Чаму так мала людзей праходзяць анлайн курсы да канца?

Што рабіць аўтарам курсаў і навучэнцам, каб адукацыя сапраўды прыносіла карысць?

Мы жывем у эпоху, калі веды сталі даступны кожнаму чалавеку як ніколі раней. Буйныя платформы, універсітэты, школы, кампаніі і індывідуальныя адукатары прапаноўваюць безліч платных і бясплатных анлайн курсаў, якія дазваляюць навучыцца чаму заўгодна ад бізнес-працэсаў і IT да вязання і будаўніцтва не выходзячы з дому.
Крыніца: сэрвіс Canva
Анлайн курсы дазваляюць пашырыць кругагляд, атрымаць новыя прафесійныя магчымасці, развіваць сваю сетку кантактаў і нават цалкам змяніць кар’еру. Сёння анлайн праграмы навучання нічым не саступаюць, а часам нават перавышаюць, якасць афлайн курсаў. Асобныя папулярныя платформы-правайдары анлайн курсаў маюць дзясяткі мільёнаў карыстальнікаў. У перыяд з 2011 па 2021 год колькасць навучэнцаў адкрытых анлайн курсаў вырасла з 300 000 да 220 мільёнаў чалавек.

Аднак, нягледзячы на шырокі выбар і відавочную карысць анлайн курсаў, толькі невялікі адсотак навучэнцаў сапраўды праходзіць іх да канца. Як адзначае ў адным з сваіх інтэрв’ю генеральны дырэктар аднаго з буйнейшых правайдараў анлайн курсаў Coursera Джефф Маджіанкальда, толькі 10% навучэнцаў праходзіць бясплатныя курсы Coursera да канца. Для платных курсаў гэты паказчык – 60%.

Іншыя крыніцы прыводзяць яшчэ больш непрыемныя дадзеныя. У 2019 годзе навукоўцы Масачусецкага інстытуту тэхналогій (MIT) адзначылі, што толькі менш за 4% навучэнцаў скончылі распачатыя анлайн курсы, якія прапаноўваюцца такімі ўніверсітэтамі як Гарвард і MIT на платформе edX у перыяд з 2017 па 2018 год.

Болей за тое, 52% навучэнцаў, якія зарэгістраваліся на адкрыты анлайн курс па статыстыцы так ніколі яго і не адчыняюць.

Ці мае значэнне колькасць людзей, якія праходзяць курс да канца?

Completion rate (ступень завяршэння) – адзін з асноўных паказчыкаў для ацэнкі ўцягнутасці кліентаў у анлайн курс, які паказвае адсотак навучэнцаў, які ў выніку паспяхова прайшоў курс да канца.

Не заўжды навучэнцы першапачаткова ставяць перад сабой задачу прайсці курс цалкам. Гнуткасць анлайн курсаў часта дазваляе навучэнцам выбарачна засвоіць актуальныя тэмы без неабходнасць праходзіць увесь курс.

Кліенты набываюць курс не дзеля таго, каб атрымаць інфармацыю, а каб дасягнуць пэўных вынікаў.
Пытанні ўзнікаюць не тады, калі вашы кліенты дасягаюць жаданых вынікаў без неабходнасці праходзіць курс да канца, а калі яны не атрымоўваюць гэтыя вынікі праз іншыя прычыны. Такімі прычынамі часта становяцца страта матывацыі, недавер да экспертызы выкладчыка, памылкі пры выбары курса.

Кінуты курс не толькі перашкаджае навучэнцам у дасягненні жаданых вынікаў. Кліент, які кінуў навучанне застаецца незадаволеным і прыгнечаным. Такі кліент з меншай верагоднасць пакіне водгук, распавядзе пра курс у сацыяльных сетках, парае яго калегам і сябрам, вернецца для праходжання іншых курсаў, якія вы прапаноўваеце.

Згодна з даследаваннем аналітычнага агенцтва ICRA, якое было праведзена ў снежні 2022 года, 63,64% супрацоўнікаў беларускіх кампаній карыстаюцца парадамі калег і знаёмых пры выбары анлайн курсаў.
Такім чынам, высокі адсотак навучэнцаў, якія не праходзяць курс да канца, пазбаўляе аўтараў курсаў аднаго з самых эфектыўных інструментаў яго прасоўвання і продажу.

Дадатковым фактарам, які робіць колькасць навучэнцаў, якія даходзяць курс да канца істотнай, - эмацыянальны стан адукатара. Нізкія паказчыкі праходжання курсаў могуць стаць істотнай перашкодай для аўтара курсаў, стаць прычынай няўпэўненасці ў сваіх кампетэнцыях.

