Адукатары больш не будуць патрэбны?

Як ChatGPT змяняе сучаснасць і будучыню адукацыі?

Апошнія некалькі месяцаў сусветная акадэмічная суполка перапаўняецца спрэчкамі пра новую нейрасетку, якая ў фармаце дыялогу можа адказаць на пытанне, напісаць код, рашыць матэматычную задачу, ці нават напісаць дыплом па менеджменту і знайсці працу.
Расійскі студэнт падзяліўся ў Twitter сваім досведам абароны дыпломнай работы, напісанай ChatGPT.

Крыніца: vc.ru
ChatGPT напісаў рэзюмэ, выканаў тэставае заданне і знайшоў мне працу.

Крыніца: vc.ru
Калі вы не сядзелі апошнім часам у пячоры, то ўжо здагадаліся, што гаворка пойдзе пра ChatGPT. Здольнасці ChatGPT не на жарт напужалі адукатараў па ўсім свеце. Штучны інтэлект дазваляе за некалькі секунд справіцца з такімі задачамі, як напісанне сачынення, аналіз твора ці падзеі, выкананне тэсту ці лабараторнай работы.

Пры добрых фармуліроўках інструкцый, чат-бот без складанасцей вырашае амаль любую акадэмічную задачу. Болей за тое, ChatGPT можа даць маментальную дэталёвую зваротную сувязь па ўжо гатовай працы навучэнца, якую б за гэты час не даў аніводны настаўнік.

Які ўплыў новая тэхналогія будзе мець на адукацыю? Ці будзе адукацыя існаваць у звыклай для нас форме? Забараніць тэхналогію ў адукацыйных інстытутах ці актыўна карыстацца яе магчымасцямі?

Меркаванні спецыялістаў раздзяліліся.

Што такое ChatGPT?

ChatGPT
  • G
    generative
  • P
    pre-trained
  • T
    transformer
Даслоўна з англійскай перакладаецца як генератыўны папярэдне падрыхтаваны трансфарматар.

Гэта чат-бот са штучным інтэлектам, распрацаваны кампаніяй OpenAI і даступны бясплатна ў бэта-версіі з канца лістапада 2022 года. Простымі словамі, гэта штучны інтэлект, якому можна задаваць пытанні і даваць задачы ў дыялогавым акне і атрымоўваць разгорнутыя адказы. Толькі за першыя 5 дзён пасля запуску чат атрымаў 1 мільён карыстальнікаў.

З якімі праблемамі і рызыкамі ўжо сутыкнулася адукацыя?


Прадказальна, галоўнай апаскай многіх адукатараў стала як ніколі раней высокая рызыка плагіяту сярод навучэнцаў. У хуткім часе пасля папулярызацыі чату, з’явіліся праграмы, здольныя вызначаць тэксты, напісаныя Chat GPT. Назіраецца своеасаблівая гонка вынаходлівасці выкладчыкаў і навучэнцаў. Адны вучацца вынаходзіць падман, а другія спрабуюць зноў і зноў абыходзіць абмежаванні.

Некаторыя навучальныя ўстановы ўжо паспелі забараніць доступ да ChatGPT, але відавочна, нішто не замінае навучэнцам карыстацца чатам дома, ці нават у межах навучальнай установы са сваёй прылады ці скарыстаўшыся VPN.

На гэтым фоне шматлікія выданні ўжо паспелі зрабіць моцныя заявы, што ChatGPT знішчыў сам канцэпт дамашняй работы і што сённяшнія навучэнцы будуць вымушаны выконваць усе заданні ў класах пад пільным вокам выкладчыкаў.

Крыніца: The Atlantic

Але ж такая пастаноўка пытання змяшчае фокус увагі з рэальнай праблемы. Лін Рамер з Універсітэта Саймана Фрэйзера ўздымае пытанне, якое не можа не ўзнікаць:

“Ці могуць навучэнцы выкарыстоўваць інструменты штучнага інтэлекту для "махлярства"? Можа быць. Але ці мусім мы ацэньваць студэнтаў універсітэтаў і каледжаў за настолькі трывіяльную працу, што бэта-версія вялікай моўнай мадэлі можа лёгка атрымаць высокую адзнаку?”
Відаць, што не. Такім чынам, штучны інтэлект не стварыў новую для адукацыю праблему, а хутчэй зрабіў відавочным застарэлае пытанне, якое ігнаравалася навучальнымі ўстановамі на працягу многіх год.

Рашэнне адносна таго, як адносіцца да ChatGPT у кантэксце спісвання, прапаноўвае Кевін Руз у сваім артыкуле ў The New York Times. Да канца навучальнага года Руз прапаноўвае адносіцца да Chat GPT у адукацыі так, як мы адносімся да калькулятараў. Імі дазволена карыстацца пры выкананні некаторых заданняў і забаронена пры выкананні іншых. Пры гэтым выкладчыкі разумеюць, што калі за навучэнцамі не назіралі, яны верагодна маглі імі карыстацца.

