Тэхнікі запамінання

Чаму яны працуюць і як дапамагаюць з лёгкасцю запамінаць вучэбны матэрыял?

Кевін Хорслі
Гросмайстар і рэкардсмен памяці
Гросмайстар і рэкардсмен памяці, прызёр шматлікіх спаборніцтваў па запамінанню і даследчык памяці Кевін Хорслі змог запомніць 10 000 знакаў ліку π на чэмпіянаце па памяці “Эверэст” у 1999 годзе.
Не дзіва, што любы вучань перад экзаменам жадаў бы мець такую ж выдатную памяць як Кевін і, магчыма, нават пазайздросціў бы яго выдатным здольнасцям. Выключную памяць часта лічаць прыродным талентам, але Кевін, як і іншыя чэмпіёны міра па памяці, не згаджаюцца з гэтым сцвярджэннем.

Гэта можа падацца неверагодным, але Кевін ад прыроды не валодаў добрай памяццю. Ён пакутаваў на дыслексію, меў цяжкасці з запамінаннем інфармацыі і толькі цудам скончыў школу.

Якім чынам чалавек з настолькі ардынарнымі здольнасцямі змог дасягнуць насамрэч геніяльных вынікаў у запамінанні? Кевін паставіў мэту вырашыць сваю праблему і заняўся інтэнсіўным вывучэннем памяці. Ён высветліў, што памяць чалавека не з’яўляецца прыроднай дадзенаю.

Разумеючы механізмы працы чалавечага мозгу і практыкуючы асаблівыя тэхнікі запамінання, любы чалавек можа развіць сваю памяць да абсалютна неверагоднага ўзроўню.

Тэхнікі запамінання надзвычайных аб’ёмаў інфармацыі былі вядомы яшчэ ў старажытнай Грэцыі і шырока выкарыстоўваліся прамоўцамі таго часу для запамінання кніг, навуковых тэкстаў і ўласных выступленняў. Сёння гэтыя правераныя часам інструменты дазваляюць кожнаму чалавеку значна палепшыць эфектыўнасць сваёй памяці, што безумоўна адчыняе дзверы новых магчымасцяў у навучанні і паўсядзённым жыцці.

Далей мы абмяркуем якія механізмы ляжаць у аснове тэхнік запамінання, чаму яны насамрэч працуюць, як з іх дапамогай мы можам навучыцца з лёгкасцю запамінаць любую інфармацыю і навучыць гэтаму вучняў.

Што такое тэхнікі запамінання і чаму яны працуюць?

Тэхнікі запамінання ці мнемонікі – гэта стратэгічныя прыёмы запамінання інфармацыі. Выкарыстоўваючы рыфмы, абрэвіятуры і выдатную здольнасць чалавечага мозгу да стварэння візуальных вобразаў, мнемонікі дапамагаюць захаваць у памяці вялікія аб’ёмы інфармацыі на больш доўгі час і пры неабходнасці аднавіць веды ў памяці.

З мнематэхнікамі мы знаёмы з дзяцінства. Амаль кожны ўзгадаваў колькі дзён у месяцы трымаючы рукі ў кулаках, ці запамінаў колеры вясёлкі выкарыстоўваючы першыя літары фразы.

Але ж чаму нам прасцей запомніць песню, верш ці гісторыю, а не просты набор фактаў? Існуюць некалькі прычын эфектыўнасці мнемонік.
Стварэнне візуальных вобразаў

Па-першае, у аснове большасці мнеманічных тэхнік ляжыць стварэнне візуальных вобразаў. Памяць чалавека фарміравалася і эвалюцыянавала ва ўмовах, якія значна адрозніваліся ад сучасных. Старажытнаму чалавеку няма чаго запамінаць нумары тэлефонаў і даты гістарычных падзей. Галоўным было запомніць, дзе знайсці ежу, як пазбегнуць небяспекі і як дабрацца да дому.
Мінуў час, а памяць чалавека з той пары істотна не змянілася. Як і раней, нам значна прасцей захаваць у памяці візуальныя і прасторавыя вобразы, чым наборы слоў, лікаў і формул.
Магчыма вы і самі заўважалі, як вучні за цэлую чвэрць не могуць запомніць тэарэму Піфагора, затое з лёгкасцю ва ўсіх дробязях пераказваюць усе часткі “Гары Потэра”.