Чаму навучэнцы кідаюць курсы, якія пачалі?

Ёсць мноства прычын, па якім навучэнцы кідаюць курсы, на якія зарэгістраваліся ці нават аплацілі. Як ні дзіўна, адна з прычын – адсутнасць першапачатковага намеру праходзіць курс.

Кожны дзень кожны чалавек знаходзіцца ў бясконцым патоку інфармацыі. У такіх умовах часта развіваецца FOMO (fear of missing out ці ў перакладзе страх прапусціць магчымасць). Сіндром FOMO часта ўзнікае і ў адукацыйным асяроддзі.
Безліч курсаў даступны сёння 24/7 з любой кропкі свету дае магчымасць выбару, але ў той жа час можа стаць крыніцай вялікага стрэсу.

Крыніца: сэрвіс Canva
У імкненні ахапіць неахопнае навучэнцы рэгіструюцца на курсы і аплачваюць іх без дакладнай мэты і сапраўднага жадання прайсці навучанне да канца. Так навучэнцы курсаў не толькі марнуюць свой час і грошы, але і павышаюць свой фонавы ўзровень стрэсу. Незавершаны курс так і застаецца ў спісе не закрытых праектаў і нявыкананых заданняў, стварае адчуванне “я нічога не паспяваю”, якое з часам становіцца толькі мацней.

Сярод іншых прычын адзначаюць страту матывацыі, неапраўданыя чаканні ад курса, недахоп часу на яго праходжанне, немагчымасць дагнаць групу пры праходжанні курса ў выпадку адставання.

Прычын можа быць бясконцае мноства. Самыя распаўсюджаныя былі адзначаны ў апытанні беларускіх супрацоўнікаў агенцтвам ICRA.

Асноўнай прычынай, па якой рэспандэнты кідалі распачатыя курсы стала тое, што праграма курса не адпавядала чаканням. Такую прычыну адзначылі 36,36% апытаных. Сярод іншых папулярных прычын: нізкая якасць адукацыйных матэрыялаў і загружаны працоўны графік.

Крыніца: Вынікі апытання “Анлайн навучанне”, праведзенага агенцтвам ICRA

У незалежнасці ад фактараў, якія вымушаюць навучэнцаў кідаць распачатыя анлайн курсы існуе шэраг прынцыпаў, якія могуць дапамагчы навучэнцам захаваць матывацыю, а аўтарам ствараць адукацыйныя курсы, якія навучэнцы будуць з лёгкасцю праходзіць да канца і шчыра раіць сваім калегам і знаёмым.

Сумесная праца аўтараў курсаў і іх навучэнцаў – шлях да дасягнення жаданых вынікаў у навучанні.

Што рабіць аўтарам курсаў, каб навучэнцы праходзілі курсы да канца?

Як было адзначана раней, стварыць усе ўмовы і дапамагчы навучэнцам прайсці курс да канца не толькі дапамагае аўтарам курсаў гарантаваць сваім кліентам сапраўдныя вынікі ад навучання, але і важна для паспяховых продажаў і эфектыўнага прасоўвання курса.


Акрамя відавочна высокай якасці курса, буйныя адукацыйныя карпарацыі і эксперты індустрыі прыводзяць наступныя прынцыпы, якія могуць дапамагчы вам стварыць курс, які навучэнцы будуць з задавальненнем праходзіць да канца.

1. Ва ўсіх падрабязнасцях апішыце свой курс.

Асноўная прычына, па якой навучэнцы не праходзяць курс да канца, – курс не адпавядае чаканням. Пазбегчы такой сітуацыі можна шляхам падрабязнага апісання праграмы курса, яго мэт, раскладу, патрабаванняў і ўмоў атэстацыі.
Навучэнцы мусяць дакладна разумець, якіх вынікаў яны дасягнуць па завяршэнні курса. Колькі часу будзе займаць навучанне і якія тэмы ахопліваць.

Прасачыце, каб апісанне вашага курсу села адказы на наступныя пытанні:

· Дні і час урокаў
· Тэхнічныя патрабаванні да курса (абсталяванне)
· Спіс модуляў і ўрокаў з мэтамі і асноўнымі задачамі
· Чаму кліенты навучацца па заканчэнні кожнага модуля і курса цалкам?
· Ці можна здаць заданне пасля тэрміну?
· Якія ўмовы атэстацыі / атрымання сертыфікату?
· У якіх выпадках можна вярнуць грошы?
· Што рабіць у выпадку хваробы?
· Спіс урокаў па канкрэтных датах
· Тэрміны, здачы практычных заняткаў
· Даты, калі адчыняюцца і зачыняюцца модулі
· Даты атэстацыі (калі ёсць)
· Як доўга будуць даступны матэрыялы курса?