Пад час летніх канікул, выкладчыкі будуць мець магчымасць пераглядзець свае навучальныя планы і зрабіць адпаведныя змены: замяніць тэсты групавымі абмеркаваннямі, прадугледзіць праверку ведаў у класе, змяніць фокус заданняў з простага ўзнаўлення інфармацыі на творчасць і лагічнае мысленне.

Крыніца: Janosch Delcker/DW
Адукатары занепакоены не толькі сумленнасцю навучэнцаў, але і ўласным становішчам у сістэме адукацыі. Навошта ўвогуле патрэбна прафесія адукатара, калі ёсць інструмент, здольны растлумачыць любую тэму і даць якасную зваротную сувязь па любой тэме хутка і якасна?

Можна пагадзіцца, што задача адукатара агучваць інфармацыю хутка сапраўды будзе цалкам выконвацца штучным інтэлектам і іншымі тэхналагічнымі інструментамі. Пры гэтым важна адзначыць, што адукатар заўжды мусіў з’яўляцца нечым большым, чым аўдыакнігай і чарговай крыніцай інфармацыі.

Такім чынам, разам з трансфармацыяй сістэмы адукацыі, ChatGPT запусціў працэс пераасэнсавання ролі адукатара ў навучальным працэсе.

Ці варта панікаваць?


Калі лічбавая прастора ўзрываецца апаскамі, што ChatGPT трансфармуе адукацыю, зробіць навучанне ў звыклым нам сэнсе непатрэбным, а таксама знішчыць шырокі спектр прафесій ад распрацоўшчыкаў і стваральнікаў кантэнту да адукатараў, мімаволі падкрадаюцца трывожныя думкі.


Але ці ёсць сапраўдныя падставы для панікі?

Крыніца: LinkedIn
Часам можа падацца, што для ChatGPT няма нерэальных задач. Але панікаваць пакуль рана. Можна адзначыць цэлы шэраг пытанняў, у якіх на сённяшні дзень ChatGPT не можа замяніць чалавечы розум.

Асноўная праблема ChatGPT – прычынна-выніковыя ўзаемасувязі. Варта разумець, што інструмент не можа рабіць уласных высноў, прадказваць будучыя крокі на падставе прапанаваных дадзеных ці будаваць нетрывіяльныя лагічныя ланцугі. Чат выдатна адольвае задачу выдачы існуючай інфармацыі, але ён не можа генерыраваць свае ўласныя думкі і рабіць высновы.

У адрозненні ад чалавека, ChatGPT у размове вядзе сябе пасіўна. Інструмент не імкнецца ўдакладніць задачу, задаць дадатковае пытанне карыстальніку, вынайсці рашэнне праблемы.

Адсутнасць уласцівай чалавеку цікаўнасці становіцца прычынай памылак і некарэктна выкананых заданняў. Гэтую праблему абмяркоўвае ў відэа на TED-Ed прафесар Сцюарт Расэл, якім мы ўжо дзяліліся з вамі ў адным з папярэдніх матэрыялаў.
Эксперты, якія ўжо мелі магчымасць актыўна папрацаваць з ChatGPT, заўважылі, што штучны інтэлект можа станавіцца крыніцай дэзінфармацыі. Часам чат проста выдае ілжывыя факты і тлумачэнні, у асаблівасці, у больш вузкіх галінах ведаў. Уласцівасць чату выдаваць інфармацыю назапашаную ў свеце без яе крытычнага аналізу не рэдка вядзе да прапагандысцкіх, расісцкіх і прадузятых наратываў.

Такім чынам, Chat GPT можна даволі дакладна параўнаць з другім пілотам:
"Гэта як другі пілот: ён можа быць вельмі карысным, напрыклад, своечасова абазначыць праблему або ўзмацніць, але кіраваць самалётам усё ж такі мусіце вы".

Антон Скрыпнік, CЕО кампаніі KindGeek

Крыніца: Forbes

Што датычыцца адукацыі, на сённяшні дзень ChatGPT сам па сабе дакладна не зможа замяніць адукатараў, курсы і адукацыйныя інстытуты. Але, нельга не адзначыць, што такія тэхналогіі непазбежна вымусяць нас пераасэнсаваць адукацыйны працэс і ролю адукатара ў ім.

Якія магчымасці для адукацыі адчыняе ChatGPT?

Разам з апаскамі і нявызначанасцю Chat GPT нясе шмат новых магчымасцяў для адукацыі.
Штучны інтэлект паспяхова выконвае задачы на пошук і “прыгадванне” інфармацыі, у той час, як крытычнае мысленне, творчасць і складаныя лагічныя мадэлі – з’яўляюцца яго слабымі бакамі.