Гэта адбываецца таму, што пры чытанні мастацкай літаратуры мы ствараем у галаве безліч яскравых вобразаў, якія значна прасцей захаваць у памяці, чым фактычную тэкставую інфармацыю.

Менавіта здольнасць мозгу да запамінання вобразаў выкарыстоўваюць чэмпіёны свету па памяці, што было пацверджана даследаваннем.

Навукоўцы запрасілі прызёраў спаборніцтваў па памяці і звычайных людзей у лабараторыю, каб раскрыць сакрэт іх надзвычайнай памяці. Кагнітыўныя тэсты, тамаграфія і функцыянальнае сканіраванне мозгу паказала, што чэмпіёны па запамінанню не маюць ніякіх выдатных прыродных дадзеных.


Іх мозг і кагнітыўныя здольнасці прынцыповы нічым не адрозніваюцца ад паказчыкаў іншых людзей, але, што атрымалася высветліць, падчас запамінання яны задзейнічалі іншыя структуры мозгу, чым кантрольная група. Зоны, адказныя за запамінанне вобразаў і прасторы.
a - зоны мозгу, якаія былі больш актыўны для людзей з выдатнай памяццю
b,c - зоны, актывацыя якіх адбывалася толькі для людзей з выдатнай памяццю
Уключэнне эмоцый

Такім чынам, мозг лепш запамінае інфармацыю ў выглядзе візуальных вобразаў, прычым чым больш смешнымі і недарэчнымі будуць вобразы, тым лепш яны захаваюцца ў памяці. Пры гэтым задзейнічаны аддзел лімбічнай сістэмы мозгу амігдала. Гэтая структура адказвае за ўспрыманне эмоцый і спрыяе працэсу кансалідацыі памяці, гэта значыць дапамагае працэсу пераходу інфармацыі з кароткачасовай памяці ў доўгатэрміновую.
І тут на дапамогу нашай памяці прыходзяць тэхнікі запамінання. Многія мнемонікі складзены ў выглядзе бязглуздых гісторый, жартаў ці эмацыйна афарбаваных вобразаў. Тым жа прынцыпам тлумачыцца эфектыўнасць мемаў у запамінанні вучэбнага матэрыяла.
Уключэнне інфармацыі ў сістэму існуючых ведаў

Трэцяя падстава для эфектыўнасці тэхнік запамінання – уключэнне новай інфармацыі ў сістэму існуючых ведаў. Успаміны існуюць у мозгу чалавека ў выглядзе нейронных сетак. Чым з большай колькасцю папярэдніх ведаў можа звязацца новая інфармацыя, тым прасцей яна запомніцца і тым больш доўгі час зможа захоўвацца ў памяці.
З гэтай асаблівасцю звязаны феномен, вядомы ў псіхалогіі як парадокс Бэйкера (Baker / baker paradox). У эксперыменце даследчыкі дэманстравалі падыспытным адзін і той жа фотаздымак чалавека.

Першай групе сказалі, што прозвішча гэтага чалавека Бэйкер (Baker), другой групе сказалі, што прафесія гэтага чалавека – пекар (baker). Абедзве групы папрасілі запомніць гэта слова. На англійскай мове гэтыя словы гучаць аднолькава. Адзінае адрозненне – напісанне прозвішча з вялікай літары. Такім чынам, групам трэба было ўспомніць адно і тое ж слова.

Праз два дні кожную з груп запыталі, ці памятаюць яны слова, якое іх папрасілі запомніць. Група, якой сказалі, што прафесія чалавека пекар (baker), успамінала слова значна часцей, чым група, якой сказалі, што Бэйкер (Baker) гэта прозвішча чалавека.
Як так адбываецца? Прозвішча Бэйкер (Baker) – даволі распаўсюджанае і ні аб чым не гаворыць чалавеку. Гэтае слова не вызывае ніякіх асацыяцый. Слова ж “пекар (baker)” уключаецца ў сістэму існуючых ведаў.

Кожны з нас ведае пекараў, яны смачна пахнуць свежым хлебам і носяць смешныя белыя каўпакі. Магчыма, пачуўшы слова “пекар”, вы адчулі смак духмянай выпечкі, убачылі муку на руках чалавека. Чым больш асацыяцый і ўспамінаў звязаны з інфармацыяй, якую вы спрабуеце запомніць, тым больш хутка і эфектыўна пройдзе гэты працэс.