Чым больш дакладнае і падрабязнае апісанне курса вы прапаноўваеце, тым менш расчараваных кліентаў будзеце мець і тым больш мэтавую аўдыторыю будуць збіраць вашы курсы.

Пойдзе на карысць правядзенне невялічкіх серый “пытанне - адказ” у сацыяльных сетках ці на старонцы курса за нейкі час да старту праграмы, дзе ўсе зацікаўленыя змогуць удакладніць незразумелыя моманты.

Пазначайце пытанні, якія часта ўзнікаюць у вашых кліентаў і дадавайце адказы на іх у апісанне курса.

2. Ацэньвайце папярэдні досвед навучэнцаў.

Ацэнка папярэдняга досведу навучэнцаў дапамагае пазбегнуць памылковых рэгістрацый на курс. Выбар занадта складанага ці занадта простага курсу – частая прычына расчаравання навучэнцаў у праграме.

Па дадзеных Coursera, навучэнцы амаль на 15% часцей даходзяць да канца курсаў больш базавага ўзроўню ў параўнанні з прасунутымі курсамі. Эксперты звязваюць такое назіранне з тым, што навучэнцы пераацэньваюць свае веды і магчымасці пры рэгістрацыі на курс і ў выніку навучанне становіцца дужа складаным для іх.

Крыніца: сэрвіс Canva
Ацэнка папярэдняга досведу дапамагае аўтарам курсаў знайсці сваю мэтавую аўдыторыю, пазбегнуць вялікай розніцы ў досведзе і ведах навучэнцаў пры навучанні ў групах, быць упэўненым, што на курс запішуцца тыя навучэнцы, для каго ён будзе сапраўды актуальным.
Для ацэнкі папярэдняга досведу навучэнцаў вы можаце стварыць форму самаацэнкі, уваходнае тэсціраванне ці зрабіць першы пробны ўрок адкрытым і бясплатным для кожнага.

Абавязкова апішыце патрабаванні для паспяховага навучання на вашым курсе:

·     Які папярэдні досвед мусяць мець навучэнцы?
·     Якое абсталяванне патрэбна для навучання?
·     Якімі папярэднімі ведамі трэба валодаць?
·     Ці ёсць патрабаванні па ўзросце?

Шчыра кажыце кліентам, калі ваш курс не зусім для іх падыходзіць. Парайце такім навучэнцам іншыя адукацыйныя магчымасці, якія прапаноўваеце вы ці вашы калегі і партнёры. Такі падыход прадэманструе, што в з адказнасцю ставіцеся да навучання на сваім курсе і шчыра клапоціцеся пра поспехі, час і грошы вашых кліентаў.

3. Стаўце дакладныя дэдлайны і ўмовы праходжання курса.

Гнуткасць – галоўная перавага анлайн навучання і яго галоўная рызыка. Свабодны графік, які прапаноўвае большасць анлайн курсаў дазваляе ўбудаваць навучанне нават у самы шчыльны расклад. Аднак варта заўважыць, што поўная адсутнасць тэрмінаў здачы заданняў і завяршэння курса пазбаўляе навучэнцаў знешняй матывацыі своечасова выконваць заданні.

Спакуса да бясконцасці адкладаць заданні на потым, адставанні ад тэмпу курса і групы ў выніку могуць прывесці да таго, што чалавек кіне навучанне.

Навучэнцы часта жаляцца на недахоп часу для праходжання курса, аднак на самой справе гэта не заўжды так. У якасці эксперыменту Coursera у адказ на скаргі кліентаў на недахоп часу прапанавала навучэнцам бестэрміновы доступ да адукацыйных матэрыялаў курсу, аднак у выніку толькі 10% чалавек усё ж такі прайшлі курс.

Крыніца: сэрвіс Canva
Імкніцеся да балансу паміж гнуткасцю курсу і яго абмежаваннямі. Гэта дапаможа прапанаваць навучэнцам усю свабоду анлайн навучання і ў той жа час не падштурхоўваць іх да пракрасцінацыі, бясконцага адкладання заданняў на потым. Нагадвайце навучэнцам пра тэрміны праходжання матэрыялаў і здачы заданняў і абавязкова прапаноўвайце падрабязны расклад курса.
4. Не перагружайце курс

Генеральны дырэктар Coursera адзначае, што часцей навучэнцы праходзяць да канца больш кароткія курсы.