Падобна таму, як пандэмія падштурхнула адукацыю да актыўнага ўжывання тэхналогій, можна чакаць, што Chat GPT паскорыць трансфармацыю адукацыі ад мадэлі завучвання і запамінання фактаў да крытычнага мыслення, аналізу інфармацыі, крэатыўнасці і шырокага мыслення – тых кампетэнцый, пра якія шмат ідзе гаворка ў адукацыйнай суполцы, але якія пакуль так і не сталі агульнапрынятым адукацыйным стандартам.
Крыніца: The New York Times
AI таксама можа стаць своеасаблівым адукацыйным дапаможнікам, як для адукатраў, так і для навучэнцаў, што можа паспрыяць росту эфектыўнасці працэсу навучання.

ChatGPT можа быць персанальным рэпетытарам для навучэнцаў, які прапаноўвае першапачатковую зваротную сувязь, адказвае на базавыя пытанні, дапамагае з пошукам інфармацыі і тым самым дазваляе выкарыстоўваць каштоўныя гадзіны працы з настаўнікам максімальна эфектыўна.

Чым больш руцінных навучальных задач возьме на сябе штучны інтэлект, тым больш глыбокім і крэатыўным будзе станавіцца адукацыйны працэс у фізічным ці віртуальным класе. Тое ж самае будзе датычыцца прыватных курсаў, праграм павышэння кваліфікацыі, карпаратыўнага навучання.

Кантактныя гадзіны з выкладчыкам будуць станавіцца ўсё больш каштоўнымі. Нельга не ўлічваць магчымасць, што навучанне з жывым выкладчыкам стане ў нейкай ступені элітарнай паслугай.

Асноўная апаска адносна выкарыстання ChatGPT навучэнцамі датычыцца напісання тэкстаў і актуальнасці гэтага навыку ва ўмовах на столькі бурнага развіцця тэхналогій. Амерыканская настаўніца з 14-гадовым досведам Аманда Вернер паразважала на гэтую тэму ў сваім блогу, які таксама даступны ў фармаце падкасту.

Па меркаванні Аманды, ChatGPT не проста не знішчыць культуру пісьмовых заданняў у адукацыйных установах, а нават наадварот – дапаможа ўсім навучэнцам пісаць больш якасныя і асэнсаваныя тэксты.

ChatGPT здольны даваць прамежкавую зваротную сувязь, правяраць граматыку і пунктуацыю, прапаноўваць структуру будучага тэксту. Такім чынам, штучны інтэлект можа ўзяць на сябе тэхнічным аспекты пісьма, а таксама прапанаваць падтрымку ў працэе напісання, напрыклад, пазбавіць ад страху чыстага аркушу.

Такім чынам, фокус у адукацыі змясціцца з тэхнічных момантаў пісьма на яго крэатыўны аспект. Больш месца вызваліцца для творчага падыходу да напісання тэкстаў.

Нават слабыя бакі Chat GPT могуць быць выкарыстаны ў адукацыйных мэтах: спрачацца з чатам, выкарыстоўваць яго, як удзельніка навучальнай дыскусіі, шукаць памылкі і ўдакладняць адказы штучнага інтэлекту. ChatGPT адчыняе шмат новых магчымасцяў для выкарыстання тэхналогіі як у класе, так і пры выкананні самастойных заданняў.

З боку адукатараў, ChatGPT здольны зняць частку нагрузкі з выкладчыка. Адукатары могуць знайсці яго карысным для планавання заняткаў і лекцый, даванне зваротнай сувязі навучэнцам. Чат можа дзяліцца з адукатарамі і экспертамі новай, актуальнай інфармацыяй і, такім чынам, стаць каштоўным інструментам для кожнага, хто імкнецца заставацца ў курсе ўсіх інавацый і навін сваёй індустрыі.

Высновы

Сёння нельга сказаць дакладна, да якіх змен у адукацыі і свеце прывядзе распаўсюджанасць тэхналогій штучнага інтэлекту. Гэта пакажа толькі час. Можна колькі хочацца спрачацца пра станоўчыя і адмоўныя бакі выкарыстання ChatGPT і іншых тэхналогій у навучанні, але варта ўсвядоміць, што, у незалежнасці ад нашага з вамі жадання, гэтыя тэхналогіі ўжо сталі часткай рэальнасці.

Падабаецца нам гэта, ці не, але сучасныя навучэнцы будуць выходзіць з навучальных устаноў у свет, неад’емнай часткай якога будзе штучны інтэлект. Задача глабальнай адукацыйнай сістэмы – не ігнараваць гэты факт, а падрыхтаваць навучэнцаў да гэтай рэальнасці.

Made on
Tilda