Менавіта гэта робяць мнемонікі. У аснове кожнай тэхнікі запамінання ляжыць неабходнасць звязаць новую інфармацыю з існуючымі ведамі ў незалежнасці ад таго будзе гэта планіроўка вашай кватэры, знаёмая мелодыя, слова, фраза, ці верш.
Зачэпка пры ўспамінанні. Стварэнне сістэмы для аднаўлення інфармацыі ў памяці

Верагодна кожны з нас апыноўваўся ў сітуацыі, калі нейкая інфармацыя верціцца на кончыку языка, але ніяк не ўспамінаецца.
Часам інфармацыя, якую мы спрабуем аднавіць у памяці, прысутнічае ў доўгатэрміновым сховішчы, але не можа быць выклікана адтуль. Менавіта тут неверагодны спрыяльны эфект маюць тэхнікі запамінання.

Мнемонікі ствараюць дакладную схему, з дапамогай якой можна не толькі запомніць, але пасля і без істотных цяжкасцяў аднавіць у памяці неабходны матэрыял.

Асабліва карыснай такая якасць мнематэхнік можа апынуцца пры напісанні сачыненняў і адказе на адкрытыя пытанні тэстаў, ва ўмовах, калі ў пытанні няма шмат зачэпак для аднаўлення інфармацыі з сховішчаў доўгатэрміновай памяці.
Сістэма для паўтарэння

Акрамя ўсяго згаданага вышэй, мнемонікамі можна карыстацца як сістэмай для паўтарэння важнай інфармацыі.
Па такому ж прынцыпу, як мнемонікі дапамагаюць узгадаць інфармацыю падчас напісання тэсту ці экзамену, тэхнікі запамінання можна зручна выкарыстоўваць для рэгулярнага паўтарэння складанага матэрыялу.

Такім чынам тэхнікі запамінання працуюць на кожным з этапаў засвойвання і захавання ў памяці новай інфармацыі.

Як ствараць візуальныя вобразы?

Як было абмеркавана вышэй, адной з асноў эфектыўнасці тэхнік запамінання з’яўляецца стварэнне візуальных вобразаў. Менавіта выкарыстоўваючы візуальную памяць, чэмпіёны свету па памяці здольны запамінаць амаль касмічныя аб’ёмы інфармацыі. Для таго, каб пабудаваць найбольш эфектыўны візуальны вобраз і цалкам выкарыстоўваць патэнцыял чалавечага мозгу, варта карыстацца двума прынцыпамі.

З першым прынцыпам мы пазнаёміліся, калі абмяркоўвалі эфектыўнае выкарыстанне слайдаў на ўроках. З даследаванняў кагнітыўных псіхолагаў мы ведаем, што інфармацыя лепш засвойваецца, калі ўспрымаецца з дапамогай розных органаў пачуццяў, ці ў розных мадальнасцях.
Зрок
Слых
Смак
Пах
Дотык
Каб стварыць у памяці трывалы візуальны вобраз, які будзе захоўвацца ў доўгатэрміновым сховішчы на працягу доўгага часу, будзе эфектыўным выкарыстоўваць усе 5 мадальнасцяў інфармацыі.

Уявім, што вам неабходна запомніць нейкі факт з біялогіі пра коней. Каб трывала замацаваць гэты факт у памяці, вы ўяўляеце сабе каня ў 5 мадальнасцях:

1) Як выглядае конь?
2) Якія гукі ўтварае конь?
3) Які быў бы конь на смак, калі б вы лізнулі яго?
4) Як пахне конь?
5) Што вы адчуваеце, калі гладзіце каня?

Чым больш дэталёва вы ўяўляеце сабе вашы пачуцці, тым больш трывалы вобраз вы пабудуеце.
Другі прынцып, які дапамагае ствараць удалыя вобразы для запамінання носіць назву мнеманічны квадрат.
Нават само правіла мнеманічнага квадрату з’яўляецца мнемонікай і не дае забыць, колькі прынцыпаў яно апісвае. Гэтыя прынцыпы ўлічваюць асаблівасці ўспрымання і зводзяцца да наступных правілаў:

1) Вобразы, якія вы ствараеце павінны быць аб’ёмныя. Вы мусіце бачыць кожны аб’ект, які вы ўяўляеце ў трохмернай прасторы. Спрабуйце паварочваць аб’ект у галаве і разглядаць яго з розных бакоў.
2) Вобразы мусяць быць каляровымі. Дакладна ўяўляйце сабе колеры вобразаў, якія вы ствараеце. Гэта будзе ў значнай меры спрыяць замацаванню вобраза ў памяці.
3) Вобразы павінны быць дакладнымі. Уяўляеце і звяртайце ўвагу на кожную дробязь, якая складае ваш вобраз. Больш дыталёвыя вобразы лепей захоўваюцца ў памяці.
4) Вобразы павінны змяшчацца на далоні. Каб з лёгкасцю працаваць з вобразамі, якія вы ствараеце ў вашай ментальнай прасторы, трэба павялічваць ці памяншаць вобразы да такой ступені, каб яны маглі змясціцца на вашай далоні.

