла ESG рэйтынг. Першай кампаніяй, якая атрымала ESG рэйтынг, стала ЗАТ "БСБ Банк", якой быў прысвоены рэйтынг катэгорыі A.esg (прагноз стабільны).
Пасля студэнцкіх пратэстаў, навучэнцы ўніверсітэту Барселоны будуць абавязаны вывучаць курс па кліматычным крызісе з 2024 года.
Timberland прапаноўваюць кліентам вяртаць стары абутак для перапрацоўкі.
CVS зніжаe кошты на тавары жаночай гігіены на 25%, каб знізіць “падатак на ружовае” (кошты на тавары для жанчын звычайна вышэй, чым на тавары для мужчын).
Рост ролі ESG і запыты новага пакалення

Паняцце ESG не з’яўляецца новым. Тэрмін ESG быў прапанаваны ў 2004 годзе былым Генеральным сакратаром ААН Кофі Аннанам. У сваім звароце да кіраўнікоў буйных кампаній Аннан заклікаў да ўключэння прынцыпаў ESG у бізнес-стратэгіі. Зварот быў названы “Who Cares Wins”, што з англійскай азначае “неабыякавы перамагае”. Праз амаль 20 год гэта сцвярджэнне ніколькі не страціла сваю актуальнасць.

З часам усё больш актыўны ўдзел у эканоміцы пачынае прымаць пакаленне міленіялаў. Менавіта гэтыя людзі будуць у бліжэйшы час удзельнічаць у размеркаванні капіталаў. Гэта пакаленне, якое выхоўвалася ва ўмовах абмеркавання пытанняў устойлівага вядзення бізнесу, сацыяльнай роўнасці, экалагічнага крызісу і іншых глабальных пытанняў.

У міленіялаў ёсць не проста запыт, а патрабаванне да адпавядання прынцыпам устойлівага развіцця, адказнага стаўлення да грамадства і навакольнага асяроддзя.

Згодна з апытаннямі, 90% прадстаўнікоў новага пакалення будуць укладаць грошы толькі ў тую кампанію, якая адпавядае ESG прынцыпам.

ESG стратэгія для кампаніі любой індустрыі і памеру сёння – гэта не проста сацыяльная адказнасць, а неабходная ўмова поспеху. Абыякавае стаўленне да глабальных праблем пагражае бізнесу сапсаванай рэпутацыяй, стратай існуючых і будучых кліентаў, немагчымасцю прыцягваць інвестыцыі.

Недастатковая ўвага да гэтых выклікаў – вялікая эканамічная рызыка не толькі для бізнесу, але і для кожнага чалавека. Згодна з інфармацыяй Swiss Re, бяздзейнасць у дачыненні да кліматычных праблем прывядзе да страты 18% глабальнага ВУП да 2050 года. Такая лічба адпавядае глыбокай эканамічнай дэпрэсіі і можа несці катастрафічныя наступствы для асобных рэгіёнаў.

З другога боку, наяўнасць і рэалізацыя ESG стратэгіі ў кампаніі дазваляе не толькі пазбегнуць фінансавых і глабальных рызыкаў, але і паспрыяць больш дынамічнаму развіццю бізнесу. Па дадзеных McKinsey, 63% з больш за 2000 даследаванняў вынаходзяць станоўчы эфект рэалізацыі ESG стратэгіі на развіццё бізнесу.


Пры гэтым толькі 8% даследаванняў вынайшлі, што рэалізацыя ESG стратэгіі мае негатыўныя фінансавыя наступствы для кампаніі.

Крыніца: Harvard Business Review

ESG спрыяе росту бізнесу ў 5 асноўных накірунках:

1.   Спрыяе росту выручкі
2.   Зніжае затраты на вядзенне бізнесу
3.   Мінімізуе рызыкі правапарушэнняў з боку кампаніі
4.   Павышае эфектыўнасць працы і задаволенасць супрацоўнікаў
5.   Аптымізуе інвестыцыі

Каштоўнасць ESG падыходу відавочна не толькі для кампаній, але і для саіскальнікаў. Па выніках апытанняў 75% супрацоўнікаў будуць з большай верагоднасцю працаваць з меншым заробкам, але ў кампаніі, у якой рэалізуецца ESG стратэгія.

