Як запусціць свой
анлайн курс?

Практычнае кіраўніцтва. Частка 7

Пасля таго, як вы абралі платформу, загрузілі матэрыялы, стварылі сайт і сацыяльныя сеткі, прыйшоў час запускаць курс і збіраць кліентаў.

У гэтай частцы кіраўніцтва вы даведаецеся, як стварыць анонс свайго курса, прасоўваць і рэкламаваць яго, а таксама сабраць зваротную сувязь па яго завяршэнні.

Стварэнне анонсу

Анонс курса неабходны для данясення інфармацыі пра курс да патэнцыйных кліентаў праз сайт, сацыяльныя сеткі, рэкламу і супольнасці.

Стварыць прыгожы візуальны анонс курса можна ў ужо вядомым вам сэрвісе Canva. Сэрвіс прапаноўвае мноства гатовых шаблонаў анонсаў курсаў. Вы можаце дадаць на шаблон сваё лога, змяніць колеры і відарысы.
Стварыце анонсы розных памераў для гісторый, публікацый у Instagram, Facebook і іншых сетках.
Canva дазваляе абраць шаблоны актуальных памераў.

Абавязкова дадайце на анонс спасылку ці QR-код для рэгістрацыі на курс!

Прасоўванне

Пры запуску прасоўвання і рэкламы курса пачніце з тых рэсурсаў, якія ў вас ужо ёсць - сваякі, сябры і прафесійныя супольнасці / супольнасці па інтарэсах.

Дашліце гатовы анонс курса сябрам, сваякам, калегам і знаёмым. Папрасіце пашыраць інфармацыю далей. Пэўны ўзровень даверу паміж вамі і існуючымі кантактамі павялічвае перспектывы паспяховых продажаў.

Дзяліцеся інфармацыяй пра курс у тэматычных супольнасцях у сацыяльных сетках: старонках і чатах, якія аб'ядноўваюць вашых патэнцыйных кліентаў.
Рэклама

Сёння алгарытмы сацыяльных сетак паказваюць ваш кантэнт толькі невялікаму адсотку карыстальнікаў і падпісантаў вашай старонкі. Пашырыць інфармацыю на больш шырокую аўдыторыю дапаможа рэклама.

Рэклама ў сацыяльных сетках даволі эфектыўны і недарагі варыянт прасоўвання. Кошт рэкламы, напрыклад, у Instagram пачынаецца з 1$.

Падрабязныя пакрокавыя інструкцыі па запуску рэкламы ў сацыяльных сетках можна знайсці на Tilda Education.

Email рассыланне

Дадатковым інструментам прасоўвання курса можа стаць рассыланне. Дзяліцеся з падпісантамі рассыланні карыснай інфармацыяй па тэме курса і анонсамі новых набораў. Захаваны спіс кантактаў вы зможаце выкарыстаць для запуску вашых новых праектаў у будучыні.

Галоўны сакрэт паспяховага рассылання - не прадаваць свой курс напрамкі, а ў першую чаргу шчыра імкнуцца даць карысную інфармацыю кліенту.

! Варта заўважыць, што ў адпаведны момант у вас могуць скончыцца якасныя тэмы для рассылання і яго давядзецца зачыніць ці перазапусціць.

Аўтаматызаваць рассыланне і дасылаць да 2500 лістоў 500 кантактам можна з дапамогай Mailchimp.

Збор зваротнай сувязі

Збор зваротнай сувязі - не толькі ваша магчымасць паляпшаць курс, але і каштоўны маркетынгавы інструмент.

Прасіце кліентаў пакідаць водгукі на адукацыйнай платформе, у сацыяльных сетках, пісаць пра ваш курс. З дазвалення кліентаў публікуйце іх водгукі на сайце.
Сабраць водгукі можна з дапамогай сэрвісаў апытанняў, такіх як Google Forms ці Mentimeter.

Як можна ўбачыць, сучасны доступ да тэхналогій дазваляе пачаць свой анлайн адукацыйны бізнес, не валодаючы вялікай колькасцю рэсурсаў.

Усё, што вам патрэбна, гэта ваша экспертыза, кампутар і крыху ўпартасці.

Made on
Tilda