Уменне хутка і дакладна будаваць візуальныя вобразы і выкарыстоўваць іх для запамінання патрабуе практыкі. Але нават без выкарыстання спецыфічных тэхнік запамінання, візуалізацыя інфармацыі з выкарыстаннем прынцыпу 5 мадальнасцяў і мнеманічнага квадрату будзе дазваляць запомніць большыя аб’ёмы інфармацыі і трывала захаваць яе ў памяці.
Накіроўваючы вучняў у працэсе візуалізацыі вучэбнага матэрыялу падчас уроку, вы зможаце паступова навучыць іх працаваць з гэтай тэхнікай, што будзе істотна спрыяць іх навучанню ў доўгатэрміновай перспектыве.

Мы даведаліся, што такое тэхнікі запамінання і якім чынам яны працуюць. Існуе вялізарная колькасць розных мнеманічных тэхнік, нейкія з іх, такія як акронімы, абрэвіятуры і рыфмы добра знаёмы і шырока выкарыстоўваюцца вучнямі і настаўнікамі. Іншыя падаюцца больш складанымі і могуць патрабаваць дадатковага тлумачэння.

Далей мы разгледзім 2 тэхнікі запамінання, якімі яшчэ ў старажытныя часы карыстаўся Цыцэрон, а зараз карыстаюцца людзі з неверагодна развітай памяццю.

Прымяняючы гэтыя інструменты на сваіх уроках і навучыўшы вучняў імі карыстацца, запамінанне вялікіх аб’ёмаў інфармацыі больш ніколі не будзе праблемай.

Як пабудаваць палац памяці?

Адной з найбольш універсальных і эфектыўных тэхнік запамінання з’яўляецца палац памяці.

Чалавек ад прыроды валодае надзвычайна добрай візуальнай памяццю. Мы без усвядомленых намаганняў запамінаем планіроўку і размяшчэнне прадметаў у памяшканнях. Калі вы паспрабуеце ўспомніць, з якога сказу пачынаўся гэты артыкул, гэта апынецца даволі складаным, затое, вы, верагодна, без праблем успомніце, дзе размяшчаецца аддзел з садавінай і гароднінай у краме побач з вашым домам, нават калі былі там больш за тыдзень таму.

Будаўніцтва палацу памяці – гэта працэс прысвойвання прадметам, у добра знаёмым нам наваколлі інфармацыі, якую неабходна запомніць. Такім чынам можна запамінаць спісы, паслядоўнасць падзей, тэкст прэзентацый.

Пабудаваць палац памяці можна ў 5 простых крокаў:

1
Вызначце лакацыю
Выберыце любое памяшканее, з якім вы добра знаёмы. Гэта можа быць ваш дом, клас у школе, любімая кавярня ці нават мапа відэа-гульні.
2
Выберыце ключавыя прадметы
Пасля таго, як вы вызначыліся з памяшканнем неабходна стварыць спіс ключавых прадметаў, на якія вы будзеце навешваць інфармацыю для запамінання.
Такім чынам вам будзе прасцей трымаць увагу.
3
Вызначце свой маршрут
Каб запомніць інфармацыю ў неабходнай паслядоўнасці і ні на што не забыцца, неабходна вызначыцца з маршрутам.
Прыдумайце шлях, па якім вы будзеце рухацца па сваім палацы.
4
Дадайце інфармацыю
Палац пабудаваны. Нарэшце надышоў час размясціць у ім інфармацыю. Звяжыце ўсю інфармацыю, якую вам неабходна запомніць з прадметамі ў вашым палацы.