Камбінацыя 3 фактараў: запыту на ESG адказны бізнес, эканамічны ўплыў ESG стратэгіі на развіццё кампаніі і ўсё больш вялікая роля бізнесу ў вырашэнні глабальных выклікаў, прывядзе да таго, што сектар устойлівага развіцця па прагнозах вырасце да 48 з паловай мільярдаў $ да 2027 года. Будзе назірацца імклівы рост запыту на распрацоўку і рэалізацыю ESG палітыкі для бізнесу і на адказныя інвестыцыі з улікам прынцыпаў устойлівага развіцця.

Адукацыя для ESG і ESG для адукацыі

ESG і адукацыя моцна ўзаемазвязаны і могуць спрыяць узаемнаму развіццю ў 2 накірунках. Актуальнасць ESG для сучаснага бізнесу абумоўлівае запыт на падрыхтоўку спецыялістаў па ўстойліваму развіццю ва ўсім свеце, а ESG стратэгіі кампаній у сваю чаргу могуць стаць каштоўным рэсурсам для развіцця адукацыі.
Магчымы падыход да ўзаемадзеяння індустрый ESG і адукацыі ў сучасных умовах разглядаецца ў справаздачы “Раскрыццё патэнцыялу і прадукцыйнасць: Адзначаючы становішча адукацыі ў аснове ESG”, якая была апублікавана Глабальнай кааліцыяй бізнесу для адукацыі ў верасні 2022 года.

Крыніца: сэрвіс Canva
Інвестыцыі ў адукацыю здольныя як спрыяць вырашэнню сацыяльных праблем, так і мець станоўчы ўплыў на поспехі бізнесу. Інвестыцыі ў адукацыю – эфектыўны спосаб дасягнення мэтаў кампаній і інвестараў, якія імкнуцца палепшыць фінансавыя вынікі, а таксама рэалізоўваць ESG стратэгію.
Многія лідары сёння сумняюцца ў надзейнасці ESG падыходу па прычынах адсутнасці дакладных метрык выяўлення экалагічнага і сацыяльнага ўплыву кампаніі. Распрацоўка надзейных і зразумелых метрык, якія будуць ацэньваць уклад бізнесу ў вырашэнне глабальных праблем – адна з асноўных задач ESG індустрыі.

Эксперты мяркуюць, што рэалізацыя ESG стратэгіі кампаніі праз супрацоўніцтва з сектарам адукацыі – гэта магчымасць мець дакладныя метрыкі поспеху, а таксама магчымасць вырашэння каротка- і доўгатэрміновых выклікаў, з якімі сутыкаецца сучасны бізнес, такіх як недахоп неабходных кампетэнцый.

Адукацыя ў галіне ўстойлівага развіцця – патрабаванне сучаснага часу. Усё больш адукацыйныя ўстановы ва ўсім свеце робяць акцэнт на навучанне школьнікаў і студэнтаў асноўным прынцыпам устойлівасці і такая тэндэнцыя мусіць толькі набіраць тэмпы.

Магчымасці для беларускага адукацыйнага бізнесу

Нягледзячы на шырокі сусветны трэнд на вядзенне бізнесу з улікам прынцыпаў устойлівага развіцця, канцэпцыя ўстойлівага бізнесу і ESG застаецца даволі новым і безумоўна актуальным накірункам развіцця для беларускага рынку.

Па інфармацыі Сеткі Глабальнай дамовы ў Беларусі, у бліжэйшы час на дзяржаўным узроўні плануецца распрацоўка мер падтрымкі для кампаній, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі ўстойлівага развіцця, а менавіта тых, хто будзе фінансаваць ці рэалізовываць зялёныя праекты, што стане дадатковай матывацыяй для кампаній уключыць ESG у парадак дня.

У хуткім часе мы будзем назіраць імклівы рост запыту на ESG-спецыялістаў і адукацыйная праграмы ў галіне ўстойлівага развіцця. У адрозненні ад іншых рэгіёнаў і краін-суседзяў, у Беларусі не рыхтуюць спецыялістаў па ўстойліваму развіццю, што робіць ESG-адукацыю перспектыўнай нішай для навучання і стварэння адукацыйных прадуктаў.

