Інклюзіўная адукацыя

Як зрабіць веды даступнымі для кожнага?

Кожны чалавек мае права атрымліваць якасную адукацыю на працягу жыцця. Тым не менш, шматлікія фактары, такія як эканамічнае становішча, месца жыхарства, гендар, этнічная прыналежнасць грамадзянства і рэлігія маюць істотны ўплыў на магчымасці чалавека мець доступ да адукацыі.

Па дадзеным UNESCO, кожны пяты чалавек сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі цалкам выключаны з адукацыйнага працэсу. Каля 40% дзяцей не маюць доступ да адукацыі на мове, якую яны разумеюць.

У выніку 16% насельніцтва планеты не ўмее чытаць і пісаць, што ў абсалютных лічбах складае 781 мільён чалавек.
Што такое інклюзіўная адукацыя?

Дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы можа інклюзіўны падыход да адукацыі, які паступова становіцца сусветным адукацыйным стандартам.

Само слова інклюзія паходзіць ад англійскага слова inclusion (уключэнне) і прадстаўляе сабой працэс уключэння ўсіх людзей з усімі іх асаблівасцямі ў жыццё грамадства і, у тым ліку, у адукацыю.
Крыніца: сэрвіс Canva
Інклюзіўная адукацыя – гэта сусветная тэндэнцыя развіцця, якая забяспечвае ўключэнне ўсіх навучэнцаў незалежна ад існуючых паміж імі адрозненняў у адзіны адукацыйны працэс.

Больш простымі словамі, інклюзіўны падыход да адукацыі прадугледжвае, што кожны чалавек мае магчымасць скарыстацца сваім правам на якасную адукацыю і пры гэтым быць упэўнены, што яго(яе) асабістыя патрэбы будуць улічвацца.

Інклюзіўны падыход да адукацыі гэта не пра спецыяльныя школы і адукацыйныя праграмы для людзей з асобымі патрэбамі. Такі падыход прадугледжвае, што ўсе навучэнцы атрымліваюць веды разам, а такія фактары як стан здароўя, этнічная прыналежнасць, эканамічная сітуацыя і здольнасці не з’яўляюцца падставай для падзелу вучняў на асобныя групы.

Вырашаючым момантам пры гэтым з’яўляецца не проста факт знаходжання розных людзей у адным памяшканні. Інклюзія азначае, што кожны чалавек адчувае сябе важнай часткай суполкі, у якой ён знаходзіцца.
Крыніца: UNISEF
Інклюзіўная адукацыя – шырокае, глабальнае паняцце, якое разглядаецца з пазіцыі, што кожны чалавек мае свае ўласныя патрэбы ў навучанні, якія мусяць быць улічаны ў адукацыі.

Гэтыя патрэбы могуць узнікаць на падставе асаблівасцей фізічнага і псіхалагічнага стану чалавека (абмежаванні мабільнасці, парушэнні зроку, слыху ці маўлення, захворванні аўтыстычнага спектру, эпілепсія, дыслексія, СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, дэпрэсія і іншыя), цяжкага эканамічнага становішча, прыналежнасці да этнічных ці рэлігійных меншасцяў, адаптацыі да новай краіны ці адукацыйнага асяроддзя, недасканалага валодання мовай, асаблівасцей характару, цяжкасцей з засваеннем вучэбнага матэрыялу і гэтак далей.
Крыніца: сэрвіс Canva
Асобыя адукацыйныя патрэбы не заўсёды звязаны з медыцынскімі прычынамі і бачны іншым людзям.
У любым выпадку, замест таго, каб падганяць усіх навучэнцаў пад адзіны стандарт, інклюзіўная адукацыя прасоўвае індывідуальны падыход і рэалізацыю патэнцыялу кожнага, у незалежнасці ад стану здароўя і папярэдняга досведу.
Крыніца: сэрвіс Canva
Асобая ўвага ў пытанні інклюзіўнага навучання надзяляецца сумеснаму навучанню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і вучняў “без асобых патрэб”. І гэта не выпадкова. Па дадзеных UNESCO дзеці з асобымі патрэбамі не наведваюць школу ў 2,5 разы часцей, чым іх аднагодкі, што наглядна адлюстроўвае маштабы гэтай праблемы.
Нават у выпадку атрымання адукацыі, дзеці і дарослыя з асобымі патрэбамі часцей наведваюць спецыяльныя навучальныя ўстановы, што ў нейкім сэнсе выключае іх з агульнага адукацыйнага працэсу і накладвае абмежаванні на ўдзел у жыцці грамадства.
Спецыялісты па адукацыі і інклюзіі сцвярджаюць, што пры забяспечванні неабходнай падтрымкі, людзі з асобымі патрэбамі могуць без праблем вучыцца ў тых жа сценах, што і астатнія навучэнцы.