Памятайце, што інфармацыю таксама трэба размяшчаць у выглядзе візуальных вобразаў. Чым больш абсурднымі і смешнымі яны будуць, тым лепей вы іх запомніце.
5
Пабудуйце больш за адзін
Віншуем! Вы паспяхова пабудавалі палац памяці. Але што рабіць, калі вам, напрыклад, неабходна запомніць інфармацыю па розных вучэбных прадметах ці розных тэмах.

Вы можаце кожны раз карыстацца адным палацам памяці ці ствараць розныя для розных выпадкаў. Арыентуйцеся па вашых адчуваннях. 
Разгледзім працэс будавання палацу памяці на прыкладзе перыядаў палеазойскай эры: кембрый, ардавік, сілур, дэвон, карбон (ці каменнавугальны перыяд), перм.
Увечары вы вяртаецеся дадому. Вы адчыняеце цяжкія металічныя дзверы і бачыце каралеву Елізавету II, якая ўжо даўно чакае вас у пярэднім пакоі, каб павіншаваць з заканчэннем універсітэту Кэмбрыджу (кембрый).

Вы ціснеце руку каралеве, як раптам чуеце цокат капытоў пад вокнамі. Гук становіцца бліжэй і бліжэй і вось вы ўжо чуеце пах сена і пылі праз адчыненыя вокны. Вы глядзіце ў акно і бачыце, што літаральна да вашых дзвярэй пад’язджае Залатая Арда на чале з Чынгізханам (ардавік). Відаць, яны вырашылі заехаць да вас у госці.

Вы аглядаеце пакой, каб упэўніцца, што ўсё ляжыць на сваіх месцах. Ваш позірк падае на маленькі драўляны столік. На ім устройвае канцэрт музычны гурт BTS, які прыляцеў роўна з Сеулу (сілур), каб вы першым пачулі іх новую песню.

Вы набліжаецеся да століка, каб лепей разглядзець іх выступленне. Мяккі дыван (дэвон) прыемна кранае вашыя ступні, як раптам вы войкаеце і ўскакваеце ад болю. Нехта пакінуў на дыване гарачае вуголле (каменнавугальны перыяд).

На адной назе вы даскокваеце да вялікага крэсла, на ім ляжаць білеты на самалёт. Вы зусім забыліся, што праз тыдзень вы ляціце ў Перм (перм).

Такім чынам, распрацаваўшы маршрут па знаёмаму памяшканню і дадаўшы да яго яскравых вобразаў і асацыяцый магчыма надоўга запомніць вучэбную інфармацыю ў неабходнай паслядоўнасці.
Атрымаць яшчэ больш дакладнае разуменне таго, якім чынам працуе тэхніка палацу памяці можна за праглядам выступлення амерыканскага журналіста Джошуа Фоера на канферэнцыі TED, дзе ён распавядае пра свой досвед удзелу ў чэмпіянатах па памяці. Відэа даступна ў перакладзе на рускую мову.

Такім чынам, аб'ядноўваючы прадметы ў добра знаёмай вам лакацыі з матэматычнымі формуламі, гістарычнымі падзеямі ці біялагічнымі тэорыямі можна запамінаць на доўгі час любую актуальную інфармацыю, як для паўсядзённага жыцця, так і для навучання.

Аналагічна можна “чапляць” інфармацыю не да прадметаў мэблі, а да частак знаёмай вам казкі ці гісторыі, напрыклад казкі пра трох парсючкоў. У гэтым выпадку падчас аднаўлення інфармацыі замест таго каб вандраваць па пакоях палаца памяці, вы будзеце рухацца за ходам вядомай вам гісторыі.
Паспрабуйце пабудаваць палац памяці з вучнямі непасрэдна ў класе. Такім чынам вы дадзіце ім засвоіць новую тэхніку запамінання адначасова з важным вучэбным матэрыялам.

Метад вешалак

Другая тэхніка запамінання называецца метад вешалак і зводзіцца да навешвання інфармацыі на спецыяльна распрацаваны лічбава-літаравы код.

Кожнай лічбе ад 0 да 9 вы прысвойваецца нейкае слова, якое выклікае ў вас асацыяцыю з гэтай лічбай. Вы можаце выкарыстоўваць гатовы код, ці распрацаваць яго самастойна.

З адным з прыкладаў такога коду вы можаце азнаёміцца ніжэй.