Акрамя працягласці курсу, важнае значэнне мае аб’ём інфармацыі, які складае адзін урок. Перагружанасць курса новай інфармацыяй дэматывуе навучэнцаў і можа прывесці да жадання кінуць навучанне, а вялікія модулі і блокі інфармацыі падаюцца страшнымі і непрыступнымі.

Пазбегнуць перагрузкі дазваляюць прынцыпы мікранавучання. Пры гэтым на засваенне кожнага асобнага блока інфармацыі ў навучэнца мусіць затрачвацца не больш за 20 хвілін. Аналагічны прынцып варта ўжываць для лекцый і дамашніх заданняў.

Падрабязней пра мікранавучанне па спасылцы:
Адукацыя будучыні
Працяг
Аптымальная працягласць відэа-лекцыі для анлайн курса – 3-12 хвілін!
5. Узаемадзейнічайце з навучэнцамі.

Аўтар вядомых кніг па тэматыцы анлайн навучання Аарон Джонсан у сваёй кнізе “Выдатнае дыстанцыйнае навучанне” заўважае, што лепшае рашэнне праблемы наведвання ўрокаў анлайн – пастаянная прысутнасць выкладчыка ў адукацыйным працэсе. Звычайна курсы з самым высокім наведваннем – гэта курсы, у якія выкладчыкі ўцягнуты больш за ўсё.

З’яўляйцеся на запісах відэа-лекцый, уключайце камеру пры правядзенні сінхронных заняткаў, своечасова адказвайце на пытанні навучэнцаў у чатах і прапаноўвайце ім зваротную сувязь. Гэта дапаможа стварыць матывацыйную атмасферу ў рамках вашага курса.

Прапаноўвайце дапамогу навучэнцам, якія па нейкай прычыне адстаюць ад праграмы. Часам простыя пытанні, такія як “Як у цябе справы?”, “Можа патрэбна парада ці дапамога?”, здольны дапамагчы чалавеку вярнуцца ў навучанне і зноў далучыцца да групы.

Фінансавая матывацыя
EdTech кампаніі таксама актыўна карыстаюцца фінансавай матывацыяй для падтрымкі сваіх навучэнцаў.

Так анлайн моўная школа Lingoda ладзіць марафоны па вывучэнні замежных моў. Кліенты абяцаюць наведваць заняткі па вывучэнні мовы кожны дзень ці кожны другі дзень на працягу 2 месяцаў.

Навучэнцы, якія паспяхова спраўляюцца з выклікам атрымоўваюць 100% (пры наведванні заняткаў кожны дзень) ці 50% (пры наведванні заняткаў кожны другі дзень) кэшбэк.
Што рабіць навучэнцам, каб не кінуць курс?

Асноўная доля адказнасці за вынікі навучання ў любым выпадку ляжыць на плячах самога навучэнца. Каб не марнаваць свой час і грошы, варта адказна падыходзіць і да працэсу выбару курсу, і да самога навучання.

1. Адзначце для сябе дакладную мэту навучання.

Эксперты, якія займаюцца даследаваннем анлайн навучання адзначаюць наяўнасць дакладнай мэты прахаджэння курса як адзін з асноўных крытэрыяў, які абумоўлівае шанцы навучэнца прайсці курс да канца.

Па статыстыцы навучэнцы часцей праходзяць да канца курсы, накіраваныя на прафесійнае развіццё, атрыманне новай пасады ці змену прафесіі.

98% навучэнцаў паспяхова скончваюць анлайн праграмы атрымання ўніверсітэцкіх ступеней.

Сярод навучэнцаў Coursera, якія навучаюцца бясплатна, але ў рамках карпаратыўнай праграмы, 50% праходзяць курсы да канца.

Такім чынам мэта навучання – адзін з мацнейшых фактараў матывацыі.

Перш чым запісацца на курс, падумайце, а лепш запішыце адказы на наступныя пытанні:

· Навошта я хачу прайсці гэты курс?
· Якіх вынікаў я чакаю па заканчэнні гэтага курса?
· Як гэты курс дапаможа мне дасягнуць маіх прафесійных ці ўласных мэт?

Такі падыход дапаможа карэктна падысці да працэсу выбару курса і эфектыўна размеркаваць свой час і энергію пад час навучання.