У такім выпадку інклюзіўная адукацыя можа забяспечваецца плённай супрацай выкладчыка з спецыялістамі, якія распрацоўваюць індывідуальны адукацыйны медыцынскі план навучэнца.
Пры правільнай арганізацыі такога навучання выдатныя поспехі будуць мець усе навучэнцы, з пытаннямі па здароўю і без.
Крыніца: UNISEF

Каб яшчэ лепш зразумець канцэпт інклюзіўнай адукацыі, звернемся да кнігі вядомай брытанскай настаўніцы Ніны Джэксан “Класны настаўнік”, якая разбурае міфы аб інклюзіўнасці.
Інклюзія - гэта не:
  • Дадатковыя гадзіны навучання
  • Аднолькавы адукацыйны падыход да кожнага
  • Убудоўванне навучэнцаў у традыцыйныя сістэмы і методыкі
  • Спробы “выправіць” непадобных да іншых
  • Планаванне агромністай колькасці індывідуальных адукацыйных праграм
  • Дакументы і заканадаўчыя акты, якія не з’яўляюцца практычнымі і гатовымі да выканання
Інклюзія - гэта:
  • Павага да індывідуальнасці кожнага навучэнца
  • Гнуткія адукацыйныя методыкі для кожнага
  • Улік розных поглядаў і шанаванне любых намаганняў
  • Роўная павага да сваёй і іншых культур і суполак
  • Увага да патрэб адукацыйнай установы і яе супрацоўнікаў
  • Арганізацыя выкладання такім чынам, што якасная адукацыя гарантавана кожнаму
  • Уважлівае стаўленне адукатара да ўласнай працы і сітуацыі ў адукацыйнай установе
  • Адукатар усвядомлена будуе якасныя адносіны з кожным навучэнцам
  • Разнастайнасць у аснове філасофіі адукацыйнай установы
  • Пастаянны аналіз урокаў адукатарам і падстройванне праграмы і адукацыйных планаў пад патрэбы навучэнцаў – і так да бясконцасці
Інклюзіўным можна назваць тое навучальнае асяроддзе, дзе з увагай ставяцца да выкладання, навучання, поспехаў, настрою і псіхічнаму дабрабыту кожнага навучэнца.
Варта заўважыць: нягледзячы на тое, што інклюзіўная адукацыя часцей абмяркоўваецца на прыкладзе школ і ўніверсітэтаў, інклюзіўны падыход да адукацыі мусіць з’яўляцца ў тым ліку часткай прафесійнай і нефармальнай адукацыі.
Крыніца: сэрвіс Canva
Істотную ролю ў пашырэнні даступнасці адукацыі для кожнага чалавека можна сыграць і бізнес. Інклюзіўная адукацыя сёння – перспектыўны сегмент рынку. Прыватныя кампаніі часта валодаюць большай гнуткасцю, чым дзяржаўныя праграмы, і маюць магчымасць хутка адказаць на існуючы запыт на інклюзіўную адукацыю.