Прыклад коду для метаду вешалак

  • 0 - абаранак
    Па форме лічбы
  • 5 - далонь
    Па колькасці пальцаў
  • 1 - аловак
    Па форме лічбы
  • 6 - мяШок
    Ш – першая літара назвы лічбы
  • 2 - змяя
    Па форме лічбы
  • 7 - клюшка
    Па форме лічбы
  • 3 - хуткая дапамога
    Па нумары тэлефона 103
  • 8 - снегавік
    Па форме лічбы
  • 4 - стул
    Выглядае, як перавёрнутая лічба 4
  • 9 - рыбацкі кручок
    Па форме лічбы
Пасля таго як вы распрацавалі ці запомнілі гатовы код вы можаце выкарыстоўваць яго для запамінання любой актуальнай інфармацыі.

Асабліва зручна выкарыстоўваць яго для запамінання лічбаў. Напрыклад, каб запомніць год першага летапіснага ўпамінання Мінску.

Мінск упершыню згадваецца ў летапісах падчас бітвы на рацэ Нямізе ў 1067 годзе. Выкарыстоўваем код, каб скласці вобраз даты гэтай гістарычнай падзеі.
Уяўляем сабе раку, а праз яе, нібыта мост, перакідваецца аловак. Па алоўку каціцца вялікі і духмяны абаранак і трапляе дакладна ў мяшок. На гэтым беразе ракі, побач з мяшком, стаіць Усяслаў Чарадзей з хакейнай клюшкай. Князь б'е клюшкай па мяшку і ён ляціць у паветра, а абаранкі разлятаюцца ва ўсе бакі. Цяпер вы верагодна ніколі не забудзеце, што Мінск быў упершыню згаданы ў 1067 годзе.

Аналагічна можна запамінаць дакладныя паслядоўнасці фактаў, характарыстык паняццяў ці падзей.

Пераўтварыўшы інфармацыю ў візуальныя вобразы і ўяўляючы сабе невялічкую гісторыю вы выкарыстоўваеце найбольш моцныя бакі нашай памяці.
На першы погляд падаецца, што такі падыход да запамінання інфармацыі не мае сэнсу. Няўжо не прасцей проста зазубрыць неабходныя даты і тэрміны? Гэта падаецца менш складаным, чым распрацоўка кодаў, палацаў, складанне рыфмаў і гісторый. Магчыма немэтазгодна выкарыстоўваць іх самім і распавядаць пра іх вучням.

Сапраўды, калі мэта вучня – здаць іспыты і назаўсёды забыцца на ўсё, што ён вывучаў, выкарыстанне мнемонік не будзе мець сэнсу. Выкарыстанне тэхнік запамінання накіравана на фарміраванне доўгатэрміновых ведаў, якія застануцца з вучнем на доўгі час.
Выкарыстанне мнемонік патрабуе практыкі і намаганняў, але паступова працэс стварэння візуальных вобразаў і гісторый будзе займаць усё менш і менш часу, пакуль не стане амаль што цалкам аўтаматычным.

Навучанне вучняў тэхнікам запамінання – гэта доўгайграючая інвестыцыя ў іх акадэмічныя поспехі, якая акрамя паляпшэння памяці дазволіць развіць крэатыўнасць і вобразнае мысленне.
Тэхнікі запамінання – гэта не цуд, які зробіць вас гросмайстрам памяці адразу пасля таго, як вы пра іх даведаліся. Гэта стратэгіі, якія дазваляюць вучыцца ў поўнай меры выкарыстоўваць патэнцыял памяці, на які здольны мозг чалавека.

Спасылкі на крыніцы:

Карыстайцеся пашырэннямі для аўтаматычнага перакладу і субтытрамі.


1.   Кніга Кевіна Хорслі “Бязмежная памяць”
2.   Як лёгка запомніць інфармацыю за 3 мінуты і назаўжды? Відэа блог Анастасіі Кей 
3.   Cognition 7th Edition, Gabriel A. Radvansky. Спазнанне 7-ае выданне, Габрыэль А. Радванскі
4.   Як лепш засвайваць інфармацыю? Відэа блог Bookademy
5.   Джошуа Фоер: Хітрасці памяці, на якія здольны кожны, выступленне на TED (у перакладзе на рускую мову)
6.   Магуайр Э., Валентайн Э., Уілдинг Дж., Шляхі да запамінання: мозг, які стаіць за выдатнай памяццю. Артыкул у часопісе Nature
7.   Мнематэхнікі. Артыкул на 4brains
8.   Мнематэхніка ў адукацыі: сучасныя даследаванні і іх прымяненне Адам Л. Патнэм
Made on
Tilda