HR-спецыялісты адзначаюць наступныя характарыстыкі, якімі мусіць валодаць ESG-спецыяліст:
· прыхільнасць каштоўнасцям і прынцыпам устойлівага развіцця
· здольнасць ацэньваць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя эфекты, крытычна падыходзіць да наступстваў прынятых рашэнняў і сістэмна глядзець на задачы
· імкненне да пастаяннага навучання
· гатоўнасць ужываць міжнародны досвед і інструменты
· уменне ацэньваць трэнды і адаптаваць пад іх паўсядзённую працу, асабліва ва ўмовах высокай нявызначанасці
Зараз у Беларусі ёсць выдатная магчымасць далучыцца да глабальнага трэнду і ўнесці свой уклад ва ўстойлівую будучыню планеты, атрымаўшы адукацыю ў галіне ESG ці распрацаваўшы ўласны адукацыйны прадукт накіраваны на навучанне ў галіне ўстойлівага развіцця.
Распрацоўка ESG стратэгіі, рэалізацыя сацыяльных праектаў, адукацыйныя праграмы па тэматыцы ўстойлівага развіцця для супрацоўнікаў мусяць стаць распаўсюджанай практыкай на беларускім рынку.

Рэсурсы для ESG адукацыі

Асноўная маса адукацыйных рэсурсаў, якія дазваляюць пагрузіцца ў тэматыку ESG прадстаўлены на англійскай мове. Лідарамі па выкладанні курсаў і адукацыйных праграм у галіне ESG і ўстойлівага развіцця з’яўляюцца Вялікабрытанія, Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія і Данія. Лідарам па прапановам бясплатных анлайн курсаў па тэме на Coursera з’яўляецца ЗША. Тым не менш, можна знайсці адукацыйныя магчымасці і на рускай мове.

Сетка Глабальнай дамовы ў Беларусі апублікавала падборку анлайн курсаў на рускай і англійскай мовах па тэматыцы ESG.

Курсы пераважна бясплатныя і падыдуць усім, хто хоча атрымаць базавыя веды і навыкі па тэме і выкарыстоўваць іх для вядзення ўласнага бізнесу ці старту прафесійнай дзейнасці ў якасці ESG-эксперта.
ESG-адукацыя для пачаткоўцаў і не толькі: дзе знайсці даступную інфармацыю па ESG-падыходу.
Таксама можна звярнуцца да падборкі з каля 200 праграм ад арганізацыі YouSocial.

Падборка ўключае бясплатныя і платныя анлайн курсы, магістарскія праграмы, бізнес трэнінгі і семінары.

Нягледзячы на тое, што свет даўно знаёмы з ідэямі ESG і ўстойлівага развіцця, сапраўдны рынак ESG адукацыі і адказнага вядзення бізнесу толькі пачынае фарміравацца і набіраць абароты. ESG – тая тэматыка, на якую сёння варта звярнуць увагу, як беларускаму бізнесу, так і адукацыі.

Спасылкі на крыніцы і дадатковыя рэсурсы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу.


1.   Yes, Investing in ESG Pays Off. By Paul Polman and Andrew Winston. Harvard Business Review
2.   Five ways that ESG creates value. McKinsey
3.   2022: A Tumultuous Year in ESG and Sustainability by Andrew Winston. Harvard Business Review
4.   Education’s Position at the Core of ESG. Global Business Coalition for Education
5.   ESG: асновы для кожнага. Курс на Stepik
6.   Устойлівая адукацыя: навошта і дзе вывучаць ESG. Forbes Education
7.   ESG-адукацыя для пачаткоўцаў і не толькі: дзе знайсці даступную інфармацыю па ESG-падыходу. Global Compact Network Belarus
8.   Што такое прынцыпы ESG, чым яны карысныя бізнэсу і як укараніць іх у кампаніі. Skillbox
9.   ESG in higher education: From strategy to execution. EY Parthenon
10. Education for sustainable development (ESD). UNESCO
Made on
Tilda