EdTech стартапы могуць карыстацца сваім тэхналагічным патэнцыялам, каб забяспечыць якаснай анлайн і афлайн адукацыяй больш шырокія колы людзей.
Як інклюзіўнае навучанне павышае якасць адукацыі ў незалежнасці ад патрэб?

Інклюзіўны падыход у адукацыі не толькі адчыняе новыя магчымасці тым, хто часта не мае доступ да якаснай адукацыі.

Назіранні экспертаў і даследаванні прыходзяць да высновы, што інлюзіўнае навучанне павышае якасць адукацыі для ўсіх навучэнцаў без выключэння.

Эксперт расійскай Асацыяцыі інклюзіўных школ Наталля Барысава ў артыкуле на ForbesEducation Russia сцвярджае, што інклюзія дапамагае дзецям знаёміцца з фактам разнастайнасці людзей і іх патрэб, вучыць іх узаемадзейнічаць з людзьмі не падобнымі да іх, развівае эмацыянальны інтэлект.

Крыніца: сэрвіс Canva
Маніторынг універсальных кампетэнцый вучняў без асобых патрэб па здароўю, якія навучаюцца ў інклюзіўным асяроддзі, паказвае, што ў параўнанні з аднагодкамі ў такіх дзяцей лепш сфарміраваны навыкі крытычнага мыслення і працы з рознымі відамі інфармацыі, вышэй прадуктыўнасць і кантроль дзейнасці. Яны дэманструюць больш высокія сацыяльныя і камунікатыўныя навыкі, ініцыятыўнасць, гнуткасць і лідарства.

Да падобных высноў прыходзяць і іспанскія даследчыкі, якія назіраюць што вучні інклюзіўных класаў добра вучацца паважаць адзін аднаго, атрымоўваць асалоду ад дапамогі іншаму, а таксама лепш засвойваюць вучэбны матэрыял.

Эксперты таксама адзначаюць, што больш разнастайныя групы генерыруюць больш інавацыйныя і крэатыўныя ідэі. Багацце досведаў дазваляе лепш прымаць рашэнні і вырашаць праблемы, развіваць крытычнае мысленне. Гэты прынцып працуе і ў адукацыі, і ў бізнесе.

Адукатары ў інклюзіўным асяроддзі, у сваю чаргу, набываюць новыя прафесійныя кампетэнцыі, засвойваюць шэраг педагагічных практык, якімі потым карыстаюцца ў працы з усімі навучэнцамі.

Індывідуальны падыход дапамагае ўсім вучням дасягаць больш высокіх вынікаў, а спецыялісты, якія прыцягваюцца для працы з навучэнцамі з асобымі патрэбамі становяцца каштоўным рэсурсам для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Крыніца: сэрвіс Canva
І ўсё гэта не проста аптымістычныя меркаванні, такія высновы былі зроблены на падставе дзясяткаў даследаванняў і назіранняў псіхолагаў, сацыёлагаў, эканамістаў і дэмографаў. Інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе здольна не проста забяспечыць якаснай адукацыяй менш прывілеяваныя групы, але і значна павысіць якасць адукацыі ў цэлым.
Як зрабіць адукацыйнае асяроддзе больш інклюзіўным?

Такім чынам, інклюзізная адукацыя – гэта не толькі неабходны адказ на шэраг сучасных сацыяльных выклікаў, але і прынцып, грунтуючыся на якім магчыма значана павысіць якасць адукацыі.
Не абавязкова чакаць, пакуль прынцыпы інклюзіўнай адукацыі будуць замацаваны на заканадаўчым узроўні. Кожны адукатар і ўласнік адукацыйнага бізнесу можа зрабіць свой клас ці адукацыйную ўстанову больш інклюзіўнай і даступнай для кожнага.

Вось некаторыя прынцыпы, якія вы можаце ўлічваць, каб унесці свой уклад у пашырэнне інклюзіўнай адукацыі:
1. Даступнае фізічнае асяроддзе

Даступнасць фізічнага асяроддзя для людзей з парушэннямі зроку і абмежаванай мабільнасцю – неабходная ўмова стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя.