2. Стварыце сабе расклад заняткаў

Мноства анлайн курсаў праходзяць у асінхронным фармаце ці прадугледжваюць самастойную працу ў выглядзе выканання дамашніх заданняў ці праектаў.

Ва ўмовах адсутнасці пэўнага раскладу заняткаў існуе спакуса да бясконцасці адкладаць праходжанне ўрокаў і выкананне заданняў на потым. Кожны раз вы будзеце занадта занятымі, стомленымі ці не матываванымі для навучання.
Крыніца: сэрвіс Canva
Каб пазбегнуць такой сітуацыі варта стварыць сабе дакладны і падрабязны расклад заняткаў і рэгулярна яго прытрымлівацца. Акрамя таго, што расклад дасць вам магчымасць зразумець, калі дакладна вы мусіце вучыцца, ён дапамагае мозгу загадзя падрыхтавацца да ўспрымання новай інфармацыі.

Уважліва азнаёмцеся з праграмай курса перш, чым на яго запісацца. Паспрабуйце рэалістычна ацаніць свае магчымасці.

Зрабіць расклад можна як на паперы, так і ў любой праграме для планавання. Шматлікія адукацыйныя платформы сёння прапаноўваюць функцыю аўтаматычнай загрузкі раскладу заняткаў у ваш каляндар на тэлефоне.

3. Стварыце сабе асяроддзе для навучання

Камфортная атмасфера для навучання можа мець моцны ўплыў на вашы шанцы паспяхова скончыць курс. Абярыце сабе месца для праходжання модуляў і анлайн урокаў. Гэта мусіць быць зручнае, ціхае месца, дзе нішто не будзе забіраць вашу ўвагу.

Мозг чалавека вельмі хутка будуе асацыяцыі паміж асяроддзем і пэўным заняткам. Від ложку імгненна рыхтуе вас да сну, тэлевізар да прыемнай вячэры за праглядам фільму, а спартыўная зала да трэніроўкі.

Крыніца: сэрвіс Canva
Пазбягайце непрадуктыўных заняткаў, такіх як прагляд сацыяльных сетак, у месцы, дзе вы збіраецеся вучыцца. Лепш за ўсё каб ваша вучэбнае месца было адведзена выключна пад навучанне.

4. Будзьце актыўнымі пад час курса

Даследаванні адзначаюць прамую ўзаемасувязь паміж актыўнасцю навучэнцаў у чатах, форумах і на жывых занятках і верагоднасцю, з якой яны пройдуць курс да канца.

Навукоўцы з універсітэту Экстэру ў Вялікабрытаніі параўналі, студэнтаў, якія ні разу нічога не пісалі на формах анлайн курсу і ў чатах і студэнтаў, якія пакідалі як мінімум 1 каментар па любой тэме (нават проста давалі ведаць аб нейкай тэхнічнай складанасці). Было заўважана, што сярод “актыўных” навучэнцаў 70% прайшлі курс да канца. Сярод “ціхіх” навучэнцаў – толькі 32%.

З аднаго боку, актыўнасць у чатах і на занятках – гэта сведка ўцягнутасці навучэнца ў курс. Але таксама, актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе з’яўляецца крыніцай матывацыі сам па сабе.
Крыніца: сэрвіс Canva
Адказвайце на пытанні вашых калег, уключайце камеру пад час заняткаў і задавайце пытанні. Так навучанне стане больш прыемным і прынясе значна больш карысці.

5.   Звяртайцеся за дапамогай, калі яна патрэбна

Калі вы раптам адчулі, што губляеце матывацыю вучыцца ці сутыкаецеся з цяжкасцямі ў працэсе навучання, звярніцеся за дапамогай і парадай да выкладчыка курса ці вашых аднакурснікаў.

Чым хутчэй вы агучыце праблему, тым хутчэй вы зможаце атрымаць падтрымку і вярнуцца ў працэс навучання.


Анлайн адукацыя назаўжды змяніла тое, як мы ўспрымаем навучанне. Зрабіўшы адукацыю даступнай для кожнага чалавека ў любы час і ў любой кропцы свету, мы пачынаем лёгка брацца за новыя курсы, і так жа лёгка кідаць навучанне.

Аднак, сумеснай працай і адказным стаўленнем да навучання аўтараў анлайн курсаў і іх кліентаў мы можам атрымоўваць максімальную карысць ад адукацыйных магчымасцей, якія існуюць сёння.


Made on
Tilda