Лепшы варыянт – прадугледзіць даступнасць прасторы загадзя.

Згодна з даследаваннем, праведзеным World Bank прытрымліванне прынцыпаў інклюзіі павялічвае кошт аб’екту толькі на 1%, пры ўмове, што даступнасць прасторы была загадзя ўключана ў праект.
Стандартных схем абсталявання інклюзіўнай прасторы не існуе.

Нягледзячы на тое, што існуе шэраг фактараў, якія робяць адукацыйную прастору больш камфортнай, галоўным момантам застаюцца запыты кожнага канкрэтнага навучэнца. Таму важным прынцыпам пры дызайне інклюзіўнай прасторы з’яўляецца адаптыўнасць і гнуткасць абсталявання.

Прастора мусіць мець дастатковую плошчу, лёгкую мэблю, якая дасць магчымасць пераарганізаваць прастору для розных форм заняткаў і патрэб навучэнцаў, добра, калі мэбля будзе рэгулявацца па вышыні.

Асяроддзе мусіць быць безбар’ерным. Адсутнасць парогаў і бардзюраў, наяўнасць пандусаў, ліфтаў, шырокіх праходаў, даступнай прыбіральні і іншых месцаў агульнага карыстанне зробяць прастору больш камфортнай не толькі для людзей з асобымі патрэбамі, але і для людзей старэйшага ўзросту, матуль з каляскамі.
Крыніца: tegratech.ru
Уся інфармацыя (шыльды, інфармацыйныя стэнды, правілы бяспекі) павінна быць прадстаўлена ў візуальным, гукавым і тактыльным выглядзе, што зробіць яе зразумелай і даступнай для людзей з сэнсарнымі асаблівасцямі, такімі як парушэнні зроку і слыху. Тое самае датычыцца адукацыйных матэрыялаў.
Крыніца: сэрвіс Canva
Абавязкова трэба паклапаціцца пра бяспеку: Абазначыць канец і пачатак лесвіц, краі сцежак і іншыя патэнцыйна небяспечныя месцы.

Інклюзіўная прастора не абмяжоўваецца безбар’ернасцю. У інклюзіўных навучальных установах часта робяцца сэнсарныя пакоі, якія дапамагаюць навучэнцам адпачыць і наладзіць псіхаэмацыянальны стан.

Сэнсарны пакой звычайна мае прыглушанае асвятленне, мяккую мэблю, лававыя лямпы, светлавыя слупы, сэнсарныя падушкі і дывана. Можна выкарыстоўваць спакойную музыку і гукі прыроды.

Крыніца: vertisbuildings.com
Такія пакоі неабходны для эмацыянальнай разрадкі і адпачынку навучэнцам з аўтызмам, гіперактыўнасцю, парушэннямі ўвагі і іншымі асаблівасцямі. Сэнсарныя пакоі могуць дапамагчы пазбавіцца ад негатыўных эмоцый вучням, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, знаходзяцца ў стане непакою і стрэсу.

Больш ідэй па арганізацыі інклюзіўнай прасторы можна знайсці па спасылкам ніжэй:

Як зладзіць івэнт «для ўсіх»?

Нярэдка ў анонсах мерапрыемстваў можна сустрэць фразу «Будзем рады ўсім!», а на паверку аказваецца, што камусьці тут не рады ані на грам. Калі ты ў курсе, што людзі – розныя, і хочаш, каб ад твайго івэнту атрымалі задавальненне, натхненне або карысць як мага больш чалавек, прымі да ведама гэтыя простыя рэкамендацыі.

Стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ў НУШ: парады для настаўнікаў

Інклюзія або інклюзіўная адукацыя - гэта не толькі пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі або асаблівымі патрэбамі ў навучанні. Інклюзія датычыцца ўсіх без выключэння дзяцей, якія навучаюцца разам у звычайных дзіцячых садах, школах, каледжах або ўніверсітэтах.

23 парады па дызайне і ўладкаванні вашага інклюзіўнага класа

Камфортнае, бяспечнае і прадумана распрацаванае фізічнае асяроддзе мае важнае значэнне для поспеху любога інклюзіўнага класа. У сённяшняй публікацыі мы прапануем вам некалькі кароткіх парад, якія вы можаце выкарыстоўваць для абсталявання вашага класа, ад парт і сталоў да навучальных матэрыялаў.

(карыстайцеся функцыяй аўтаматычнага перакладу)
Варта звярнуць увагу, што інклюзіўнай можа быць не толькі фізічная, але і анлайн прастора, што асабліва актуальна для анлайн-школ і адукацыйных платформ. Інклюзіўны дызайн анлайн рэсурсаў прадугледжвае камфортнае карыстанне сэрвісам для людзей розных узростаў і асаблівасцей сэнсарнага ўспрымання. Больш падрабязна з тэматыкай інклюзіўнага анлайн асяроддзя можна пазнаёміцца ў артыкуле на uplab.
Крыніца: сэрвіс Canva
2.   Дыферэнцыяльнае навучанне

Дыферэнцыяльнае навучанне – адзін з інструментаў ажыццяўлення індывідуальнага падыходу ў адукацыі. Такі метад прадугледжвае выкладанне адных і тых жа тэм і навыкаў усім навучэнцам, аднак з выкарыстаннем розных падыходаў, якія адпавядаюць асабістым патрэбам кожнага вучня.

Да новай тэмы кожны навучэнец прыходзіць з рознымі здольнасцямі, папярэднімі ведамі і досведам і ў выніку засвойвае матэрыял з рознай хуткасцю. Дыферэнцыяльнае навучанне дапамагае прадугледзіць гэты фактар і пабудаваць заняткі такім чынам, каб кожны вучань дасягнуў фінішу.

Крыніца: сэрвіс Canva
Дыферэнцыяльнае навучанне можа ажыццяўляцца з дапамогай дадатковых інструкцый, заданняў на разнастайныя тэматыкі, розных форм праверкі засваення ведаў для розных вучняў, арганізацыі групавой працы і іншымі спосабамі.

Больш падрабязна з такім падыходам можна пазнаёміцца ў кнізе Барбары Оаклі, Джэя Сейноўскі і Бэта Рагоўскі “Навучыць немагчымаму” і ў блоге Teacher Toolkit (карыстайцеся функцыяй аўтаматычнага перакладу).
3. Ведай сваіх вучняў!

Яшчэ адзін важны крок да інклюзіўнага навучання – разуменне патрэб і досведу навучэнцаў. Пачаць варта з запамінання імёнаў кожнага навучэнца. Без гэтага кроку немагчыма стварыць атмасферу даверу. Пасля першага знаёмства можна пераходзіць да наладжвання больш цесных адносін.

Правядзіце групавыя актыўнасці на знаёмства і будаванне каманды, знайдзіце час на індывідуальную размову, абмяркуйце спрэчныя сітуацыі з калегамі.

Чым больш вы ведаеце пра сваіх вучняў, тым прасцей вам зразумець матывацыю іх дзеянняў, запыты і складанасці. Тым больш эфектыўна вы дапаможаце ім развівацца і рэалізоўваць свой патэнцыял.
Крыніца: сэрвіс Canva
Сам працэс навучання варта будаваць на падставе асаблівасцей і патрэб сваіх вучняў.

Навучэнцу з аўтызмам можа быць складана ці нават немагчыма падтрымліваць зрокавы кантакт з выкладчыкам, вучню з дыслексіяй можа быць патрэбна дадатковая падтрымка пры выкананні пісьмовых заданняў, вучню з зменшаным аб’ёмам працоўнай памяці можа быць неабходна запісаць інструкцыю па выкананню задання на дошцы.

Шукайце метады, якія працуюць менавіта для вашых вучняў і дапамагаюць ім дасягаць лепшых вынікаў.
4. Маніторынг і імкненне да лепшага

Стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя – гэта актыўны і шматгранны працэс, які патрабуе свядомасці і плённай працы. Выяўляць праблемы і сачыць за поспехамі можна з дапамогай цыкла павышэння інклюзіўнасці, які прапануе Брытанскі савет у сваім артыкуле “Інклюзіўнасць і культурная разнастайнасць у адукацыі”.
Падчас аўдыта неабходна адказаць на пытанне “Дзе мы знаходзімся зараз?”, звярнуць увагу на моцныя бакі і слабыя месцы канкрэтна вашай установы ці адукацыйнай праграмы.

Пераходзячы да мэтапакладання, грунтуйцеся на свежых дадзеных і рэалістычна ацэньвайце чаканыя вынікі. Важна таксама памятаць, што чалавек – гэта не толькі дадзеныя! Вы мусіце сапраўды ведаць сваіх навучэнцаў і іх патрэбы.

План дзеянняў лепш за ўсё распрацоўваць у камандзе. Знайдзіце сабе аднадумцаў, падключайце да працы калег і іншых спецыялістаў.

Каб адсочваць дынаміку вашых намаганняў праводзьце рэгулярныя “лятучкі” і як мага больш дзяліцеся сваімі пытаннямі і поспехамі з калегамі.

Ацэнка вынікаў пакажа, якія меры апынуліся паспяховымі, а якія варта пераглядзець. На падставе свайго досведу можна падрыхтаваць рэкамендацыі, якімі вы зможаце падзяліцца з іншымі спецыялістамі сваёй галіны.

Больш інфармацыі пра арганізацыю інклюзіўнага навучання шукайце ў крыніцах і дадатковых матэрыялах.

Інклюзіўная адукацыя на першы погляд здаецца вельмі складаным і незразумелым пытаннем з вялікай колькасцю нюансаў. Але, калі прыглядзецца, можна заўважыць, што ў аснове інклюзіі ляжаць вельмі простыя і зразумелыя агульначалавечыя прынцыпы і каштоўнасці:

Спасылкі на крыніцы і дадатковыя рэсурсы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу і субтытрамі.


1.   Школа для ўсіх: як інклюзія ўплывае на навучанне. ForbesEducation Russia
2.   Што вам трэба ведаць пра інклюзію ў адукацыі? UNESCO
3.   “Як інклюзіўнае інтэрактыўнае асяроддзе навучання прыносіць карысць студэнтам без асобых патрэб” Сільвія Маліна Ролдан, Хесус Мараўры, Адрыяна Обер і Рамон Флеча
4.   Інклюзіўная адукацыя. UNISEF
5.   Топ-8 галоўных парад па інклюзіі для кожнага класа. Teacher Toolkit
6.   Дыферэнцыяцыя: адукацыя для ўсіх здольнасцяў. Teacher Toolkit
7.   10 інклюзіўных стратэгій для настаўнікаў. Teacher Toolkit
8.   Чэк-ліст інклюзіўнага выкладання. Teacher Toolkit
9.   “Інклюзіўнасць і культурная разнастайнасць у адукацыі” Брытанскі савет
10.  Роўнасць ці справядлівасць: як зрабіць абмеркванне больш прадуктыўным? Адукаванка
11.  Адукацыя ў стыле “неяк будзе”. Адукаванка
12.  “Навучыць немагчымаму” Барбара Оаклі, Джэй Сейноўскі і Бэт Рагоўскі
13.  Як разнастайнасць робіць нас разумнейшымі? Scientific American
14. Як зладзіць івэнт «для ўсіх»? 34mag.net
15. Стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ў НУШ: парады для настаўнікаў
16. 23 парады па дызайне і ўладкаванні вашага інклюзіўнага класа
Made on
Tilda